Уладзіслаў Ахроменка - Янкі, альбо Астатні наезд на Літве стр 18.

Шрифт
Фон

Янукевіч неабачліва падаўся наперад. Боты непрыстойна рыпнулі. Пан камендант гідліва скрывіўся, але дайграў-такі жалобны накцюрн, праўда, без ранейшай пранікнёнасці.

 До вшысткіх дяблув, пся крэв,  піяніст зняў цяжкія ноты з пюпітра.

Палітвязні таропка пацягнулі бязногі музычны інструмент у суседні пакой.

 Пане камендажэ, мэльдую  ляснуў абцасамі жандар.

 Ну ты, Пярдолэк пердалёны,  сантыментальная задуменнасць імгненна выпетрылася з камендантавага твару,  і дзе падзеўся тэй гувняжны фацат Сміт-Весон?

 Шукамы  Янукевіч з жахам пазіраў на тое, як пальцы з адпаліраванымі пазногцямі сціснулі шырокі карэнчык нотаў, мною раскрытая разгалінаваная агентурная сетка

Жандар не паспеў скончыць рапарт па зубах яму ляснуў важкі, як цагліна ружанскага замка, зборнік накцюрнаў Шапэна.

 Даю табе яшчэ суткі на пошукі ўцекача,  пан камендант пасміхнуўся ласкава,  а як не зловіш, дык сам пойдзеш на яго месца. Пасаджу на ланцуг да тэрарыстаў забойцаў жандараў.

 Дык я ж ні ў чым, ні што, ні Божа ж мой  Янукевіч злізаў кроў з рассечанай губы.

 Калі ты пра Крымінальны Кодэкс і артукул карны, то не хвалюйся, знойдзецца. Натхнення і фантазіі ў мяне хопіць. Хочаш, згвалтаванне зарганізую?

У свой сіроцкі пакойчык жандар Пярдолэк вярнуўся зняважаным і знясіленым. Лавіць амерыканскага камінтэрнаўца не хацелася. Што са скуры вылузвацца? Усё адно марна! Думаць пра яго таксама. Хацелася нажлукціцца ды забыцца на ўсю ліхтужную брыду: і на пана каменданта з яго накцюрнамі і бязногім раялем, і на бездухоўных хамулаў-вязняў.

Але грошай у Пярдолка не было ўжо больш за тыдзень. Бліжэйшым месцам, дзе па чутках, жандарам налівалі ў крэдыт, быў шынок Рыга ў мястэчку Яблонаўшчына. Дабрацца туды можна было і па чыгунцы, але ўласная матацыклетка скарачала час на дарогу амаль удвая.

9

Вось ужо шэсць гадзін даўжэзны шляхотны Пакард крэйсіраваў па гасцінцы ў раёне Бярозы-Картузскай. Кожнага разу лімузін прыпыняўся пад сухой яблыняй-дзічкай. Пасажыр і кіроўца штораз скручвалі шыі, выглядаючы ўцекача амерыканскага камінтэрнаўца. Але нікога падобнага да яго так і не пабачылі.

Праўда, апоўдні на ўзгорку зявіўся дзіўны здвоены ровар. Тандэм міжволі прывабіў позіркі і Баяна, і падначаленага яму кіроўцы. Руляваў тандэмам немалады вусаты дзядзька з васпаватым тварам, у напаўвайсковым фрэнчы і запраўленымі ў боты галіфэ. Ззаду круціў педалі хударлявы, не стары яшчэ мужчына з псіхапатычным позіркам і нетутэйшымі тэатральнымі вусікамі, што чарнелі адно пад носам. На раме ровара надзейна мацаваўся землямерчы рыштунак.

Баян на ўсялякі выпадак выцягнуў зжаўцелую амерыканскую газету з абразлівым для тутэйшага цнатлівага вуха назовам Абсэрвер. З першай паласы на яго хітра мружыўся Хросны.

 Не супадае,  крыху расчаравана рэзюмаваў чакісты пасля таго, як кінуў позірк на дзіўнаватых фацатаў, і куды той амерыканскі таварыш падзеўся?

Тым часам вусатыя раварыстыя шпарка ўскаціліся на пагорак і зніклі з далягляду.

 А, можа, яго класавыя ворагі перахапілі?

 Так, ворагаў тутай яшчэ шмат,  таварыш Баян акуратна склаў газету,  паны-пілсудчыкі, падпанкі-асаднікі, ксяндзы-папы, мніхі з мнішкамі, бундаўцы, эсэры, сацыялісты, сіяністы, нацдэмы, беларускія буржуазныя нацыяналісты, буржуазныя паэты, буржуазныя дантысты, буржуазныя тэлеграфісты, буржуазныя смецяры

 Неўзаранае поле працы наперадзе!  радасна пагадзіўся кіроўца,  нічога, у Курапатах на ўсіх месцаў знойдзецца!

Не паспелі чакістыя сесці ў Пакард, як з-за пагорка пачуўся тупат быстрага каня. Неўзабаве на ўзвышшы зявіўся цэлы эскадрон вершнікаў. Блішчэлі шаблі, чарнелі рулі драбавікоў, а на дзідзе па-над галовамі лунаў штандар з ганарліва раскірэчаным Бялым Ожэлам.

 Нашто ты таварышу Праніку пра эскадрон белапалякаў наплёў?  кіроўца насцярожана сачыў за набліжэннем узброеных асаднікаў. Вось і сурочыў.

 Не ссы ў каністру!  асадзіў панікёра таварыш Баян.  Мы ж недатыкальныя. Імунітэт. Забыўся?

Сівы віславусы вершнік са штандарам на дзідзе спыніўся, падазрона зазірнуў у салон Пакарда, дзе трывожна маўчалі чакістыя.

 Естэм войтэм. А кім ёсць панове?  спытаў сівы і прытрымаў паточаную моллю канфедэратку.

 Естэсьмы дыпляматамі консуляту Звёнзку Радзецкего,  з гэтымі словамі таварыш Баян прадэманстраваў дыпламатычныя пашпарты.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3