Крадзеным збожжам выкормлiвала ў год некалькi парсюкоў i прадавала iх там, дзе было больш выгадна. Ёй былi вядомы ўсе рынкi ў Менску i Вiльне. Цяжка было адной, i яна знайшла памочнiкаў: мясцовага п'янiцу Мiкiту Бычка, якi пад чаркай прадаў бы не толькi парсюка, але i родную мацi, каб яна была жывая, i леснiка Стася Парахню - сябра нябожчыка Калiны.
Самагонку Калiнiха гнала даўно, толькi не памногу. Калi падраслi дочкi, яна стала гнаць болей. Да выпiўкi, вядома, патрэбна i закуска, а яе ў Калiнiхi хапала. Такiм чынам на Калiнiшыным хутары адчынiлася карчма, толькi нелегальная. Тут збiралiся п'янiцы, гультаi i зладзеi - усе тыя, каму грошы дастаюцца лёгка i несумленна.
Усё гэта ведаў Раман яшчэ да армii. Перад самым яго адыходам на службу Калiнiха аддала замуж старэйшую дачку. Надзя тады яшчэ хадзiла ў школу.
III
Калi Раман сказаў бацьку, што хоча ажанiцца з Надзяй, той доўга маўчаў.
- З Калiнiшынай дачкой?.. - спытаў ён нарэшце.
- А пры чым тут Надзя? - узарваўся Раман, адразу зразумеўшы, што бацька не адабрае яго выбару. - Яна не такая!
- А ты добра прыгледзься.
- Я прыгледзеўся ўжо! Два месяцы з ёй хаджу, калi хочаце ведаць.
- Ведаю! Два месяцы мала.
- Я ў хаце ў iх бываю.
- Ну i што?
- Што? Добрая сям'я, вось што. Людзi языкамi прывыклi малоць: Калiнiха сякая, Калiнiха такая... А яна таксама нямала перажыла.
Бацька ўсмiхнуўся:
- Перажыла, кажаш?
- Так... I калi хочаце ведаць, я кахаю Надзю, i мне лепшай жонкi не трэба.
- Мабыць, i чаркай частавалi, - сказаў нiбы мiж iншым бацька, i гэта апякло Рамана. Апякло таму, што i сапраўды частавалi, i не адзiн раз. Ён так прывык да гэтага, што iшоў да Надзi i заўсёды спадзяваўся, што там вып'е.
- Што ж, можа, i сапраўды яна не такая, - прамовiў бацька. - Бывае.
Цяжэй было ўгаварыць мацi.
- Да Калiнiхi ў прымакi iдзеш, сынок? - з жалем запытала яна.
- Чаму ў прымакi? Я Надзю да сябе бяру.
- А я чула, што Калiнiха да Надзi прымака хоча ўзяць, каб з дачкой i зяцем да смерцi дажыць...
- Языкамi людзi мелюць.
- Я не ад людзей, а ад яе самой чула, яшчэ калi ты ў армii быў.
Гэта крыху ўразiла Рамана. Тады ж Надзя ў школе вучылася. Няўжо Калiнiха ў той час думала пра Надзiна замужжа? А сама Надзя? Яна ж хацела вучыцца далей. Глупства ўсё гэта. Раман так i адказаў мацi.
- Глупства. Калiнiха пажартавала.
- Не ведаю, сынок... Але наўрад цi ўжывёмся мы з ёю...
- Вось як! А хто не ўжывецца, вы цi яна?
- Я ёй, мабыць, не дагаджу.
- Ёй не трэба дагаджаць!
Доўга цягнулiся такiя размовы, нарэшце адгулялi вяселле, i Надзя перайшла да Рамана.
IV
Той нядоўгi час, калi Надзя жыла ў Раманавых бацькоў, пакiнуў у яго душы такi горкi i балючы асадак, што пра яго не хацелася ўспамiнаць. Першыя днi маладая была ласкавая i прыветная. Не Раманавы бацькi дагаджалi ёй, а яна iм. А потым Надзю нiбы падмянiлi. То яна цэлыя днi нi з кiм не гаварыла, то адмаўлялася есцi, то плакала без прычыны. "Што з ёй?" - думаў Раман. Адказаць яму магла б толькi мацi, але яна маўчала. Справа ў тым, што Калiнiха вельмi часта наведвала дачку. Яны iшлi ў другi пакой i там падоўгу шапталiся. Мужчыны былi на рабоце i нiчога не ведалi. Мацi хацела сказаць пра гэта бацьку, але не адважвалася. Раман можа пакрыўдзiцца. Навошта падымаць лiшнi вэрхал у хаце? Што за бяда, калi мацi прыйдзе да дачкi? Аднак сэрца чула, што робiцца нешта нячыстае, нядобрае.
Маладая ўжо наседзелася дома, i ёй пара было выходзiць на работу. Аднойчы ў нядзелю, калi яны засталiся адны дома, Раман хацеў пагутарыць аб гэтым з Надзяй. Але яна апярэдзiла яго.
- Раман, - сказала яна, - ты ўсё жыццё будзеш працаваць у калгасе?
- А чаму не? - здзiвiўся Раман. - Я хацеў сказаць, галубка, што i табе пара iсцi на работу.
- У калгас?
- А куды ж больш?
Надзя пазелянела. Такою яе Раман нiколi не бачыў.