Хлюдзінскі пачуваўся так, быццам яго нечакана перакінулі нейкай дзівоснай тэхнічнай прыладай з адной рэальнасці ў іншую. Не мог, не мог ён сабе ўявіць, што вось так побач суіснуюць вершы пра заводы з бурапеннай лілёвасцю і гэты акварэльны вершы пра восень-румзу, а таксама медна-чаканныя шэкспіраўскія радкі. І як жа гэта было хораша!..
Ён расказваў гэта Валянціне па дарозе дадому: сёння яна ішла да яго, каб застацца на ноч. І Антон дзякаваў ёй за прыўкрасны вечар, і цалаваў яе ў прыадтуленыя палкія вусны, і адчуваў, што гэтая жанчына разумее яго амаль з паўслова.
А потым яны кахаліся ў яго дома, камечачы прасціны.
Антон браў у далоні мяккія жаночыя грудзі, прапускаючы паміж указальным і сярэднім пальцамі напятыя чырванаватыя смочкі, і сціскаў іх, быццам хацеў напоўніць свае рукі толькі гэтым дарункам жаночага цела. Потым яго рукі працягвалі сваё падарожжа па выгінах і акругласцях гэтай фігуры такой знаёмай і кожны раз новай.
Гэтым разам Валянціна стрымала яго рукі, не дапусціўшы да ўлоння:
Пачакай, дай сёння волю мне!
Што такое? Антон разгубіўся, не ведаючы, як паводзіцца. Ён пачуваўся няёмка, быццам саплівы гімназісцік, які ўпершыню апынуўся сам-насам з жанчынай і не ведае, куды дзець рукі і вочы.
Тым часам Валянціна кульнула яго на спіну, села зверху, і гарачы шэпт прашалахцеў яму ў вуха:
Ляжы і не буянь!
У жаночым голасе можна было без цяжкасці пачуць усмешку.
Мужчына падпарадкаваўся і адчуў, як жаночыя вусны прайшліся па яго грудзях, спусціліся на жывот, але і там не затрымаліся
Калі Антон нарэшце супакоіўся і адчуў, што пад ім не пух райскіх аблокаў, а звычайны зямны ложак, ён набраў у лёгкія паветра і спытаў крыху асіплым голасам:
Што гэта такое было?
Валянціна лашчылася да яго марцовай коткай і толькі што не вуркатала задаволена:
Мілы мой, цяпер жа не старыя часы, жанчына цяпер не толькі аб'ект, але і суб'ект кахання. А калі так, то я таксама маю права на ініцыятыву. І на роўнасць у ложку маю права
Голас яе гучаў салодкай спакусай, якая адначасова адбірала ў Антона спакой і гаіла душэўныя раны.
Калі яны, ужо стомленыя, засыналі побач, Хлюдзінскі пагладзіў мяккае далікатнае жаночае плячо:
Валя, пераходзь да мяне. Што ж ты жывеш на два дамы
Валянціна адгукнулася не адразу. Але калі жанчына загаварыла, то ў голасе яе гучала нотка раздражнення:
А чаму гэта я павінна сыходзіць? Думаеш, мне дужа кепска жыць на два дамы? Ці ты вырашыў ашчаслівіць мяне, да сябе паклікаўшы? Дык ты не думай я за сябе сама магу пастаяць. Вы, мужыкі, думаеце, што ўсё павінна быць дзеля вашага задавальнення. І ты такі ж! Ты мяне спытаўся, ці хачу я пераходзіць да цябе?
Валянціна абурана адвярнулася і засапла. Антон нясмела паспрабаваў пагладзіць яе плячо, якое белай плямай расплывалася ў начным змроку, але жанчына толькі тарганула плечуком, быццам адганяючы назолістую муху.
10 траўня 1926 года, панядзелак, раніца
Хлюдзінскі зранку ішоў у свой музей.
Свята-Пакроўская царква (якая ў часы ўніятаў-базыльянаў насіла імя Апекі Божай Маці) стаяла ў самым цэнтры горада: адкуль бы ні ішоў здалёк бачыў яе стромы сілуэт, які цяпер чапляў рэдкія ранішнія ружаватыя аблокі сваімі званіцамі. Гэтыя строгія абрысы напаўнялі душу музейшчыка спакоем, абяцалі яму, што ўсё будзе добра, што праблемы і клопаты любога дня гэта марнасць марнасцяў, пыл зямны ў параўнанні з мураваным харалам, узнесеным на беразе нешырокай Аршыцы.
Працавалася яму ў панядзелак добра, хоць Антон і не любіў справу, якой мусіў займацца з самай раніцы: напісаў планы, якія патрабавала начальства, распісаў графікі меркаваных паездак па наваколлі ў пошуку музейных экспанатаў.
Пісаніна нарэшце скончылася, Хлюдзінскі прамакнуў атрамант на апошнім запоўненым аркушы і з насалодай пацягнуўся, не падымаючыся з крэсла. Акуратна выцер пяро асадкі і адклаў яе ўбок.
Дзень стаяў сонечны, надвор'е проста вабіла, заклікала да сябе, і Антон няспешна выйшаў на ганак, каб крыху адпачыць ад надакучлівых паперак.
Выйшаў і спыніўся: перад ганкам сабралася купка людзей. Няшмат чалавек з дзесяць. Было заўважна, што, пабачыўшы Хлюдзінскага, яны на паўслове спынілі ўсе размовы, якія вялі да гэтага. У таўставатай жанчыны, якая стаяла пасярод грамады, дагэтуль быў прыадкрыты рот, быццам паўза нечаканым лязом перацяла яе фразу на сярэдзіне. Яе сусед, нестары яшчэ мужчына ў цёмнай камізэльцы, застыў з рукой, якая чухала галаву пад кепкай.