Андрэй С. Адамовіч - Таўсьціла і лешч стр 6.

Шрифт
Фон

Устаў на калені і па адной сабраў трэскі ў пук. Праз хвіліну пірамідка была гатовая. Пасечанае дрэва прыемна пахла.

Прыяцелі вярнуліся з гальлём.

 Дроваў назьбіралі?

 Ты агняхвал ці што? Маліцца буш дровам? Хопіць нам.  Памаўчаўшы, Ткач дадаў: Мы там лаўжоў знайшлі, але браць ня сталі. Хтосьці зьбіраў. Спадзяваўся. Верыў. Таксама агняхвалы, думаю.

Максім паднёс запальнічку да трэсак і трымаў, пакуль не адляцела колца, а боль ня стаў нясьцерпным. Ён памахаў сьціснутым кулаком. Устаў і адкаціў тоўстую бярозавую калоду на мэтар ад вогнішча. У Віталя склалася ўражаньне, што Максіму трэба было патрымацца за гэтае бервяно, бо яму закруцілася галава, калі ён рэзка ўстаў.

Агонь узяўся. Максім запаліў, сеўшы на калоду. Ён узгадаў выпадак у дзіцячым летніку, калі вось таксама сядзеў, толькі быў яшчэ тонкім і нязграбным хлопчыкам, не такім нехлямяжым, як цяпер, але хуткім, толькі недакладным у рухах. І зь вялікімі, незаплылымі яшчэ вачыма. А важаты, што сядзеў побач, абняў яго за талію мяккаю й потнаю далоньню. І гэтая далонь лашчыла яго. Ніякай агіды ні тады, ні цяпер ён не адчуў. Узгадаў толькі, як спрабаваў неўпрыкмет яе адкінуць. Як гэта атрымалася, Максім не згадаў, бо задумаўся, што стала з тым хлопчыкам за ўсе гэтыя гады. Адзінае агульнае ў іх, што прыйшло яму да галавы,  нелюбоў да паху злоўленай рыбы.

 Ладна, фідарасы,  сказаў ён, дапаліўшы.  Давайце паспрабуем, што да чаго.

Ён узяў чорны неглыбокі тазік і даў яго Ткачу, каб той набраў вады. Калі Віталь прынёс яе, Максім выліў амаль усю ваду на зямлю й высыпаў у таз траціну пачка прыкормкі.

 Ты так не рабі. Ты ваду лі ў прыкормку. У мяне досьвед. І рукі.

Максім аддаў тазік Ткачу й той стаў перамешваць шараватую масу, якая адначасова пахла сьвежасьпечаным хлебам, чымсьці тонка ў печы падгарэлым, мёдам, кветкамі й чыстым, дыстыляваным смакам. Калі прыкормка была гатовая, Максім працягнуў Ткачу скрыначку зь белым апарышам і адсыпаў у газэтную старонку матыля. Віталь сышоў, прыхапіўшы свой футарал.

Праводзіўшы позіркам Ткача, Максім павярнуўся да сваёй вуды. Каля яе на лаве сядзеў Віктар з рачэўнямі ў руках.

 Дапаможаш?

 Чым?

 Трэба мяса прывязаць.

Максім вылаяўся як належыць, узгадаўшы, куды канкрэтна швагер мусіць прывязаць сабе гнільлё.

 Я званітую,  сказаў Віктар, не зьмяніўшыся тварам.

Сам не чакаўшы, Максім задумаўся. Штосьці было ў гэтым пераадольваньні сябе.

 Ведаеш, настолькі ідыёцкіх прапановаў мне яшчэ ніхто не рабіў.

 А ты маёй сяструсе?

 Так. Прыблізна такая ж ёб-тая ідэя была.

 А я твой фатэль да вады аднясу. Ты ж разам зь ім утопісься. Ці зламаеш што.

 Засьцялі стол газэтаю,  сказаў Максім і пайшоў шукаць у аптэчцы вату.

Ён узяў таксама нож, лёску й плястыкавую накрыўку ад торта, якую невядома нашто прыхапіў на рыбалку. Максім ужо хацеў вываліць гнільлё ў накрыўку, але сказаў швагру спачатку падрыхтаваць самі рачэўні. Гэта былі невялікія складныя конусы. У раскладзеным выглядзе ля вяршыні сыходзіліся два сагнутыя драты, якія Віктар завязваў між сабою нэйлёнаваю вяроўкаю, каб пасткі ня склаліся ў вадзе. Калі рачэўні былі гатовыя, Максім запаліў і вываліў мяса ў накрыўку.

Пакуль смурод не адчуваўся. Рыбак падхапіў нажом кавалак мяса й кінуў яго на стол. Торкнуўшы гнільлё, ён зрабіў у ім дзірку. Дым трапіў Максіму ў левае вока, той устаў і адышоў на некалькі мэтраў ад стала. Сьлёзы ліліся з абодвух шчылінаў, у якія ператварыліся рэфлекторна заплюшчаныя вочы. Віктар стаяў побач са шваграм.

 Праз пахно, так? Максім не адказаў.

 Э, на! Сюды, ля! Сама дастаў!  закрычаў ад берагу Ткач.

 Пайшлі паглядзім, не магу з гэтым мясам. Руку дай.

Так яны й спусьціліся да берагу. Максім з заплаканым тварам і Віктар, як хлопчык пры блазьне.

 Пранцы на цябе!  Віктар не прыхоўваў зайздрасьць.

Максім нарэшце адплюшчыў вочы. На беразе ляжаў лешч. Максім такіх не лавіў. На вока ў ім быў акурат кіляграм.

 Нармальны падлешч. Прам тут узяў?  запытаў Віктар.

 Не, б-я. На Дзьвіну зганяў.

 Гэта не падлешч. Гэта лешч. Ён жоўты й гарбаты.  Рыба падскочыла ў кірунку вады, але Віктар адсунуў яе нагой падалей.  Звычайна такога памеру белыя, але гэты жоўты й гарбаты. Вынікае, лешч. Віншую, калега.  Ткач падскочыў і абняў спачатку Віктара, а пасьля й Максіма.  Блін, а мы час на тваё лайно марнуем.  І Максім пачаў уздымацца да паляны, ставячы ногі на самыя вялікі карэньні з тых, якія трымалі бераг. Каб было лягчэй, ён лічыў крокі й намагаўся рабіць іх шырэйшымі.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3