І тут небарака не вытрымлівае У ім адбываецца некіруемая і імгненная пераналадка асобы. Ён бецца галавою аб сцяну, аблізвае гестапаўцаў на манер спаніэля і сіпіць пры гэтым, бы той падраны шланг:
Таварышы фашысты! Патрабую палітычнага прытулку!.. Не магу больш жыць у савецкім пекле!..
Ужо ўвечары паліцэйскі пастарунак наведваюць дырыжор і інспектар Беларускага сімфанічнага аркестра. Дырыжор шчыра шкадуе заходніх немцаў, на голаў каторых гэты падарунак зваліўся. А інспектар аркестра выказвае пажаданне пералічыць частку гастрольных ганарараў у Міністэрства культуры краінаў агрэсіўнага блоку НАТА, каб толькі больш не бачыць гэтую паганую суку ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі
Апошнім да новаспечанага дысідэнта прыходзіць дыпламат з савецкай амбасады суворы дзядзька з класічна незапамінальным тварам і мажнымі валасатымі кулакамі.
Дык гэта сапраўды не правакацыя, а твой асэнсаваны выбар? удакладняе ён недаверліва.
Стукач ганарліва выпроствае храбціну і незалежна глядзіць наўсцяж. Так! Я ж даўно ўсім казаў, што савецкую ўладу ненавіджу. А вы, блядзі, думалі, што гэта ўсяго толькі дазволены жарт?!..
Як Уладзімір Мулявін зладзіў канцэрт для віцебскіх бамжоў
Для савецкага чалавека існаваў толькі адзін паказчык здароўя: можна яму выпіваць, ці нельга.
Кіраўнік «Песняроў» Уладзімір Мулявін быў савецкім чалавекам, і выпіваць яму забаранялася катэгарычна прынамсі, пад канец жыцця. Карера маэстра ўкладалася ў традыцыйную для ягонага часу формулу «гастроль парткантроль алкаголь». Гэтае пякельнае спалучэнне і выпаліла нутро музыкі, рыхтык бязлітасны вагнямёт святочную клумбу, так што на руінах мулявінскага арганізма буяла адно бадыллё з трамбозаў, псіхозаў ды цырозаў. Дактары дазвалялі яму хіба што любавацца пляшкамі, але ж выпіваць крый Божа!
Але маэстра сам прыспешваў свой скон. Варта было Мулявіну толькі глянуць на пляшку, як ён адразу ж пачынаў яе рэфлекторна смактаць. Ён піў усё, што траплялася на вочы: памяркоўнае піва, добрае віно, шляхотны каньяк і лютую гарэлку. Ён жлукціў зранку, удзень, увечары, а також уначы. Сітуацыю ўскладняла чарговая мулявінская жонка, якая падступна нашэптвала: ты, маўляў, геній, табе можна ўсё!
Як вынік, Мулявін няўхільна дэградаваў. Па хуткім часе ад Вялікага Песняра застаўся адно пазнавальны вобраз: вусы «падковай», глянцавая лысіна, кранальны маркотны тэнар Хранічна падпіты Муля існаваў сваім уласным жыццём, а ягоны вобраз сваім, спакваля ператвараючыся ў гэткі беларуска-савецкі брэнд, кшталту Брэсцкай крэпасці, партызанаў і трактароў. Гэты вобраз і прадстаўляў Беларусь на размаітых музычных святах аж да пачатку дваццаць першага стагоддзя.
Так было і ў 1999 годзе, падчас «Славянскага базару» у Віцебску.
Прыязджаюць Мулявіны на гэты самы базар увечары, засяляюцца ў здымную кватэру. Маэстра пасля цягніка выглядае абсцінентным хамяком: шкляныя вочкі, раскаардынаваныя рухі, затарможаная мазгавая дзейнасць. Карацей, класічная беларуская млявасць і абыякавасць.
Жонка раскладае транты і квохча: ды Валодзечка, ды табе адаспацца трэба, ды наперадзе дзень цяжкі! Што крышачку бухнуць перад сном? А вось хрэнушкі, заўтра канцэрт, зноў са сцэны звалішся! Абяцаеш не піць? То і добра! Распранайся, кладзіся і баінькі. Пяшчотна цалуе мужа ў лысіну, накрывае коўдрай і сыходзіць на экскурсію па віцебскіх буціках, прытым прадбачліва зачыняе пакой звонку на ключ. Што цалкам слушна: Валодзечка па-цёмнаму да гастранома не ўцячэ, дый сябры-лабухі, якія таксама выступаць прыехалі, не палезуць да яго з прадказальнымі прапановамі.
Шчоўкае замок, цокаюць і аддаляюцца абцасы. Мулявін падымаецца з ложка і саркастычна хмыкае: ды што, маўляў, гэтыя бабы ў мастацтве разумеюць? Напружваецца, каардынуецца, дастае з заначкі пляшку, на донцы каторае яшчэ плёхаецца грамаў сто сорак гарэлкі. Засяроджана скручвае корак, каламутным вокам аглядае інтэрер, спрактыкавана прымерваецца каўтануць проста з рыльца. Але ў апошні момант вырашае, што жлукціць у задушлівым пакоі, сярод аблушчаных шпалераў і абшарпанай мэблі, супярэчыць ягоным мастацкім перакананням. Ён чалавек творчы, яму трэба паэзія і прыгажосць, і пажадана такія, каб змяняліся калейдаскопам. І таму адзінае прыдатнае месца для эстэтнай выпіўкі перад сном гаўбец.
Маэстра накідвае на голыя плечы пінжак, суе пляшку ў кішэню і сунецца на вольнае паветра. Выпівае пад занюх, з асалодаю выдыхае і аглядае вечаровыя краявіды. З глыбокага космасу цнатліва падміргваюць зорачкі, поўня сыпле срэбным пылам на паснулыя шаты, і густое цьмянае паветра патыхае гаркавым водарам начнога квецця. Муля дбайна дасмоктвае з рыльца, аджывае і натхняецца: у жыцці, аказваецца, заўсёды знойдзецца месца для лірыкі і рамантыкі! І тут музыка вельмі дарэчна згадвае, што ў другой заначцы, здаецца, ёсць яшчэ адна пляшка са ста грамамі. А, можа, нават і са ста дваццаццю!