Ужо дзесяць гадзін мінула, як Хроснага адшукаць не могуць. За гэты час не тое што да Баранавічаў, да самой Рыгі можна было дабрацца! Га?
Не зловяць уцекача да наступнай раніцы пагоняць з жандараў нашага Пярдолка, як з Гарадзенскага Цэнтрала калісьці выперлі.
Га? Так, чуў! Пярдолэк за дзеўкамі ў турэмнай лазні падглядаў!..
Дасведчаны грамадовец меў рацыю: тутэйшы сіротка Віктар Янукевіч хоць і выбіўся ў польскія жандары, але так і не здолеў пазбыцца ганебнай мянушкі Пярдолэк, як, зрэшты, і непрыстойнай манеры падглядаць за голымі дзяўчатамі.
6
Пакард выцягнулі на шашу валамі толькі пад раніцу. Браніраваны лімузін асабліва не пацярпеў рухавік запусціўся адразу. Але час быў беззваротна страчаны. Без сумневу, уцекача ўжо даўно шукалі жандары.
Змрочны кіроўца гнаў легкавік да абумоўленага месца. Таварыш Баян нервова падкручваў колца настройкі рацыі і шалохаўся ад кожнага гуку ў навушніку. Перспектыва зноўку пачуць голас Шалёнаса была для яго невыноснай.
Калі сонейка канчаткова паднялося па-над лесам, сеанс сувязі быў наладжаны.
Доўгія рукі, Доўгія рукі, адгукнуўся таварыш Пранік, гэта Халодная галава. Спадзяюся, таварыш амерыканскі камінтэрнавец ужо з вамі?
Дакладаю, таварыш Пранік! Мы сталі ахвярамі жахлівага тэракту, з уласцівай чакістым бездухоўнасцю схлусіў таварыш Баян, на нас здзейсніў наезд цэлы эскадрон баевікоў польскай лёгкай кавалерыі. Дзесяць белапалякаў забітыя, астатнія рассеяныя. Баявая машына атрымала лёгкія пашкоджанні, але час страчаны. Працягваем рух у бок Бярозы-Картузскай. Адстрэльваемся ад
Ну ты, стралок варашылаўскі, казёл смярдзючы, з бальшавіцкай непасрэднасцю абсёк падначаленага таварыш Пранік, мне па херу дым: кавалерыя, аэраплан, бронецягнік, дырыжабль ці бабскі батальён. Не даставіце мне амерыканскага таварыша выканаю асабіста. Можа, і грошы пілсудчыкі ў вас адабралі?
Не, чакісты спалохана заміргаў, народныя грошы, прызначаныя для тэрарыстычнай дзейнасці, згодна інструкцыі, можна згубіць толькі з жыццём!
Карацей, мудзілы, слухайце мяне сюды. Як не прывязеце нашага амерыканскага таварыша Сміта-Весона, будзеце ў мінскім парку Чэлюскінцаў з парашутнай вежы скакаць. Без парашутаў, вядома. Што скажаш?
Правільнае і вельмі своечасовае рашэнне, таварыш Пранік, зніякавела адказаў Баян.
З камуністычным прывітаннем, дарагія таварышы. Канец сувязі.
Дрыготкія рукі чакістага прыўзнялі скураное сядзенне. Эбанітавая скрынка рацыі заняла належнае месца ў тайніку побач з крамлёўскімі пляшкамі і ладным брыкетам буйных банкнотаў, загорнутым у газету Звязда.
Што ты так расхваляваўся? знізаў плячыма кіроўца. Спадзяюся, твой капэзэбовец усё правільна растлумачыў таварышу Сміту-Весону: схованка пад балотнай купінай, гумовы мех і вялікі амерыканскі самохуд. Хіба ў гэтых мясцінах можа трапіцца другі амерыканскі аўтамабіль?
7
Магутны даўжэзны Студэбекер упэўнена прасаваў гасцінец. Шырокія колы калаціліся на камянях брукаванкі. Сонца крышылася ў бакавым шкле, і Хросны павярнуўся да дзвёркі спіной.
Ой, дзядзька, я ж назвацца забыўся, кіроўца добразычліва падаў руку, Янка я. Янка Лабановіч. Не чуў? Пачуеш яшчэ. Мяне нават у Амерыцы кожны сабака ведае.
Хросны, уцякач з Бярозы-Картузскай са шчырай павагай паціснуў шырокую далонь.
Кіламетраў дзесяць ехалі моўчкі. Абапал гасцінца блішчэла збожжа ў яснай далі, сінелі міла васількі. Былы чыкагскі бутлегер асцярожна касавурыўся на маладога кіроўцу і прыкідаў ягоную вагу ў беларуска-амерыканскіх мафіёзных колах. Сам Лабановіч амаль не зважаў на позіркі пасажыра, насвістваў Янкі дудль і раз-пораз садзіў па рулі кулаком, нібы біў у лыч.
Нечакана ў перспектыве брукаванкі зявіўся нейкі шляхотны легкавік. Хросны абачліва схіліў голаў, прыкрыў твар далонню і асцярожна глянуў на гасцінец скрозь пальцы. Насустрач нахабна гнаў доўгі лакіраваны Пакард. Сонечныя прамяні зіхотка адбіваліся ад срэбнай крылатай фігуркі на нікеляваным радыятары. За лабавым шклом прамалёўваліся нейкія нетутэйшыя пысы.
Яшчэ адзін амерыканец, пракаментаваў Лабановіч.
У Амерыцы на гэткіх карах адно мудзілы і ездзяць, пасміхнуўся Хросны, бо згадаў, што менавіта на Пакардзе выправіўся ў свой апошні шлях да закінутых бойняў чыкагскі шэрыф. Ды не бачыў я ў нашай Амерыцы такога самохуда, крыху здзівіўся Янка. А вось мудзілы не зводзяцца.