Ад пасажыраў аўтобуса жанчына даведалася: позняй восенню ў санаторыі, які, між іншым, насіў гучную назву «Срэбнае возера», амаль ніхто не адпачывае, затое панаехала са сталіцы багата кіношнікаў усё ж заводу прыбытак. У гэтым задзяўбаным «Срэбным возеры» насамрэч не выявілася ніводнага вольнага нумара. Дзве ночы жанчына правяла на цвёрдай, як зямля, канапцы ў кабінеце адміністратаркі, і за тое дзякуй.
За суседнім столікам моцна нафарбаваная кабета, падобная да крэмавага пірожнага з тэрмінам прыдатнасці, які сканчаўся, натрэніравана вохкала, а яе няголены кавалер у пакамечанай кашулі, не забываючы падліваць сабе і ёй шампанскага, напаўголасу агучваў дэталі злачынства. Кажуць, пасля ўсяго задушылі ейным жа шалікам Ды ты не тармазі, Анатольна, бачыш, пойла выкіпае. Кабета-пірожнае слухала з прагнай цікавасцю. Змрочна пасміхнуўшыся і праводзіўшы позіркам пакамечанага з ягоным крэмавым дэсертам, жанчына з кубачкам кавы падумала, што зараз яны пойдуць у нумар, каб заняцца адно адным, і гэтая гісторыя дадасць перчыку іх млявым адчуванням. Злосць яе, зрэшты, адносілася не да парачкі, а да таго тамлення ўнізе жывата, якое адчула яна сама, уяўляючы аголенае маленькае цела і жоўты, бы расплаўлены бурштын, мёд
Раптам у рэстаран увайшоў ён, у тым самым сінім касцюме. Пастаяў крыху і накіраваўся да суседняга століка, з якога афіцыянтка паспешліва прыбірала рэшткі «пойла» і пустую бутэльку. Гэта быў не раўнуючы падарунак Мойраў, і жанчына сказала сабе: зараз. Дзеля мужа, дзеля дзіцятка, якое ты калі-небудзь народзіш Яна пачакала крыху і расціснула пальцы. Кубак разбіўся акурат там, дзе было патрэбна: ля ягоных ног, абутых у модныя скураныя чаравікі. Ён, што зробіш, быў вымушаны ўстаць, тое ж зрабіла яна і нібыта бездапаможна абаперлася на спінку адсунутага ім крэсла.
Прабачце
Усё ў парадку. У мяне раптам закружылася галава
Ён паглядзеў на яе ўважліва і прапанаваў прысесці за ягоны столік. Было няёмка за штучную банальнасць уласных паводзін; але ён падтрымаў гульню, а значыць, можна было працягваць.
Вам лепей?
Усё яшчэ не, дзякуй. Ведаеце, мяне ўсхваляваў расповед пра тое злачынства Яна ўбачыла ў яго пукатых вачах зацікаўленасць дай божа, каб прафесійную і, смялеючы з кожнай сякундай, а можа, проста сіл больш не было трымаць у сабе сваю ганебную таямніцу расказала яму, незнаёмаму чалавеку, славутасці, аўтару некалькіх дзясяткаў навуковых прац (у якіх шмат чаго гаворыцца пра дапамогу жанчынам), расказала тое, чаго не ведаў пра яе ніхто.
У рэстаран увалілася група кіношнікаў, шумна запатрабавала ежы і выпіўкі. Суразмоўца мякка прапанаваў жанчыне падняцца да яго ў нумар напэўна, яна ўсё ж здолела зацікавіць яго як пацыентка. А можа, ён стаміўся дзяліць пакой са сталай жыхаркай гасцініц нудой.
У прасторным пакоі «люкса» на століку мігцеў экран ноўтбука, побач на сподачку ляжалі лекі. Надоечы адміністратарка расказала жанчыне: «прафесар» зусім, ну зусім не упатрэбляе, бо некалькі год таму перанёс ці то інфаркт, ці то інсульт і клапоціцца пра сваё здароўе. Праз адчыненыя дзверы спальні жанчына ўбачыла ахайна засланы ложак. Яна прысела на канапу, яе візаві размясціўся ў нізкім глыбокім фатэлі і чамусьці стаў распавядаць, як часта пацыенткі пераносяць на яго ўласныя перажыванні, якія ён з іх выцягвае. Вытрасае, як смецце з меха пыласоса. Да таго ж, жанчыны нярэдка закохваюцца ў сваіх псіхолагаў ну, гэта агульнавядома. І тады яму даводзіцца іх ад сябе адвучаць. Ён так стаміўся, што вырашыў некалькі год адпачыць ад тэрапіі: толькі кафедра і навуковыя даследваніі, больш нічога. Яна не папоўніць шэрагі ягоных паклонніц, усміхнулася жанчына, няхай ён не турбуецца. Яна не істэрычка. Са свайго боку, яна шчыра спадзяецца, што цікавасць шаноўнага спадара да яе застанецца ў межах прафесійнай. Яна ніколі ні да каго не звярталася са сваёй праблемай. Спрабавала сама сабе дапамагчы, наведвала лекцыі, хацела нават вывучыцца на псіхолага, але прыйшла да думкі, што гэта будзе несумленна ў адносінах да тых, хто звернецца да яе па дапамогу.
А вось тут вы памыляецеся, голас у яго мяккі ды салодкі, ён абвалаквае мозг, як ягады чаромхі язык і паднябенне, у дзяцінстве яна любіла сарваць спелую гронку з буйнымі, цёмна-чырвонымі касцянкамі, пакласці ў рот і, лёгенька сціскаючы губамі чарашок, выцягнуць голую зялёную сцяблінку. Перарабіць сябе наўрад ці магчыма, а навучыцца кантраляваць цалкам Але не будзем губляць час.