Размова доўжыцца да самае ночы, але ані стратэгія, ані тактыка далейшага жыцця нешта не выпрацоўваюцца. Нават каньяк не ідзе так і застаецца ў пляшцы.
А Васіль Ісакавіч тым часам вельмі хутка засвойваецца ў элітнай «Маскве». З вясковай непасрэднасцю шчыкае за дупы маладых пакаёвак. Гаспадарчым вокам прыглядаецца да багатага гатэльнага рыштунку маўляў, а як гэта можна ў пушчах Палесся скарыстаць? І ўвесь час нешта патрабуе і патрабуе. У адміністратаркі чайнік, у пакаёўкі мыла, у заўгаса анучы на парцянкі Але ж сам, паскуда сквапная, ніколі нікому нічога не дае, нават калі нейкую драбязу просяць. Увесь гатэль бачыў, як адзін заслужаны генерал ў старога прыкурыць папрасіў, дык Талаш яму адразу: «Смалы табе з каланіцы! Свой агонь трэба мець!..»
Гатэльны люд паглядае на народнага мсціўцу ніякавата. Але запярэчыць баіцца. Усе разумеюць: адно слова ўпоперак і зухаваты дзядок іх проста па сценцы размажа. А яшчэ разумеюць, што з такім народам нам аніякія акупанты не страшныя. Гэта сёння паляшук нашаму генералу ў агні адмовіў. А што будзе, калі ў яго прыхадзень-фрыц запатрабуе «млека-яйкі-шнапс»? Хана ўсяму Вермахту
Тым часам партызан засвойвае новыя тэрыторыі. У нумары ён нудзіцца. А таму штораніцы сядае ў сваіх этнаграфічных трантах проста на ганак «Масквы», распальвае люльку і аглядае краявіды. На Манежнай, акурат насупраць гатэлю, стаіць міліцыянт-рэгуліроўшчык ў доўгім скураным плашчы. І з кожным разам гэты міліцыянт цікавіць дзядка ўсё больш і больш.
Нарэшце Васіль Ісакавіч выбівае люльку аб ганак, падымаецца і рашуча ідзе да рэгуліроўшчыка.
Слухай, сынок, мружыцца паляшук на крамлёўскую сцяну. Мне сказалі, што за гэтым зубчастым плотам сам таварыш Сталін жыве. Дык скажы яму, што я вельмі хачу з ім сустрэцца!
Таварыш Сталін цяпер сапраўды ў Крамлі, падкрэслена ветліва адказвае праінструктаваны міліцыянт. Але цяпер ён моцна заняты. Так што ідзі лепш, Васіль Ісакавіч, у свой нумар!
Ат, заўсёды так: служы пану верна, дык ён табе пердне! разгублена выдыхае стары. І ўсё ж, як пабачыш таварыша Сталіна дык перадай маю просьбу!
Наступным днём у ганка гатэля «Масква» спыняецца доўгі чорны легкавік, з каторага выходзіць двое чэкістаў тых самых, якія і прывезлі Васіля Ісакавіча ў гатэль. Твары ў іх суворыя і засяроджаныя. Сінхронна трапляючы ў нагу, чэкісты нетаропка падымаюцца сходамі на чацверты паверх. Адзін, як і мае быць паводле інструкцыі, становіцца злева ад Талашовага нумара і кладзе руку на расшпіленую кабуру. Другі афіцыйна грукаецца ў дзверы.
Грамадзянін Талаш Васіль Ісакавіч! крамлёўскімі курантамі разносіцца па гудкім гатэльным калідоры. Імём таварыша Сталіна загадваю вам неадкладна адчыніць!..
Старога пад спачувальныя позіркі гатэльнай публікі пад пахі цягнуць да страшнага легкавіка, і той хуценька адязджае ад гатэля ў невядомым кірунку.
Па хуткім часе ў Міхася Лынькова збіраюцца ўсе бээсэсэраўскія трубадуры і менестрэлі. Тое, што былы партызан, а цяпер выкрыты вораг народа Талаш В. І. ужо на Лубянцы, ні ў каго сумневу не выклікае. І яго прызнанне ў падрыхтоўцы замаху на жыццё таварыша Сталіна справа часу і следчай тэхнікі. Давыёжваўся, стары пёрд! Давымантачваўся, жадоба паляшуцкая! Не, каб у сваім нумары чарку паціху куляць ды пакаёвак за цыцкі мацаць у Крэмль яму захацелася! Так што цяпер усёй беларускай савецкай інтэлігенцыі з-за гэтага смярдзючага дзядка адна дарога у ГУЛАГ.
Якуб Колас ліхаманкава прыкідае, якія паперы яму трэба спаліць. Міхась Лынькоў упарта спрабуе датэлефанавацца таварышу Панамарэнку маўляў, гэта наш народны герой самастойна з глузду зехаў, мы яго ні на што такое не падбухторвалі! Ларыса Александроўская прафесійна і разважліва складае будучы рэпертуар для магаданскага тэатру. І толькі Кузьма Чорны надзіва спакойны; ён чалавек дасведчаны, ніякіх залішніх папераў у яго няма, затое турэмны чамаданчык даўно ўжо сабраны і пад ложкам стаіць.
Раптам расчыняюцца дзверы, і ў нумар увальваецца Дзед Талаш. У зубах у яго смярдзючая люлька, у руках грувасткая валіза, а ў вачах праўдзівае шчасце.
Дзе быў, Васіль Ісакавіч? перадінфарктным голасам пытаецца Якуб Колас. У эн-ка-вэ-дэ?
На хера яны мне здаліся? незалежна ніжа плячыма стары. Я гасцяваў у таварыша Сталіна.
І што ты там рабіў? надзіва роўна ўдакладняе Міхась Лынькоў.
Як гэта што? яшчэ больш незалежна здзіўляецца Дзед Талаш. Гаварыў з ім! Ат, я ж то ведаю, як з панамі правільна размаўляць!.. Спярша кажу: неадкладна выпраўляй, мяне, таварыш Сталін, ў нашыя партызанскія лясы, гітлерцаў паганых біць! А таварыш Сталін у адказ: не магу, Васіль Ісакавіч, ты сваё яшчэ ў мінулую вайну з белапалякамі адваяваў, адпачывай лепш тут! А каб табе лепш адпачывалася, прасі ў мяне, што хочаш!