Ксенія Ільінічна Шталенкова - Губернскі дэтэктыў. Справа аб крывавых дукатах стр 15.

Шрифт
Фон

 Гэта дукат. Бачыш вось тут лічбы «1592»? Гэта год, калі ён быў адчаканены. А вось на гэтым баку «SIGIII», імя ўладара, відаць Зыгмунта III.

 А, дык гэта польскі кароль? страпянулася панна Пракшына, зірнуўшы на фігурку ў панцыры іншымі вачыма. Але адкуль у Штэйна такая старажытная манета?

 Вось гэта мяне і цікавіць. Малападобна, каб наш Людвіг Восіпавіч быў аматарам нумізматычнай навукі. Дый падобныя hobbies[32] патрабуюць немалых грашовых выдаткаў. Хіба што атрымаў у спадчыну? Але ад каго?

 Выбачай мне, daddy, але ж, па маім сціплым меркаванні, гэта далёка не адзіная магчымасць зажыцца золатам.

 Слушны аргумент, Джынні, пагадзіўся татухна. Аднак я папрашу цябе пакуль не спяшацца з высновамі. Відаць, тут усё зусім не проста. Падазраю, гэта не адзіная манета, што мае дачыненне да справы. Спадзяюся, размова са Штэйнам дазволіць нешта высветліць.

Канстанцін Мікалаевіч ужо разважаў, ці высушыла кароткачасовае зяўленне сонейка размоклую дарогу, каб патрапіць у Ашмяны сёння, аднак, калі яны выйшлі з флігеля, на вуліцы зноўку сыпаў дробны дождж. Вырашыўшы, што яго дачка дастаткова загартаваная, каб не марнаваць час на непатрэбныя перачаканні на мейсцы злачынства, пан Пракшын скамандаваў зрабіць невялічкую прабежку да маёнтка, дзе іх мусіла чакаць утульная гасцёўня з працепленым камінам. Калёсы разам з натапыраным Дзятлікавым і яго памагатымі якраз адязджалі з двара.

Цяпер панна Пракшына і яе татухна, пераапрануўшыся ў сухое, сядзелі ў фатэлях і грэлі настылыя ногі ў мядніцах, час ад часу падліваючы гарачую ваду, а таксама цешачыся чарговай порцыяй гарбаты. Круціўся тут і Тэдзі, якога нядаўна выкупалі ды нават намагаліся расчасаць, з прычыны чаго pies стаўся ў два разы пульхнейшы праз мноства пасмачак, што закруціліся ў яго поўсці. Замест гарбаты ён намагаўся папіць наўпрост з мядніцы, аднак Яўгенія Канстанцінаўна, адставіўшы філіжанку, пасадзіла сабаку сабе на калені і ўзяла ў рукі невялічкі грабянёк, каб усё ж такі надаць гадаванцу прыстойны выгляд. Тым часам татухна засяроджана хмурыўся і наяўна вёў у думках няпростую дыскусію з самім сабою. Іх знаходка ляжала на невялічкім століку паміж фатэлямі ды паблісквала, весела адбіваючы святло агню ў каміне.

Канстанцін Мікалаевіч у чарговы раз узяў дукат ды пачаў круціць у пальцах.

 Што ж мы будзем цяпер рабіць? асцярожна спытала яго дачка.

Пан Пракшын пакруціў галавой ды абурана вымавіў:

 Ну што я магу зараз зрабіць? Лесапілка стаіць, наладка механізмаў спынена, без Штэйна справа не прасунецца і мы змарнуем цяперашнюю замову. Як вынік страцім грошы і надзейных customers[33]. Калі, вядома, я не паспрабую ўмяшацца ў следства ды не займуся ўласнаручна ўсталёўкай, пакуль адвакат будзе хадайнічаць. Дарэчы, трэ будзе даць яму тэлеграму

Яўгенія Канстанцінаўна акругліла вочы, дзівячыся татухнавым рэзалюцыям. Як можна зараз думаць пра business, калі справа тычыцца забойства ды выяўлення матываў гэнага страшнага злачынства!

 Я, між іншым, зусім не пра гэта, тактоўна сказала панна Пракшына Яна знарочыста спыніла позірк на дукаце, які дагэтуль заставаўся ў татухнавых руках.

 Ах, вось ты пра што! Пабачу Штэйна ды распытаю, адмахнуўся Канстанцін Мікалаевіч, аднак, адзначыўшы непрыхільныя змены ў абліччы дачкі, дадаў: Калі цябе так цікавіць зяўленне дуката ў інжынерскім флігелі, то няхай, напішу графу Чапскаму. Усё ж ты маеш рацыю, Джынні: гэтая манета пакуль наш адзіны доказ і, магчыма, яна шмат пра што можа распавесці. А каму, як не графу, ведаць пра гэта, усё ж некалькі гадоў таму ён выдаў кнігу якраз па польскіх манетах. Сам я не разбіраюся ва ўсіх тонкасцях гэтага, ён узважыў на далоні дукат, перыяду, то, сапраўды, дашлю ліст. Спадзяюся, граф не пагрэбуе даўнім знаёмствам.

Задаволеная тым, што здолела скіраваць татухнавы разважанні ў рацыянальнае, як ёй падавалася, рэчышча, Яўгенія Канстанцінаўна хацела была працягнуць абмеркаванне дэталяў, якія маглі б выявіць яшчэ якія-небудзь схаваныя пакуль бакі справы. Аднак пан Пракшын рашуча спыніў следчыцкія парывы дачкі. Самалюбства дзявіцы было крыху ўшчэмлена, яшчэ і Тэдзі прыхапіў за палец на знак помсты за не самае пяшчотнае расчэсванне.

Ну і добра, яна сама ва ўсім разбярэцца пасля dinner[34] панна Пракшына мела на мэце ўзняцца ў пакой, які ёй звычайна адводзілі падчас гасцяванняў у бабуліным маёнтку, ды дбайна апісаць у сваім нататніку ўсё, што яна сёння пабачыла, а пасля трошкі паразважаць ды супаставіць асобныя факты. Магчыма, ёй выпадзе нават нарысаваць табліцу, каб не выпусціць з памяці ніводнай дробязі. Даядаючы салодкі гарбузовы пірог, які Ганна Юреўна згатавала па модным амерыканскім рэцэпце, Яўгенія Канстанцінаўна меркавала, колькі слупкоў змесціцца ў яе падарожнай кніжачцы. Але ж татухна, які заўважна палагоднеў пасля смачнага пачастунку, насуперак усім планам панны Пракшыной, прапанаваў закласці банчышка.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Популярные книги автора