Зміцер Дзядзенка - Вялікая пралетарская сэксуальная рэвалюцыя стр 10.

Шрифт
Фон

Мачуга нязграбна перакуліўся на правы бок, каб стрымаць пратэст вантробаў. З сярэдзіны вырваўся цяжкі ці то хрып, ці то ўздых, і гэты павеў не рассеяўся ў паветры: на яго шляху апынулася жаночая галава.

Канстанцін адчуў радасць, але раптам зразумеў, што галава гэтая не ягонай жонкі, не Валянціны. Рудыя кудзеры на падушцы ніяк не маглі належаць Валі, бо яе чорныя доўгія валасы ніяк не маглі за ноч ператварыцца ў гэтыя кароткія рудыя завіткі.

Мужчына няўцямна глядзеў перад сабой, стрымліваючы млосць, якая не спяшалася здаваць заваяваныя пазіцыі. Думка пра тое, хто гэтая жанчына побач з ім, пульсавала ў галаве далёкай зоркай часам праяўляючыся, а потым зноў сыходзячы ў нейкую далёкую імглу.

Тым часам патрывожаная яго рухамі жанчына таксама павярнулася, і Канстанцін пазнаў Лідачку, сакратарку будаўнічага трэста, якая нярэдка заходзіла ў гаркам з дакументамі і даручэннямі.

Яна глядзела на Мачугу сытымі кашэчымі вачыма, у якіх блішчэла радасць валодання. Пагладзіла яго па няголенай шчацэ, а потым зморшчыла свой носік, калі чарговы гарачы выдых з мужчынскага рота накрыў яе. Па гэтым інстынктыўным руху Лідачкі Канстанцін зразумеў, што ад яго моцна нясе перагарам, але сораму не адчуў.

Жанчына паднялася з ложка, і стала відаць, што спала яна зусім голая. Бессаромна круцячы клубамі, быццам у нейкім танцы, музыку якога чуе толькі яна, Лідачка нетаропка пайшла па пакоі. Нават зацягнула была нейкую песню, але Мачуга спыніў яе.

 Не трэба! выпхнуў ён кароткую фразу праз нібыта апечаную гартань, праз язык, які нейкімі нябачнымі сталагмітамі прырос да нёба, і праз сасмяглыя непаслухмяныя вусны.

Лідачка перастала спяваць, але не спыніла свой бессаромны голы танец па пакоі. Датанцавала да вакна, нечым там забулькала, пасля чаго пайшла назад.

Яе грудзі пагойдваліся насустрач Канстанціну, а жывот быццам пасміхаўся яму. Але позірк мужчыны мог засяродзіцца толькі на адным: у жаночай руцэ, якая набліжалася да яго, была конаўка з расолам. Яго водар вабіў Мачугу, абяцаючы ратаванне ад усіх хворасцяў на свеце. Прынамсі, ад тых, якія мучылі яго тут і цяпер.

Лідачка мылася недзе за шырмай, адтуль было чуваць плёханне вады, а Канстанцін ляжаў на яе ложку і спрабаваў узгадаць, як апынуўся тут. Ён памятаў, як Васіль Кашэль з гаркама прапанаваў яму ўвечары пайсці разам адпачыць. На заўвагу Мачугі, што яшчэ толькі панядзелак і неяк рана стамляцца, Кашэль тоненька захіхікаў:

 Калі адпачываць толькі пасля стомы, дык атрымаецца адпачываць удвая радзей.

У высокага і мажнога Кашаля голас быў надзіва сіплаваты і высокі зусім не адпаведны яго фігуры. Можа быць, думаў Мачуга, вусы, якія навісалі над верхняй губой гаркамаўскага работніка, працавалі як сіта прапускалі толькі высокія ноты.

Адсмяяўшыся, Кашэль працягнуў з цынічнай усмешкай:

 Мы з табой на адказнай працы, а гэта лічы як на перадавой. На першай лініі барацьбы за сусветную рэвалюцыю! Ты на перадавой калі адпачываў толькі калі стомішся? Ці тады, калі была магчымасць? Сам жа ведаеш: ёсць магчымасць адпачываеш, бо пра час наступнага адпачынку не ведаеш. Словам, я вечарам цябе забяру. Ты ж увечары нікуды не спяшаешся?

Канстанцін нікуды ўвечары не спяшаўся: іх жыццё з Валянцінай усё менш нагадвала сямейнае, а ўсё больш нейкае суседскае. Таму спяшацца да гэтай ужо амаль чужой жанчыны яму не было ніякага рэзону. І ўвечары яны пайшлі адпачываць. Памяць паслужліва падказала Мачугу, што спярша яны сядзелі ў рэстаране гатэля «Эрмітаж» на Мінскай, 6. На невысокай сцэне граў аркестр, і чарнявая спявачка ў чырвонай ядвабнай сукенцы саладжавым голасам тужліва спявала пад акампанемент скрыпкі і раяля:

Купіце, койфтчэ, койфтчэ папіросн
Трукэнэ фун рэгн ніт фаргосн
Койфтчэ білік бэнэмонэс
Койфтчэ гот ойф мір рахмонэс
Ратэвэт фун гунгер міх ацынд.

Песня «Папяросы», наколькі ведаў Мачуга, распавядала пра цяжкую долю габрэйскага сіраты. Круглы твар спявачкі, аднак, не дазваляў уявіць яе сіратой, якая просіць міласціну.

 Што будзеце замаўляць? ветліва запытаўся ў іх над галовамі афіцыянт з прылізанымі валасамі.

 Перш, вядома, гарэлачкі графінчык, Кашэль пачаў ужываць ласкальныя суфіксы, быццам ад гэтага станавіліся меншымі замоўленыя порцыі ды не такой відавочнай станавілася прага да смакавання ежы і проста абжорства. Парсючок запечаны ёсць? Давайце яго. А рыбка?

 Селядзец найсвяжэйшы, афіцыянт дагодліва схіліўся, вочы яго блішчэлі разуменнем.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3