А нягож! Вольнае паветра адзіны шлях уратаваць святыню!
Вечка ёмістага куфра адкінулася, і на парапет жвавай малпачкай скочыў карлік у блазенскіх апранахах.
Каралева пранізліва віскнула. Паненкі злякана адступілі ў цемру. Засцянкоўцы крыху пацверазелі і сінхронна пацягнуліся да шабляў.
Дробны блазан зафіксаваў вачыма штандар з «Пагоняй», з палёгкай уздыхнуў, утаропіўся ў каралеву і пырснуў шчаслівым потам.
Пані-спадарыня Бона? Жывая? бліскучыя шархуны на каўпаку карліка недаверліва здрыгануліся.
І калі ён толькі залезці паспеў? Францыск Гастэла гідліва схапіў дробнага ўрода за каршэнь і выкінуў яго з кадра. Мае прабачэнні, вашая каралеўская мосць! Яго Свяцейшаства, добры пантыфік Клімент VII папрасіў перахаваць да лепшых часоў у таргачоўскім замку вось гэта
Патаемнае дно куфра ўрачыста прыўзнялося. У святле паходняў таямніча бліснула сталёвае лязо
Знянацку экран ноутбука закрэслілі касыя палосы перашкодаў. З дынамікаў палілося мярзотнае трансфарматарнае гудзенне.
Пякельная панначка нервова матлянула хвастом. Парнакапытны брынкліва замэкаў, прыўзняўся з фатэльчыка і агледзеўся. Пуцаценькі, які толькі што салодка спаў паміж балотнай флоры, цяпер свідраваў кампутар нявіннымі валошкавымі вачыма і шкадліва пры гэтым пасміхаўся. Казёл пагрозліва прыўзняў над ім капыто, але ж у гэты час з экрана данеслася ўжо знаёмае яму конскае іржанне, у якім выяўляліся відавочна агрэсіўныя ноткі.
Экран раптоўна аджыў, і гэта прымусіла нячысцікаў забыцца на немаўля. Паводле законаў драматургічных спекуляцый, на экране адразу зявіўся буйны план: старарымская дзіда на барвовай падушцы. Месяцовы прамень бліснуў на дзюбе пякучай знічкай, і Казёл прагна прымружыў вочы.
На выяву наклаўся ўладны голас Боны:
Месір Гастэла мусіць засведчыць Яго Свяцейшаству: мы дбайна перахаваем Дзіду Лангіна. Але як толькі рагатае быдла адсунецца ад Рыма, мы неадкладна павернем суперзброю законным уладарам!
Казёл нецярпліва паглядзеў на Прашмандоўку: маўляў, а дзе ж цяпер твой паэт? Без гэтага ідыёта да святыні не падступіцца
Паэтаў твар узнік у наступным кадры. Стоячы на парапеце фантана, Скіргайла неўпрыкмет касавурыўся на падушку з Дзідай, да якой можна было дацягнуцца рукой. Культавая італьянка знаходзілася на аналагічнай адлегласці. Шархуны блазенскага каўпака нервова дзінькалі: у паэце відавочна адбывалася барацьба паміж імгненнай мэтазгоднасцю і аўтарскім самалюбствам.
Як і мае быць, самалюбства перамагло.
А можна, я вам свае адраджэнскія вершыкі пачытаю? дрыготкім голасам прапанаваў малады спецыяліст.
Каралева Бона зірнула на паэта з прыхаванай іроніяй.
Блазенскія вершы? Зрабі ласку
Празрыста цурчэў фантан, і пырскі блішчэлі ў святле паходняў таямнічымі дыяментамі. Ад сталоў плыў цудоўны водар стараліцвінскіх прысмакаў.
Скіргайла адкашляўся, выцер спатнелы лоб і ганарліва выпрастаў спіну:
Як паэтычна пахне каўбаса!
Даўно грыбочкі ў бочачцы стамілісь.
А ў пляшачцы так дыхае краса,
Гарэлачка з Палесся прытаілась!
Грамада падтрымала дэкламатара ўхвальным гулам. Шляхотныя кавалеры і прыўкрасныя паненкі шматзначна перазірнуліся. Засцянкоўцы-выганоўцы голасна дэкларавалі, што такому чалавеку варта наліць.
Адраджэнскі паэт змачыў перасохлае ад хвалявання горла рэшткамі «Аліварыі» і з дакорам глянуў на Бону: маўляў, нашто ты Дзіду Лангіна павяртаць сабралася? А як жа наша шматпакутная Беларусь абароніцца ў будучым ад рагатага быдла?
І Скіргайлаў голас зазвінеў нечаканым металам:
І сала ў кмене вуснаў прагных мэта.
І з печы хлеб, і з хрумсткай шкваркай гусь.
Калі ты млееш, слухаючы гэта,
Чаму ж ты, блядзь, не любіш Беларусь?![1]
Агні паходняў злякана здрыгануліся. У злавеснай цішы дзінькнула і сцішылася лютня.
А хто такая «блядзь»? цікаўна пасьміхнулася каранаваная чужаземка.
Скіргайла не стаў чакаць, пакуль прагучыць старабеларускі адпаведнік. Ён схапіў Дзіду Лангіна разам з папскай булай і на злом галавы кінуўся ў ратавальную цемру.
З данжона неадкладна данеслася каманда найміта-прусака:
Хальт! Цурук! Хэндэ хох!
Шчоўкнуў арбалет страла знесла блазенскі каўпак. У натоўпе пагрозліва бразнулі шаблі. Скіргайла бездапаможна азірнуўся і кінуўся да замкавай брамы, прыціскаючы да грудзей Дзіду Лангіна левай рукой, а папскую булу правай.