Віват месіру Гастэлу! азваліся шляхцюкі знізу. Пане-браце, гайда да сталоў!..
Францыск Гастэла, згінаючыся пад цяжарам здабычы, акуратна абмінаў бляшанага анёла-ахоўніка на касцельнай вежы. Пад чорнымі крыламі нунцыя праплыла грувасткая печ цаглярні з высокім комінам, яміна з замешанай глінай і бясконцыя шыхты сырой цэглы, раскладзенай для пасушкі.
Скіргайла зірнуў долу і здрыгануўся: шчаслівы кат ужо цягнуў да калоды вялізную нагостраную сякеру. Гжэчныя кавалеры і прыўкрасныя паненкі нецярпліва лезлі на парапет фантана, адкуль было выгадней назіраць справядлівую страту.
Знянацку на замкавым бастыёне выразна акрэсліўся сілуэт вершніка ў каўбойскім стэтсане. У выцягнутай руцэ пагрозліва чарнеў абрэз. Аглушальна ляснуў стрэл падбіты нунцый імгненна ўвайшоў у штопар. Старарымскае лязо мільганула самотнай знічкай і чвякнула, згасла ў брылах сырой гліны. Трапны стралок няспешна паправіў шырокі стэтсан руляй абрэзу, ператоргнуў затвор і пранізліва паглядзеў з экрана.
А цяпер па рогах! прагучала з кампутарных дынамікаў.
Гламурная панначка палахліва ўцягнула голаў у плечы і жабкай скочыла ў балотнае вакно. Бултыхнула, цёмная вада разбеглася пукатымі коламі.
Позіркі Казла і вершніка на якое імгненне перастрэліся, і нячысцік усё зразумеў Ён закалаціўся, бзднуў з пераляку, сутаргова падчапіў пуцаценькага на рогі і чорнай маланкай ламануўся ў хмызы.
Хрумсь! Блям! Дзвяк! гэта разнесла на дробныя аскепкі кампутарны манітор. Зухаваты вершнік скочыў з экрана на балотную выспу і імкліва панёсся за нячысцікам
9
Аўтапеленгатар з чужынскімі нумарамі сунуўся па шашы з запаволенасцю падбітага танка. Валасатыя рукі прапаршчыка Макрухі няўпэўнена круцілі руль. Капітан Капейкін гучна сёрбаў расол. Заціснутая паміж вайскоўцамі загадчыца Дома Культуры далікатна шаргацела дарожным атласам.
Ну, і далёка яшчэ? прасіпеў кіроўца.
Манда Іванаўна правяла пазногцем па мапе.
Кіламетраў дваццаць. Але можна па прасёлку скасціць Зезд ву-унь за той вёскай.
На ростанях фургон газануў ядучым выхлапам, важка зехаў з асфальту і хіснуўся на рыпучых рэсорах. Капейкін збляднеў, што тая спірахета, і схапіўся за жывот відавочна, у ім распачаліся некіруемыя хімічныя працэсы.
Макруха, спыніся, бля, спыніся! афіцэр штурхануў двёркі, скочыў на зямлю і ледзь паспеў схіліць голаў.
Перасычаны армейскім досведам прапаршчык ніяк не зрэагаваў на пакуты камандзіра. А вось загадчыца Дома Культуры не стрывала.
Можа, актываванага вугалю? спачувальна прапанавала яна, рэагуючы больш на гук, чым на карцінку. У аптэчцы, напэўна, ёсць.
Пі-іва бы Капейкін выцер слізкае падбароддзе рукавом камуфляжа.
Не ўратуе, дасведчана прыкінуў Макруха. Трэба грамаў трыста засадзіць. А то і ўсе трыста пяцьдзесят.
Нельга ані таго, ані другога! Манда Іванаўна выбралася з фургона і далікатна зарыентавала пакутніка да расчыненых дзвёрак. Наш вядзьмак пяных на дух не зносіць! Адразу за парог выставіць
Што ж за жыццё такое пайшло! капітан трагічна абхапіў голаў. Куды ні кінь поўны пісец! Выпіваць нельга. Расею прадалі. Жонка дура. Дачка шкура
Іншародцы паўсюдна, падказаў прапаршчык.
і апаратура дагэтуль не аджыла! афіцэр мудрагеліста мацюгнуўся. А ўсё з-за таго натаўскага метыярыта.
Электроніка на вайсковай базе «Волга-Волга» не працавала ўжо другія суткі, хаця капітан Капейкін рабіў усё, што ўмеў. Спярша сумленна павяртаў на месцы скрадзеныя дэталі. Потым ляснуў па галоўным пульце кавадлам. Пасля выклікаў слесара з таргачоўскага Дому Быту. Але ўсё было дарэмна. Зрэшты, афіцэр меў у запасе яшчэ колькі варыянтаў вырашэння праблемы. Аднак першыя супярэчылі Статуту каравульнай службы, другія гарантавалі непапраўную шкоду здароўю, а трэція былі невыканальныя з прычыны абсалютнага вычварэнства.
Прапаршчык Макруха паглядзеў на капітана Капейкіна, пахмяліўся, пагартаў сакрэтныя дакументы, распачаў новую пляшку, агледзеўся, намысліўся, напружыўся, перахрысціўся на антэны і прыйшоў да высновы: усё гэта інтрыгі мясцовых нячысцікаў, а таму рады можа даць адно аўтарытэтны вядзьмак. Загадчыца Дома Культуры бескарысліва ўзялася паказаць дарогу да тутэйшага варажбіта
Аўтапеленгатар калываў уздоўж жытнёвага поля. Дзень плавіўся і плыў. Жалезны кодаб накаляўся. У задушлівым салоне лунаў ядучы перагарны смурод.