Уладзіслаў Ахроменка - Музы і свінні стр 5.

Шрифт
Фон

І тут містэр Ланскі рашуча адстаўляе арыфмометр, распускае вузел гальштука, адкідаецца ў фатэлі і мружыцца кудысь у празрыстую далечыню.

Гэта ён чалавек без роду і племені? Гэта ў яго, Шушланоўскага-Сачаўлянскага, няма ані родных магілаў, ані дарагіх сэрцу ўспамінаў? Ды яго родная Гародня ў сто разоў лепшая за нейкае там сранае Палерма!

Мафіёзі налівае сабе паўнюткую, як вока, чарку, куляе нагбом. Мружыцца, запальвае цыгару, зноў налівае, прыгадвае дзяцінства. Мілая халупа на ўзбярэжжы шумнацечнага Нёмана, бар-міцва старэйшага брата, найсмачнейшы ў свеце гефельтэ-фіш у выкананні цёці Хасі А якая ў Гародні прыгожая Харальная сінагога з суворым рабі Мардэхаем! Цікава, жывы яшчэ той стары поц?

Па гангстэрскай шчацэ паволі спаўзае самотная празрыстая сляза, і пяшчотныя аблокі сантыменту здрадніцкі ахутваюць закарэлую душу. І Меер нарэшце разумее, што чарнадупыя сіньёры сапраўды маюць рацыю. А яшчэ разумее, што было б вельмі дарэчы ўцерці насы тае басоце-галоце. Ён шчоўкае пальцамі, і ў офісе нібы з паветра матэрыялізуюцца двое маладых людзей ў модных капелюшах і доўгіх шэрых плашчах. Вельмі дасведчаныя гангстэры, хаця, канешне, свае браты-аіды.

Аіды яны аіды, але ўжо новай, амерыканскай фармацыі. Ідышу саромеюцца, да сінагогі не ходзяць. Нават імёны свае перайначылі на амерыканскі капыл: Майкл і Сэм.

Ланскі дастае з сейфа дарагі скураны кейс, ставіць на стол.

 Джэнтльмены, Коза Ностра даручае вам вельмі адказнае, але далікатнае заданне. Заўтра выпраўляецеся ў Стары Свет, у горад Гародню. У тамтэйшай Харальнай сінагозе ёсць такі рабі Мардэхай. У гэтым кейсе дзесяць тысяч даляраў. Аддайце яму гэтыя грошы і скажыце, што іх у знак павагі прыслаў маленькі Меер. Хай сінагогу адрамантуе. А то што пра нас людзі падумаюць?

 Гародня?  перапытваецца гангстэр Майкл.  А гэта дзе, у Румыніі ці ў Сібіры?

 А Мардэхай тамтэйшы мафіёзі?  прыкідае гангстэр Сэм.  Гародня горад у Польшчы. Мардэхай рабі ў сінагозе. А вы, калі будзеце задаваць залішнія пытанні, скончыце сваю жыццё ў Іст-Рывер,  добразычліва абяцае Ланскі. Усё зразумела?

 Усё зробім у лепшым выглядзе, бос!  абодва гангстэры выцягваюцца струмка.  «Мэшын-ганы» з сабой браць?

 Ша, джэнтльмены!  рухам дасведчанага шынкара асаджвае Меер.  Навошта вам там зброя?

 А можа таго містэра Мардэхая хто пакрыўдзіў Дык мы хуценька! Мы ж не толькі за гешэфт працуем, але і з-за любові да мастацтва!

 Не трэба ў маёй Гародні шухер наводзіць. Кейс толькі аддайце і сюды. І не забудзьцеся сказаць, што гэта, маўляў, ад маленькага Меера! Чакайце, чакайце Фальшаваныя пашпарты і грошы на прадстаўнічыя выдаткі возьмеце ў Яшы Гузіка, майго менеджэра ў Нью-Йорку!

Наступным днём чыкагскія мафіёзі выпраўляюцца ў Стары Свет. А дарога чакае няблізкая. Параходам да Гамбурга, адтуль цягніком да Берліна, адтуль да Варшавы, і толькі з Варшавы да Гародні.

Прыязджаюць містэр Майкл і містэр Сэм на месца, селяцца ў найлепшым гатэлі на Раскошы. І думаюць-маракуюць: што ж гэта за такі страшны аўтарытэт, той рабі Мардэхай, калі сам Меер Ланскі яму плаціць, ды яшчэ такую суму?!

А дзесяць тысяч баксаў на тыя часы шалёныя грошы. Кошт модных скураных чаравікаў на Манхэтане адзін даляр. Прадстаўнічы браніраваны «лінкольн», на якім сам прэзідэнт Гувер катаецца крыху даражэй за трыста. За тысячу даляраў можна набыць шыкоўнае бунгала ў Фларыдзе. А ўжо за дзесяць тысяч не тое, што Харальную сінагогу адрамантаваць усіх гарадзенскіх паліцыянтаў можна скупіць, усю Дэфензіву, дый яшчэ на маршалка Сейма застанецца!

І вось гангстэры са скураным кейсам, набітым далярамі, знаходзяць гарадзенскую Харальную сінагогу, а ў ёй рабі Мардэхая. Сімпатычны такі дзядок з доўгай сівой барадой, у шырокім чорным капелюшы і зашмальцаваным лапсердаку. Ну проста прарок Самуіл у крэсовым фармаце! Глядзіць гэты крэсовы Самуіл на заморскіх гасцей і добразычліва так кажа:

 Шалом, панове чыкагскія гангстэры! Шчыра вітаю пана Майкла! Вельмі рады бачыць пана Сэма! Вы да мяне ад пана Меера Ланскі?

 Так,  разгублена пацвярджаюць чыкагскія гангстэры.

 Гэта ў каторага цёця Хася на Пярэспе жыла і з нёманскага шчупака самы смачны гефэльтэ-фіш гатавала?  на бездакорным местачковым ідыш удакладняе рабі Мардэхай.  Памятаю, памятаю такога І вы што, хочаце сказаць, што гэты шлімазл заахвяраваў на нашую Харальную сінагогу дзесяць тысяч даляраў?

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3