І вось апошні дзень турнэ: невялічкі гарадок з цацачнай ратушай, сярэднявечнай брукаванкай і добразычлівымі бюргерамі.
Увечары да стукача падыходзіць той самы валтарніст: маўляў, выпіць хочаш? У сексотавым мозгу адразу запальваецца трывожная лямпачка і прапанова нязвыклая, і гучыць яна ад надта падазронай асобы Стукач напружваецца, туманіцца поглядам і патнее, спрабуючы вызначыць сутнасць падставы. Ды супакойся, прымірэнча кажа валтарніст. Сапраўды табе вельмі ўдзячны, што не растрындзеў Вось на знак падзякі, а таксама з надзеяй, што і далей трындзець не станеш, і хачу праставіцца. Нам тут нямецкія меламаны шнапсу падагналі, дык усе нашыя ўжо спяць, а праз мяжу ўсё адно столькі не правесці. Дык чакаць у госці, ці ў чарупіну выліваць?
Па хуткім часе стукач сядзіць у гатэльным нумары дабрадзея. На стале сціплая закуска і вялікая пляшка з прыгожай налепкай. Сексот задаволена жлукціць халяўны кір, мружыцца і плямкае ад нязвыклага мацунку. Вось, што значыцца якаснае буржуйскае спіртное не тое, што нашая паскудная «Сталічная», вырабленая з нафты! Ужо толькі за адно гэтае можна савецкую ўладу ўзненавідзець!
Валтарніст падлівае госцю прыязна і добразычліва, нібы той Салеры, але ж сам адно ўдае, што таксама жлукціць.
Пляшку з прыгожай налепкай ён адшукаў у бліжэйшым смеццёвым баку. Набулькаў туды медычнага спірту, які ў нямецкіх аптэках коштам пітной вады, прытым у тым спірце падступна распусціў колькі пігулак дымедролу. Зараз гэтая падлюка вырубіцца, і тады
Але ж падлюка чамусь вырубацца не хоча. Пянее, касее, ікае і правакацыйна распавядае, як і за што ён не любіць савецкую ўладу. З шоргатам сунецца ў прыбіральню, выблёўвае меню, зноў піячыць і зноў надакучліва апавяшчае пра сваю шчырую нянавісць да СССР. Гэта ўжо не правакацыя, гэта лейтматыў. У операх Рыхарда Вагнера падобнае называецца «прынцыпам монатэматызму». А ў клінічнае псіхіятрыі «сіндромам навязлівых станаў».
Нарэшце, гаспадар не вытрымлівае і раздражняецца: маўляў, супакойся, ты не на працы! На вось, каўтані!..
Па хуткім часе валтарніст спускаецца ў фае гатэлю і на знакі нешта паказвае трамбаністу і альтыстцы. Тыя сінхронна падымаюцца і сунуцца да парце, з мэтай адцягнуць увагу. Валтарніст тым часам спрытна цягне ад ліфта непрытомнага стукача. На ганку матэрыялізуецца кантрабасіст, які пераймае цела. Прытым уся гэтая аркестровая зладжанасць відавочна сведчыць пра злосны намер і папярэднюю змову.
Неўзабаве мёртвы, як бэлька, стукач, маляўніча раскладзены на клумбе акурат насупраць паліцэйскага пастарунку. У руцэ ў яго пустая пляшка, на грудзях свежыя ваніты, а ў прамежнасці цёмная вільготная пляміна. Нацюрморт завяршае бездухоўны парнаграфічны часопіс, які бессаромна выторкваецца з адцягнутай кішэні Нараніцу сексот пакутліва расклыпвае засмяглыя вочы. Ён ляжыць у незнаёмым ложку ў такім жа незнаёмым пакоі. На вокнах краты, на сцяне нейкі плакат з надпісамі не па-нашаму. Стукач напружана факусуе зрок і з жахам вызначае першае слова: «Achtung!» Другое прачытанае слова выглядае зусім пачварна: «Polizei». І тут наш стукач разумее, што патрапіў ён няйначай, як у бункер да недабітых фашыстаў, і ратунку яму няма І сапраўды, па хуткім часе ў пакойчыку зяўяецца бландыністы гестапавец у форме з пагонамі-пляцёнкамі, як у фільмах пра вайну і немцаў. Сексот палахліва цягне голаў у плечы, бо ўжо наперад ведае, што зараз прагучыць «хэндэ хох!» і «шысэн!». Бела-русы гестапавец афіцыйна пасміхаецца, нешта гергеча і сыходзіць.
Што рабіць?!
У роце арыштанта пякельная суша, у галаве палярная ноч. Неўзабаве чарнільную цемру мазгоў працінае танюткі праменьчык спакваля набрыняе жоўцю, пагрозліва пульсуе і, нарэшце, набывае падабенства да класічнага зонаўскага пражэктара, прытым пражэктар гэты нахабна лупіць проста ў твар!..
Жыццё скончанае. Нават, калі ў палоннага і атрымаецца ў нейкі цуд збегчы з гэтага Бухенвальда, дык на Радзіме яму нічога добрага не свеціць. Дыскрэдытацыя гонару і годнасці савецкага грамадзяніна, ідэалагічная дыверсія, разгалошанне дзяржаўных таямніцаў І ніхто ані дырыжор, ані калегі з аркестра, ані нават куратар «адтуль», ніколі за яго не заступіцца!..
Тым часам ў пакойчыку зноў зяўляецца бела-русы гестапавец, але ж гэтым разам з маладой дзеўкай у цывільным.
І тут небарака не вытрымлівае У ім адбываецца некіруемая і імгненная пераналадка асобы. Ён бецца галавою аб сцяну, аблізвае гестапаўцаў на манер спаніэля і сіпіць пры гэтым, бы той падраны шланг: