Лабановіч, аднак, ніяк не зрэагаваў на дзіўную птушку, а таму Хросны палічыў за лепшае зрабіць выгляд, што так і мае быць. Мо, у Яблонаўшчыне завядзёнка такая?
Дзядзька, Янка ляснуў далонню па стойцы, нам падесці і па піве. Калі мы зараз не выпем за знаёмства, гэта будзе ненатуральна.
Тады ўжо лепш па чарцы. Частую, удзячны Хросны выцягнуў з кішэні пачак банкнотаў і позіркам прафесійнага бутлегера ўважліва прайшоўся па шэрагу бутэлек за спіной пейсатага шынкара ў чорнай ядвабнай камізэльцы. Кошты, як я разумею, выстаўлены за пляшку?
Хай пан не крыўдуе, але гэта за чарку. Не мая віна. Кошты на спірытусовыя напоі вызначае Рэч Паспалітая. Згодны з панам, кошты такія шалёныя, што пэўна сам маршалак Пілусудзкі, які таксама чарку кульнуць любіў, у труне прапелерам круціцца, шынкар хітравата скасавурыўся і накруціў на палец даўгі пейс. Але ж наш фундатар, ягамосць Навум Фабрыкант, дбае пра тутэйшых аматараў чаркі і шкваркі.
Шынкар рассунуў фіранкі на вялікім люстэкру, што вісела над барам. У ім адбіліся размаітыя пляшкі, схаваныя пад стойкай ад суворых вачэй паліцыянтаў. Там жа адпачываў нейкі нерухомы асілак са збітымі кулакамі, і на яго грудзях чорнымі глыжамі блішчэлі шнураваныя баксёрскія пальчаткі.
Маю гонар прапанаваць па людскіх коштах, інтымна прашаптаў шынкар, віно росо ўраджаю 1935-га года, кантрабанда з Сіцыліі, ухвалена самім папскім легатам. Калі ж паны праваслаўныя, і Папеж для іх не ёсць аўтарытэтам, рэкамендую крамлёўку. Кантрабанда з Усходу.
Хросны намацаў пад кашуляй залаты абразок падарунак Карлы Спагеці, замовіў пляшку віна для сябе і літруху гарэлкі для Лабановіча.
Ці не зашмат будзе? кіроўца Студэбекера задуменна ўзважыў пляшку-вежу.
А хто прымушае піць усё і адразу? справядліва запярэчыў уцякач з Бярозы-Картузскай.
Праз хвіліну наведвальнікі ўжо сядзелі ў куце каля адчыненага вакна. Злева ад стала блішчэла лакам жоўтае піяніна, справа зяленілася сукно більярда-амерыканкі. Са стойкі, як рулі карабінаў, выторкваліся кіі.
Ну што, за знаёмства? пасміхнуўся Янка.
А то!
Чарка і келіх мажорна бомкнулі. Хросны прыдзірліва пасмакаваў віно росо і знайшоў яго някепскім. Гледзячы, як новы знаёмца зухавата кульнуў чарку, былы чыкагскі бутлегер запаліў цыгарку і падрыхтаваўся выслухаць апошнія амерыканскія навіны ад праўдзівага янкі-беларуса. Хросны не ведаў ані людзей, якія наладзілі яму ўцёкі з канцлагера, ані новых бутлегерскіх груповак у Ілінойсе, ані нават таго, ці дзейнічае яшчэ ў Паўночна-Амерыканскіх Злучаных Штатах Сухі Закон. Імя цяперашняга прэзідэнта і тое было яму невядомае.
Янка, ты? Прывітанне! ад дзвярэй прагучаў тэнарок з лагодным жыдоўскім акцэнтам. А казалі, што цябе з амерыканскага пастарунка адразу ў турму павезлі!
Янкель? Ходзь да нас! Лабановіч гасцінна адсунуў вольнае крэсла. Тамтэйшыя паліцыянты, вядома ж, мудзілы! Але мову, на якой з імі можна паразумецца, я ведаю.
Насцярожаны позірк Хроснага ацаніў хударлявую постаць Янкеля. З-за шкельцаў акуляраў жвава бліскалі вочы маладога местачковага гуманітрыя. З-пад пахі Янкеля высакародным бурштынам ззяла скрыпачка. Навершша доўгага смыка ў прыцемку ўспыхвала нібы знічка.
Смачна піць і есці, жыд-музыка гідліва глянуў на вэнджаныя свінячыя вушы ў місе, але далікатна змаўчаў, падсеў да стала з іншага боку і з дакладнасцю да грама аблічыў позіркам гарэлку ў пляшцы.
Таксама янкі? падазрона запытаўся Хросны.
Вядома ж! нахабныя вочы Лабановіча ласкава пасміхнуліся. З жыдамі мы, беларусы, заўсёды сябравалі і сябраваць будзем. І камерсанты выключныя, і музыкі шчырыя. Вось як наш Фінберг Янкель-музыка, сапраўдны Смык беларускі. У нашай бізнесовай грамадзе ён за самае прыемнае адказны: за падлік грошай і гармонію духу.
Музыка імпэтна крануў смыком струны.
Грамада з другога канца залы адразу ж адгукнулася:
са-абрала-ася бедна басота, ды гарэ-элку пе
І хаця неўзабаве скрыпка змоўкла, спевы, вядома ж, працягваліся, і кожны выводзіў на той матыў, які лічыў адзіна правільным.
Мы, хоць і не басота, але выпіць не зашкодзіць, Лабановіч спрактыкавана нахіліў рыльца да сваёй і Янкелевай чарак.
Глядзі Янка, пі, але без перабору, скрыпач узяў пляшку і манетай прадрапаў на этыкетцы рыску, за яе не пераходзь, а не тое будзе, як у той Амерыцы.