Віславусы паглядаў недаверліва. Маем гонар зрабіць прэзент, чакісты гасцінна прапанаваў загадзя падрыхтаваную сувенірную літруху крамлёўкі, бо ведаў: асаднікі з самааховы купяцца на яе адразу і без ваганняў.
Войт абярэжна ўзяўся за рыльца з рубінавай зоркай і праз шкло прымружыўся на штандар з Бялым Ожэлам. Ён трымаў пляшку ўрачыста і пераможна, нібы гетманскую булаву. То ест праўдзіва вудка! гукнуў войт.
Твары іншых асаднікаў імгненна праясніліся: слова вудка ўздзейнічала на сігнальную сістэму былых ваякаў, як чароўная флейта казачнага знішчальніка пацукоў на зубастых шкоднікаў.
Панове дыпламаты! Хлопцы, браточкі, таварышкі! войт з нечаканым сантыментам прыклаў далонь да сэрца, тут адзін амерыканскі злодзей з Бярозы-Картузскай уцёк. Ад ранку яго шукаем, з гэтымі словамі ён выцягнуў турэмны фотаздымак Хроснага: мо, бачылі такога?
Ды мы яго і самі шукаем, пасмялеў Баян і зноў разгарнуў нумар Абсэрвера. Дарэчы, якую вам прэмію за яго абяцалі?
Пан камендант дакляраваў тысенцу злотувэк за мёртвага і паўтысенцы за жывога.
Абяцанка-цацанка, а панове людзі разумныя. Мёртвым нам яго зусім не трэба, а за жывога дам дзве тысенцы, Баян красамоўна храбустнуў пачкам грошай.
Войт-асаднік прыўзняўся ў страмёнах:
Паны-братове! Усе чулі?!
Асаднікі радасна загулі, узнятыя над галовамі шаблі ваяўніча заблішчэлі на сонцы.
І ў дадатак скрыню крамлёўкі! канчаткова расшчодрыўся на карысць скарумпаваных асаднікаў таварыш Баян.
Гура!.. Нех жые!.. бязладна азваўся эскадрон.
Віславусы хіжа выставіў наперад дзіду са штандарам і зароў:
Пагоня!!!
Конскі пошчак змяшаўся з ваяўнічымі крыкамі вершнікаў-пянтосаў. Не мінула і хвіліны, як эскадрон асаднікаў знік за пагоркам. Над хмызамі навальнічнай хмарай узняліся спалоханыя крумкачы. На брукаванку пасыпалася лісце. Ад лесу трывожным шчасцем вярталася асадніцкае:
ня! ня!..
Кіроўца запусціў рухавік. Срэбная крылатая фігурка на радыятары Пакарда дробна закалацілася.
Вось ён прадажніцкі свет капіталу, задаволены вынікамі перамоваў таварыш Баян уладкаваўся на скураным сядзенні і па-хабёльску, нібы той Белы Арол, разваліў ногі, рана ці позна гэтыя асаднікі ўсё прададуць ды папрапіваюць. І сваю Рэч Паспалітую прафукаюць, не міне і колькі гадоў.
У перспектыве гасцінца зноў зявіліся вусатыя раварыстыя на тандэме тыя самыя.
Але чакістыя больш не звярталі на іх увагі.
10
Яблонаўскія краявіды лашчылі вока местачковай чысцінёй і патрыярхальным спакоем. Павапнаваныя коміны высіліся над старасвецкай дахоўкай і акуратнай гонтай. А дзе-нідзе, нібы навюткая златоўка, ззялі срэбрам ацынкаваныя бляхі дахаў. Празрыстыя дымкі з надворных вяндлярняў струнка выцягваліся да валошкавага неба. З пашы даносілася пастаральнае ценьканне званочкаў. Залаты певень на галоўнай вуліцы эмацыянальна тлумачыў нахабнаму прыхадню-індыку, што юрліва паглядаць на чужых курачак не надта прыстойна. З-за агароджы плябаніі добразычліва рохкаў ружоваскуры парсюк, і ў яго спагадлівых вачах адбіваўся надпіс JANKI на тэнтаваным кодабе Студэбекера.
Янка Лабновіч зухавата спыніў машыну каля нізкай стадолы з шыльдай SZYNOK RYHA над дзвярыма. З расчыненых вокнаў ліўся тужлівы спеў скрыпкі. Нябачны музыка жалосна выводзіў ці тое адну з пастараляў Агінскага, ці тое жыдоўскую народную песню Піня памірае.
Рыга! Прыехалі, дзядзька, кіроўца выбраўся з кабіны.
Хросны паглядзеў на шыльду, прымружыўся і нічога не сказаў. Безумоўна, ён спадзяваўся ўбачыць зусім іншую Рыгу, але супакоіў сябе думкай, што надпіс на стадоле ўсяго толькі супадзенне, а Янка проста жартуе. Статус уцекача не дазваляў быць залішне гаваркім і асабліва цікаўным. Былы вязень агледзеўся. Нічога падазронага ў вочы не кінулася. Спрадвечны жыццялад беларускага мястэчка гарантаваў спакой, а апетытнае шкварчэнне патэльні, крышталёвы звон чарак і меладычны енк скрыпкі абяцалі змястоўны адпачынак.
Тут, вядома, менш раскошы, чым у Гародні ці нават у Амерыцы, але ж мудзілы і сюды дабіраюцца, Лабановіч гасцінна адчыніў дзверы шынка, ну што, дзядзька. Дарога была доўгая. Падсілкавацца не зашкодзіць.
Хросны толькі быў падаўся наперад, як знерухомеў: ад касцёльнай званіцы раптам паляцеў спалоханы жураўліны крык. Былы палітзняволены неўпрыкмет узняў позірк. Вакол крыжа наразаў колы і трывожна клёкаў шэры жораў. На доўгай птушынай шыі чырванеў гальштук юнага ленінца з БССР.