Андрэй С. Адамовіч - Таўсьціла і лешч стр 5.

Шрифт
Фон

 Так,  сказаў Віктар.  Давайце не ўздымаць гэтую тэму. Ты мне лепш скажы, Макс, якая там плыня?

 Плыня там акурат для сама!  і мужчыны зарагаталі.

Машына ўехала ў лес. У багажніку штосьці адчувальна грукала, калі яны праяжджалі па ямінах. Максім трымаўся за стырно, а пасажыры за вочапкі над вокнамі. Максім узгадаў араматыку на ракаў і яго пацягнула на ваніты. Пакуль ня выехалі на раўнейшы ўчастак, усе маўчалі.

 Блін, намётаў жа! Пазаймалі ўсё.

 Ты яшчэ пра абарыгенаў не забывай.

Але на месцы, да якога яны ехалі, ніхто не расклаўся. Гэта была прадаўгаватая, уздоўж абрывістага, парослага дрэвамі берагу, палянка, з двума кругамі прагарэлых вогнішчаў, невялічкім сталом і лавамі пры ім. Крыху наводдаль зь неабдзертых камельчыкаў сасны й нейкіх галінаў была змайстраваная сушылка для рыбы.

 Аптымісты,  пракамэнтаваў Віктар.

Гарачыня зусім сышла. Максім адчыніў свае дзьверы й адну за адною высунуў ногі на вольны ад травы лапік пяску. Ён устаў і зрабіў чатыры крокі. Ногі крыху здранцьвелі. Максім пацягнуўся й набраў Марыю.

 Нічога ты ня зловіш. Можаш не спадзявацца.

 Дзякую на добрым слове.

 Толькі абавязкова сёньня закінь. Можа, і сёньня ня зловіш, і заўтра ня зловіш.

Хлопцы нешта крычалі ад вады, але словаў было не разабраць.

 Я так хачу ляшча. Бацька яго гатаваў і мяне навучыў. Гэты смак зь дзяцінства. Як ня зловіш, набяры мяне яшчэ раз. І перад сном абавязкова. Ты што замешваць будзеш?

 Эрэску спорт.

 І сабе, і Віце?

 Так. Можа, яму плотку. Пагляджу.

 Толькі плотку. Нават і ня думай яму ляшча мяшаць. Ці хай падалей адыдзе.

 Тут не адгадаеш, трэба паспрабаваць.

 Мама дала сто даляраў.

Марыя дала слухаўку Яну, і бацька сказаў яму колькі словаў. Сын быў не ў гуморы і не адказаў. Хлопцы неўзабаве вярнуліся і ўзяліся за намёт. Ставілі збольшага лаянкаю. Максім паліў на лаве, бо зьбіраўся спаць у машыне. Намёт быў чужы, дый піва яшчэ ня выйшла, і хлопцы ніяк не маглі даць рады. Малады бацька спусьціўся да вады.

Мясцовыя паставілі кружкі. Два чалавекі ў драўлянай, фарбаванай у зялёнае лодцы плылі на вёслах уверх, да пасёлка. На тым беразе палілі вогнішча. Краявід псавалі толькі высачэзныя, тонкія антэны, відаць, нейкай вайсковай радыёлякацыйнай часткі. Максім паглядзеў на іх яшчэ раз і падумаў, што яны стаяць тут так даўно, што нічога ўжо не псуюць, і што, можа быць, менавіта для вайсковых патрэбаў, як люстра для радара, запрудзілі гэтае вадасховішча, і каб не радар, тут была б нешырокая ручаіна. Агледзеўшы бераг, Максім сабраў колькі пакетаў ад прыкормкі, пустую бутэльку, недапалкі і зь дзясятак накрывак.

У вадзе ўздоўж берагу ляжала бервяно. Максім апусьціў далонь у ваду. Лешч, прыходзь да мяне, ты вялікі й разумны лешч, а я тоўсты й слабы, але я даўно чакаю цябе, прыходзь, лешч. А пасьля, падумаўшы, дадаў: Ці не прыходзь. Мне ўсё адно, лешч.

Ля вады было крыху сьвятлей, чым на палянцы, але пачыналі спадаць прыцемкі. Максім узьняўся берагам да машыны. Аддыхаўшыся, ён адчыніў багажнік і выцягнуў па чарзе дзьве вялікія торбы, фатэль, фідар і пікір для Віктара. Сваіх вудаў у швагра не было. Сябры акурат далі рады з намётам.

 Ну, што, Віталь, далучысься да фідарасаў? Ці буш свайго сама чакаць?

Прапанова была чыста рытарычнай, бо для яго ўсё адно не было ні фідару, ні пікіру. Віталь расшпіліў свой футарал і выцягнуў адтуль два матавіньні зь лёскаю, грузіламі, кручкамі й гумаю. Максім адвярнуўся.

 Назьбірайце вы лепш дроваў.

 А той сеткі ня хопіць?

 Можа, і хопіць. Але вы піць будзеце, хоць пры вогнішчы паседзіцё.

Ткач і Віктар сышлі, захапіўшы з сабою літруху. Максім выцягнуў дровы з багажніка й разрэзаў сетку нажом. Узяў сякеру й нарабіў трэсак. Аддыхаўся. Устаў на адно калена й пачаў складаць пірамідку. Моцна ікнуўшы, ня даў рады, і лускі разваліліся. Максім набраў паветра ў грудзі, але ня вытрымаў і дзесяці сэкундаў. Ікаўка вярнулася агрэсіўнейшай.

Ён агледзеўся. Да поўнай цемрадзі заставалася ня больш за гадзіну. Максім нагою пнуў трэскі й поскакам кінуўся да вудаў. Ён разьвязаў вяровачкі, выцягнуў фідар з чорнай шаўкавістай тканіны, прыхіліў да машыны. Уставіўшы каленцы адно ў адно, колькі разоў секануў паветра над галавою. Хутка выцягнуў шпулю й прыкруціў яе да вуды. Пачаў цягнуць пляцёнку праз колцы, але раптам спыніўся. Паставіў вуду да негабляванай дошкі лавы й вярнуўся да вогнішча.

Устаў на калені і па адной сабраў трэскі ў пук. Праз хвіліну пірамідка была гатовая. Пасечанае дрэва прыемна пахла.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3