Уладзіслаў Ахроменка - Янкі, альбо Астатні наезд на Літве стр 3.

Шрифт
Фон

Вычварэнец заенчыў і сплюнуў малочным зубам. З каламутнага вока выплыла празрыстая сляза. Рот расцягнуўся авалам. З рассечанай губы закропала. На тонкай мурзатай шыі запульсавала пакручастая сіняя жылка.

Аматар чужых таямніцаў размазаў кулаком ружовую сліну з саплямі і спрытным пацучком заскочыў у шафу.

 Мужыкі-хамы-быдла!  пачулася з сярэдзіны істэрычнае скавытанне.  Вось вырасту, пайду ў пшэцкія жандары і ўсім вам адпомшчу!

Як праўдзівы нашчадак яблонаўскіх засцянкоўцаў, Янка Лабановіч ваяўніча ўрэзаў у дзвёрку кулаком.

 Выходзь, Пярдолэк! Выбірайся, мудзіла!  гукнуў ён.  Адразу на горкі яблык дастанеш!

У шафе імгненна сцішылася.

Невядома, чым бы гэта ўсё скончылася, але ў калідоры зявілася старая мнішка з вільготным эмаліраваным гаршчком.

 Матка Боска Чэнстахоўска!  жахнулася яна, гледзячы на крывавыя пісягі. Цо то ест?

 Яны сцягнулі з яе майткі! імгненна сігналізаваў з шафы Пярдолэк,  збіраліся гуляць у паноў гінеколагаў!

 Пан Езус!  кармелітка закаціла вочы пад лоб.  От, падшыванцы, што надумаліся паненку распрануць! Вы што робіце?!

А хлопцы тым часам расстаўлялі на падлозе рознакаляровыя аптэкарскія пляшачкі. Мулатка засяроджана разлівала ў іх зафарбаваную бураковым сокам ваду. Янкель каніфоліў смык.

 Чым займаемся?  перапытаў Лабановіч і ўзняў на мнішку даверлівыя валошкавыя вочы.  Ды ў шынок гуляем!

Кармелітка ўздыхнула і паківала галавой.  Я абавязкова давяду пра вашыя паводзіны пану пробашчу.

 Калі ласка, не трэба нікому нічога даводзіць,  годна папрасіла мулатка.

Рудое кастрычніцкае сонца плавілася ў кляштарным вітражы. Жоўта-барвовыя лісты нячутна зляталі з шатаў старасвецкага сада. Ад бульбяных палеткаў варшаўскага мудзілы-асадніка цягнула горкім дымам спаленага бацвіння. Спаланізаваны ліцвін Тадзік Касцюшка маркотна пасміхаўся дзеткам-беларусам з партрэта ў залачонай раме. На падворку стаяў 1925 год.

 Сястра Тэкля, не кажыце пану пробашчу,  Ісабэль шчыра прыклала кулак да сэрца.  Гэта мая віна, мая віна

Сястра Тэкля была тоўстай, добразычлівай і спагадлівай цёткай. Яна вырашыла нікому нічога не казаць, бо па-першае, Ісабэль ужо мела рахунак сумлення, а па-другое, асаблівай правіны за мулаткай не было. Цікаўнасць да першасных полавых прыкметаў кармелітка палічыла натуральным памкненнем сіротаў, якія паспелі пазабыцца на бацькоўскія ласку і суворасць. У гэтую кармеліцкую Школу Падставову траплялі толькі тыя дзеткі, у каго не засталося бацькоў.

 Маладыя гады, маладыя жаданні спагадліва пасміхнулася мнішка,  няма на вас, небаракі, бацькі Хаця б хроснага.

2

Празрыстая алкагольная кропля павольна выкацілася з навюткага меднага змеевіка і завісла над донцам, нібы вагалася: сарвацца адразу ці падгадавацца яшчэ. Але яе ўжо падганялі сотні сёстраў-блізнятак. Імгненне і струмок бураковага первака зацурчэў у ёмістую металёвую бочку.

 З пачынам, хлопцы,  пасміхнуўся хударлявы дзядзька ў акулярах, падобны да вясковага настаўніка. Ён адрэгуляваў венціль, і стрэлка манометра знерухомела,  ну што, Хросны, каўтнеш?

 Не для сябе робім, на продаж. Янкі і пакаштуюць,  разважліва азваўся з гулкай паўцемры хрыплаваты барытон.

Пад конус электрычнага святла да гіганцкага самагоннага апарата выйшаў немалады ўжо мужчына са слядамі шматлікіх ліхтугаў на абліччы. Шнары і маршчыны на ягоным твары складаліся ў малюнак, які сведчыў пра вялікі розум і нялёгкі жыццёвы досвед.

Абрысы вялізнага індустрыяльнага памяшкання размываліся вільготнай цемрай. Словы, крокі і цурчэнне струменьчыкаў адгукаліся сцішаным рэхам. Дзесяткі драбнейшых самагонных апаратаў булькацелі, вывяргаючы паўпразрыстую пару. У паветры лунаў чароўны водар первака. Незлічоныя пляшкі каля сценаў міжволі вабілі вока таямнічым бляскам.

Той, каго хударлявы дзядзька ў акулярах назваў Хросным, сеў за пашарпаны палісандравы стол пад вакном, запаліў лямпу і адчыніў фортачку. Скразняк зашаргацеў лісткамі насценнага календара з выявай Маці Божай Вастрабрамскай.

Калі тэхналагічны працэс на гіганцкім апараце быў канчаткова адладжаны і заставалася адно чакаць, калі наспее час змяніць бочку, да Хроснага пацягнуліся хаўруснікі. Беларускія мужчыны паселі на доўгую лаву і годна памаўчалі, адно шморгалі насамі. Хударлявы ў акулярах няспешна выцягнуў з вялікай капэрты колькі беларускіх газетаў.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3