Уладзіслаў Ахроменка - Музы і свінні стр 16.

Шрифт
Фон

Штурхае дзверы гаўбца не адчыняюцца! Зноў штурхае зноў не адчыняюцца. Нервова цісне плячом. Дзверы спружыняць і не адчыняюцца. І музыка нарэшце разумее, што шпінгалет выпадкова зашчоўкнуўся, і ён апынуўся ў палоне.

Так што давядзецца стаяць на гаўбцы ажно да прыходу жонкі

А на падворку тым часам халаднее. Ад Дзвіны дзьме пранізлівым, з хмаркі крапае вільготным, голае цела ўкрываецца гурковымі пупышкамі. Палонны дробна калоціцца, інстынктыўна засоўвае рукі ў кішэні. І выпадкова знаходзіць там колькі купюраў. Рахуе і разумее, што гэтага хопіць яшчэ на адну пляшку. Тым больш, неонавая шыльда «начніка» спакусліва свеціцца ў якіхсьці ста метрах адсюль.

Перспектыва наладзіць працяг банкету грэе душу і падымае настрой. Мулкі стан недапітасці правакуе мазгавую дзейнасць. Мулявін прымяраецца, ці зможа ён злезці з гаўбца. Невысока, другі паверх усяго, але ж спускацца не дазваляюць узорст, камплекцыя і каардынацыя, а дакладней, яе адсутнасць. Карацей, тут без дабрадзея-ганца не абысціся!

Музыка напружана мружыцца ў паўцемру, выглядаючы патэнцыйных памагатых. А віцебскі двор тым часам жыве звыклым гарманальным жыццём. Гопнікі наліваюцца півам, дзеўкі спяшаюцца на блядкі, вулічны кот шчасліва храбусціць памыйным пацуком.

Ці не пад самым гаўбцом колькі смеццевых кантэйнераў, каля каторых дзелавіта корпаюцца нейкія сюррэалістычныя персанажы, якія пры больш пільным разглядзе аказваюцца бамжамі.

 Алё, мужык,  просіць Мулявін клышаногага мужчыну нявызначанага ўзросту.  Можна цябе папрасіць да гастранома зганяць? Зараз грошы ў цыгарэтнай пачцы скіну.

Клышаногі нетаропка адкладае цэлафанавы пакет са шклатарай, лянотна задзірае голаў і прымае падкрэслена незалежную позу.

 А ты хто такі, каб я для цябе па бухло ганяў? Бач працую!

Кіраўнік «Песняроў» становіцца ў найвыгаднейшым ракурсе так, каб святло з пакоя клалася яму на твар.

 Хіба не пазнаў? Я заўтра на «Славянскім базары» спяваць буду, прыходзь, кантрамарку дам!..

Бомж факусуе зрок, супастаўляе мулявінскія вусы і пуза з двухсэнсоўна-крымінальным назовам галоўнага музычнага фэсту краіны і недаверліва ўдакладняе:

 Міхаіл Круг?

Мулявін ад злосці ажно скрыгоча зубамі і грызе вус Добра, што яшчэ Філіпам Кіркоравым не аблаялі!

Ды ён цэлая музычная эпоха ў адной асобе! Ён сапраўдная зорка, хаця і рэліктавая, ягонымі дыскамі ўвесь гэты Віцебск замасціць можна! Яму ж, стоячы, апладавалі генеральныя сакратары, каралі і міліярдэры, у яго нават амерыканскі прэзідэнт Джымі Картар аўтограф прасіў! Ды што там нейкі Картар?! Сам Джон Ленан прызнаўся, што «Песняры» найлепшае, што ён чуў у сваім жыцці! І тут нейкі памыйны галадранец

 Ды Мулявін я, Мулявін! З «Песняроў»!  абурана выдыхае Мулявін.  Той самы!

 Як гэта Мулявін?!  не дае веры бомж.  Ён жа даўно памёр

Пакуль кіраўнік «Песняроў» адбудоўвае ў галаве жорсткае абвяржэнне і паўторную просьбу зганяць па бухло, пад балконам зяўяецца яшчэ адзін бомж, з агідным тварам і крымінальнымі манерамі.

 Мулявін, кажаш?  агрэсіўна шчэрыцца ён на гаўбец.  Па-ціпу на «Славянскі базар» з таго свету прыехаў Ты што за лохаў нас трымаеш? За свой базар па-панятках адкажаш?

Дакументаў у кішэнях мулявінскага пінжаку няма. Апошняга «песняроўскага» дыска з выявай саліста таксама. Так што адказаць няма чым. Але ж абурэнне ў ягонай душы ўжо палае пажарам, і згасіць гэты пажар можна адно гарэлкай

Тым часам валацуга з крымінальнай пысай нечакана выдае вельмі слушную прапанову.

 Алё, я зараз гітару табе перадам. Як збацаеш што-небудзь з «Песняроў» зганяем у краму. Як не шыбы пабем. Згодны?

Маэстра мужна глынае крыўду, ніжа плячыма і пагаджаецца. А што яму яшчэ застаецца?

Як тое ні дзіўна, але галадранцы вельмі хутка прыносяць гітару. Відавочна не «Stratocaster»: пабітая дэка, абцёрты грыф, раскудлачаныя струны Няйначай, на сметніку знайшлі. Мулявін расплятае на гаўбцы капронавы шнур для бялізны, спускае канец долу

 Што вам выканаць?  змрочна пытаецца ён, настройваючы інструмент.

 А што хочаш,  літасціва дазваляюць бамжы.

З гаўбца чуваць шоргат і стрыманы кашаль. Але ўжо праз колькі хвілінаў фіялетавае сутонне поўніцца дробным гітарным пераборам, і вечаровы двор працінае маркотны тэнар:

Бывай, абуджаная сэрцам дарагая,
Чаму так горка, не магу я зразумець

Каля смеццевых кантэйнераў робіцца нязвыкла ціха. Бамжы розных узростаў, полаў і ступеняў маргінальнасці вылазіць на святло і паглядаюць на Песняра, рыхтык дрэсіраваныя пацукі на гамельнскага флейтыста.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3