А вось стукача з усіх кампаній культурна выстаўляюць. У скрыпачак нібыта інтымныя сакрэты, віяланчэлісты нахабна маняць, што ніякай гарэлкі ў іх няма, а саліст групы валторнаў дык увогуле дэкларуе адкрытым тэкстам: маўляў, калі ты адмыслова прыстаўлены да нас, каб пра стаўленне да савецкай ўлады выпытваць дык дачакайся палітзаняткаў, там з лектарам і дыскутуй!..
Небарака-стукач адчувае сабе, не раўнуючы, што той ліс, якога адважныя пеўні задзяўблі і выгналі з куратніка. Тое, што ягоная сексотцкая сутнасць ні для каго не сакрэт, шпег выдатна ведае. Ведае пра гэта, напэўна, і ягоны куратар. Аднак інфарматараў у куратніках трымаюць не толькі на тое, каб яны даносілі на асмялелых птушак, але й проста дзеля страху. А вось нашага сексота не толькі не баяцца з яго пагарджаюць і нават кпяць! І, прытым, з кожным днём ўсё смялей і смялей. Трэба, нарэшце, паказаць гэтым недавумкам, хто ў Беларускім сімфанічным аркестры гаспадар!..
Пакрыўджаны ў найлепшых пачуццях стукач маркотна грызе пазногці, працірае рукавом акуляры і песціць планы помсты
Пасля каскада памежна-мытных ліхтугаў музыкі нарэшце дабіраюцца да «бундэса». Тыя, хто на Захадзе ўпершыню, хаўкаюць агламошана: бліскучыя лімузіны, вітрыны з прыгожымі трантамі, каўбаса пяцідзесяці гатункаў і без ўсялякай чаргі Але ж ўголас таго захаплення не выказваюць: дысцыплінавана перасоўваюцца ў складзе групы і размаўляюць стрымана і фальшыва пра нешта пабочнае. Тыя, хто на замежных гастролях не ўпершыню, дзелавіта выцягваюць з загашнікаў «Сталічную» з вінтавой закруткай, каторую дазволена браць за мяжу па дзве нуль-пяць на чалавека, і прыкідаюць, дзе б яе павыгодней загнаць, каб да жабрацкіх камандовачных пфенінгаў дадаць колькі дзесяткаў паўнавартасных дойчмарак на падарункі родным і блізкім.
Сексот разумее: цяперашні час найпрыдатнейшы, каб парахавацца. У вялікім сімфанічным аркестры абавязкова знойдзецца які-небудзь несвядомы элемент, які прывёз з сабой не толькі гарэлку. Стукач бадзяецца па гатэльных калідорах, абцірае сцены і быццам бы няўзнак заходзіць у нумары да аркестрантаў: прабачце, а ў вас запалак няма? і штопару таксама? можа, залішнюю шкляначку пазычыце? І зыркае, мярзотнік, з-пад сваіх акуляраў памыйным пацучком што ў каго на стале, што пад сталом, што з-пад падушкі выторкваецца
У саліста групы валторнаў шпегу нарэшце шэнціць: гаспадар не паспявае сунуць у кішэню нешта бліскучае і дробненькае. Ну-ка, ну-ка, пакажы Царскі чырвонец?!.. А-ёй!..
Стукач паглядае на злачынцу дакорліва і красамоўна маўляў, і так усё зразумела. Той у ступары: вышэптвае мудрагелісты мацюг, звужае вочы і сціскае кулакі але стрымліваецца. «Маральны кодэкс будаўніка камунізму» ён выдатна ведае, а цяпер акурат той момант, калі гэты кодэкс можа перакуліцца ў крымінальны. Злачынца вагаецца, уздыхае, пераступае з нагі на нагу і працягвае чырвонец нязванаму госцю. Забірай, сука, толькі не кажы нікому! Дамовіліся?!..
Чырвонец выглядае надта прывабна. І загнаць яго ў «бундэсе» можна за сурёзныя грошы калі ніхто не дазнаецца. А калі дазнаецца? Дзе гарантыя, што ў Беларускім сімфанічным аркестры іншых інфарматараў няма?! Дый тутэйшыя ювеліры і нумізматы ўсе, як адзін, завербаваныя заходнімі спецслужбамі, нават куратар пра гэта неяк папярэджваў То сапраўды лепш не звязвацца!
А таму сексот праз настояную драматычную паўзу прамаўляе пранікнёна і нават пакрыўджана: маўляў, як ты мог падумаць? Мы ж сябры і калегі хіба не разумееш?!..
Ды ўсё я разумею, безцарамонна перапыняе валтарніст, проста ссыш з тым чырвонцам звязвацца! Што хочаш за сваё маўчанне?.. Прастаўлюся добра? Дамовіліся, дзве скрыні «белай», адразу, як у Мінск вернемся.
Што
Менавіта ту-у-ут???!!!..
Валтарніст, агаломшаны бязлітасным ультыматумам, ляціць да карэфанаў-духавікоў і праз адборныя мацюгі енчыць: калегі, ратуйце!.. Калегі карпаратыўна салідарызуюцца: хрэн з ім, хай кожны па пляшцы скінецца затое сумленне застанецца чыстым!.. А яшчэ салідарызуюцца ў тым, што сексотцкую падлюку варта за такую прадразвёрстку пакараць па ўсёй суворасці аркестравых законаў!..
Турнэ па Заходняй Нямеччыне праходзіць бліскуча. У залях аншлагі. Музычныя крытыкі проста праменяцца добразычлівасцю. Асмялелыя аркестранты паціху пюць піва з нямецкімі калегамі і выслухоўваюць кампліменты на сваю адрэсу.
Але больш за ўсіх задаволены наш стукач: і бабла на прададзеных сарака пляшках «Сталічнай» накасіў, і ўсім аркестровым куранятам давёў, хто ў Беларускім сімфанічным аркестры гаспадар!