Першы раз у маёй практыцы такое, доктарка згасіла хірургічную лямпу над сталом, дастала шпатэль і схілілся над пуцаценькім. А цяпер скажы «А-а-а»
Гланды выглядалі здаровымі. Дэталёвы агляд ручак і ножак не выявіў аніякіх паталогій. Рэфлексы цалкам адпавядалі ўзросту. Немаўля адно загадкава пасміхалася і цягнула ручкі да нікіляванага стэтаскопа. Старыя напружана маўчалі; на іх тварах чыталася непахісная вера ва ўсемагутнасць медыцыны.
Скажыце, а вось казлы яны на шаленства хварэюць? драўляна запытаўся Талаш.
А то! Асабліва, як нашыя.
Баюся, яго адзін быдляк пагрыз, Талашыха скрушна шморгнула носам.
Можа, здымак што пакажа, абнадзеіла доктарка і неразборліва запоўніла бланк. Пайшлі
Кабінет флюраграфіі поўніўся электрычным гудзеннем і шчоўканнем рэле.
Рэнтгенолаг спрактыкавана заправіў у рамку касету. Адсунуўся грувасткі штатыў, халодна бліснула матавая плоскасць экрана.
Пацярпі, дзіцятка! Талашыха асцярожна паставіла пуцаценькага на высокую платформу. Бог жабраваў і нам казаў!
Немаўля з разуменнем паглядзела на старую і паслухмяна прыціснулася да шкла. Рэнтгенолаг шчоўкнуў тумблерам
Раптам усярэдзіне апарата мярзотна заскавытала, нібы хтосьці з усяе моцы правёў тупой пілкай па шыферы. Празрыстая амбулаторная шафа жалобна ценькнула. Пад столлю пагрозліва зашкварчэлі стрыжні люмінісцэнтных лямп. Штатыў рэнтгенапарата таргануўся, заскрыгатаў і знерухомеў.
Талашыха палахліва падхапіла немаўля і захутала ў бліскучую плюшавую душагрэйку
Ой, матухна! трагічна прашамкала яна. І што ж гэта такое робіцца?!
Цяжка рыпнулі абабітыя свінцом дзверы, і разношаныя кеды старэчы трывожна зачвякалі па калідоры.
На алейках бальнічнага сада калыхаліся сонечныя плямы. Каля паркана палілі спарахнелае леташняе лісце, і паўпразрысты дым метафізічна размываў краявід. Ветэранскі матацыкл самотна чарнеў пад каштанам. Дзед Талаш засяроджана паліў «казіную ножку» і слухаў доктарку.
Дзеткі наша будучыня, запэўніла яна. А будучыня гэта святое!
Ва ўсіх дзеткі, як дзеткі, далікатна далучылася да размовы Талашыха. А што людзі пра нашага падумаюць? Навошта яму тыя пёркі на ранках?
Паслухай, што чалавек кажа, ветэран дапамог старой з дзіцёнкам уладкавацца ў люльцы. Тут адзін вельмі моцны вядзьмак ёсць. Акурат па дарозе да Таргачова.
Надта дасведчаны ў сваёй справе! залатыя акуляры доктаркі змоўніцкі заблішчэлі. Усё лечыць, ад запою да гемарою. Сурокі здымае. Будучыню прадказвае. Да яго нават з Акадэміі навук прыязджаюць!
Калі не дапаможа, то і не зашкодзіць! вынесла прысуд Талашыха. Паехалі!
Сіні лес абапал шашы акрэсліваў прастору. У сініх нябёсах спявалі нябачныя жаўрукі. На галаве былога партызана лапатаў незашпілены танкісцкі шалом. Талашыха маркотна, бы тая Мадона, прыціскала да сябе немаўля.
Знянацку пуцаценькі трывожна зварухнуўся і загукаў.
Пачакай, скора будзем, тады і паямо, Талашыха намацала ў сумцы бутэлечку з соскай.
Сталёвы дрот, напяты ўпоперак дарогі, амаль зліваўся з ландшафтам. Матацыкліст заўважыў яго надта позна
Дрот з усяе моцы ўдарыў у талашовыя грудзі стары паляцеў долу. Некіруемы матацыкл хіснуўся, падскочыў у каляіне і заваліўся набок. Рухавік пырхнуў белым дымком і захлынуўся. Пуцаценькі выслізнуў з бабіных рук і бездапаможна пакаціўся ў хмызы. Травеньскі краявід імкліва перакрэсліў жахлівы цень.
Пераможнае мэканне наклалася на трагічны лямант старой. Пачварны парнакапытны падчапіў немаўля на рогі і скочыў у непраходны гушчар
8
Па балотнай выспе блукалі прывідныя цені. Сярод сухіх чаратоў змоўніцкі паблісквалі чортавы вокны. Раскрыты ноутбук таямніча свяціўся на ўломках валуна. Седзячы ў паходным фатэльчыку, Казёл узбуджана сукаў капытамі і пытальна паглядаў на Прашмандоўку.
Сінія вочы агенткі выяўлялі веліч місіі. Упэўнены позірк слізгануў па ноутбуку, прайшоўся па сцяне чаратоў і нарэшце спыніўся на пуцаценькім, які ціхамірна спаў сярод балотнай флоры. На твары красуні выявілася нечаканая сентыментальнасць, якая змянілася дакорлівым: «Ну, ты і Ірад»
Парнакапытны раздражнёна затрос барадой. У змрочных шкляных вачах неадкладна адбіўся адказ: «Калі Дзіда Лангіна патрапіць у мае капыты выпрабаваць суперзброю мажліва толькі на ім!»
Твар пякельнай прыгажуні імгненна замкнуўся. Яна падабрала хвост, схілілася над ноутбукам і індэферэнтна зашчоўкала клавішамі.