А можа, і сама возьмеш, падбрэхнуў Віктар. Максім падумаў, што дно прамерваць і не абавязкова. Ён заўсёды запісваў профілі ў нататнік і ўчора яго пераглядаў. Самымі пэрспэктыўнымі месцамі былі ніжняя броўка на пяцьдзясят тры абароты й пераход ад ракушачніка да глею на стале, які, відаць, быў рэчышчам, каля шасьцідзесяці двух абаротаў. Марыя раіла лавіць там, дзе сканчаўся ракушачнік. Але штосьці падказвала Максіму, што броўка пэрспэктыўнейшая.
Вяртаючыся дадому пасьля няўдалай рыбалкі, Максім заўсёды намагаўся пераканаць сябе, што гэта быў апошні раз, калі ён выправіўся, але Марыя заўсёды раіла яму не адчайвацца й давесьці справу да канца. Калі ўзяўся злавіць ляшча злаві! казала яна. І звычайна дадавала: Ляшча злавіць ніколі ня позна! Кожнага разу ў яе атрымлівалася яго ўпэўніць, хаця аргумэнты нагадвалі зборнік народных прымавак.
Слухайце, а ў вас бацькі жывых карпаў набывалі?
Яшчэ б, адказаў Ткач, набывалі ўвесь час. Я іх ненавіджу, гэтых карпаў.
Мама таксама набывала, сказаў Віктар. Я помню, яны ў ваньне плавалі, а я ім мыла туды нацёр. Па-мойму, здохлі. Дрэнна помню. Добра помню, што срака балела. Ух ты ж, бля! Глядзі, што здарылася!
З правага боку ў кювэце валяліся дзьве машыны. Каля абедзьвюх няхутка хадзілі людзі. Пасярэдзіне правай паласы, сярод аскепкаў шкла й каляровага плястыку, стаяў трохколавы ровар, так, нібы ня вываліўся з багажніку пры сутыкненьні, а быў кімсьці акуратна пастаўлены, каб можна было сесьці й паехаць. Сьветлай дарогай дзяцінства, падумаў Максім і зглынуў.
Можа, спынімся?
Там шмат людзей, адказаў Віктар Ткачу, мы ня лекары й не ратавальнікі. Чым мы дапаможам? Дый дапамога там непатрэбная, там усё ў блін. Хіба што папоў выклікаць. Таксама з сэйвамі хтосьці ехаў.
Максім рэзка павярнуў улева, бо даехалі да патрэбнага скрыжаваньня.
Бляха, сказаў Ткач. Вы ровар дзіцячы бачылі?
Бачылі, адказаў Максім. Лепш да сьмерці ці калекаю?
Каму як. Ты вунь па атлусьценьні хутка інваліднасьць атрымаеш, а па ляшча езьдзіш.
Кіроўца ікнуў. Пасажыры засьмяяліся.
Што вы за сьвіньні. Вы толькі што, лічыце, на мёртвага дзіцёнка паглядзелі, а самі сьмеяцеся, сурёзна сказаў Макс, але, зірнуўшы на профіль Віктара дый ікнуўшы, і сам засьмяяўся, хаця нічога сьмешнага па-ранейшаму ня бачыў.
Эх, злавіць бы сёньня ляшча сказаў Максім праз колькі хвілін.
Віктару падалося, што ў Максіма сьлязяцца вочы і ён хутка заплача, але той апошнім часам напраўду набраў шмат вагі й пры росьце ў сто семдзесят сантымэтраў пераваліў за сто дзесяць кіляграмаў. Ён увесь час пацеў, поры на скуры зрабіліся вялікімі й часткова былі забітыя чорнымі кропкамі, зуб за іклам выпаў і быў заменены на жалезны пратэз, валасы, сабраныя ў хвост, парадзелі. Можа быць, пачырванелыя вочы былі адною з праяваў яго нездароўя.
Яны ехалі старою дарогаю, якою цяпер амаль ніхто не карыстаўся, але асфальт быў добры. Паабапал стаялі вязы. Максім падумаў, што яны зьехалі на гэтую дарогу, нібыта ў апавяданьне Чорнага, і зараз на шашу мусіць выскачыць згаладалая карова, уздымецца туман, а кара дрэваў стане мокрай і будзе аддаваць паветру цягучы пах. На ўзбочыне зьявілася заўважаная адно кіроўцам лісіца. Але было па-ранейшаму горача й амаль ясна.
Яны ўехалі ў нейкі пасёлак. Віктар ня ведаў які, магчыма, гэта быў ускраек Асіповічаў. Дзень сканчаўся.
А што як ня зловіш ляшча, Макс? Віктар піў ужо другі літар.
Злаўлю наступным разам.
Ты яго два гады ўжо ловіш. Мо лепш у самотнікі, як Ткач? У сама паклёўка раз на год, ня так крыўдна не злавіць, як ляшча твайго. Ты ўжо колькі езьдзіш?
Восемдзесят дзявяты раз.
За дзевяноста разоў можна было яго прынамсі выхапіць. Давай да соткі дагоніш і спынісься. Як табе такі варыянт?
Заўтра я выцягну ляшча трошніка. А можа, і большага. Можа быць, такога, што ты зь ім зможаш выпіваць.
Не, такога ляшча ня трэба. Такіх ляшчоў у мяне ўжо шмат. Выцягні такога, каб ім можна было закусіць.
Усе трое сурёзна заківалі. У Ткача ажыў тэлефон. Спачатку мужчына казаў ціха й салодкім голасам, пасьля апраўдваючыся.
Кінула слухаўку, сказаў ён спакойна.
Я гэтаму кажу і табе скажу. Пастаў ты яе на месца. Што вы ня як мужыкі. Раз на месяц ты ня можаш у рыбу зьезьдзіць? Тым больш ты сурёзны чалавек, дом свой, машына, бізнэс свой. Што яна яшчэ хоча?
Так, сказаў Віктар. Давайце не ўздымаць гэтую тэму. Ты мне лепш скажы, Макс, якая там плыня?