Як фальклорныя дайшлі да нашых дзён вершы Яна Баршчэўскага Гарэліца, Дзеванька. У Пецярбургу пісьменнік выдаваў часопіс Незабудка, дзе друкаваў шмат матэрыялаў з жыцця беларусаў. Пасля разгрому сялянскага паўстання, у час вобыску ў Крошыне ў хаце таленавітага паэта-самавука Паўлюка Багрыма, беларускага Шаўчэнкі, быў знойдзены ўрывак аднаго з вершаў Яна Баршчэўскага.
У творах народнага складу ішлі актыўныя пошукі раскрыцця адметнасцей нацыянальнага характару беларусаў. Верш Я. Баршчэўскага Дзеванька (Ах, чым жа твая, дзеванька, галоўка занята) стаў папулярнай народнай песняй аб каханні, долі-нядолі беднай вясковай дзяўчыны, якая вымушана хаваць свае сапраўдныя глыбокія душэўныя пачуцці пад наўмыснай весялосцю. Песня была вельмі распаўсюджана ў народзе, яе любіла спяваць беларуская шляхта ў час застолляў.
Вершаваная паэма Рабункі хлопаў раскрывае стыхійнае бунтарства сялян, даведзеных да адчаю мясцовымі панамі і чужаземнымі заваёўнікамі (дзеянне адбываецца ў маёнтку пад Полацкам у 1812 г.). Карыстаючыся прыходам французскага войска, вяскоўцы заняліся экспрапрыяцыяй (рабункі нарабаванага) панскай маёмасці, вырашылі ўстанавіць новыя парадкі, але далей намераў не пайшлі, перапіліся, пабіліся і зноўку здаліся на літасць паноў. Ад стыхійнага бунтарства да актыўнага ўдзелу ў рэвалюцыйнай барацьбе такі шлях яшчэ не хутка пройдзе беларускае сялянства.
Характэрнай асаблівасцю развіцця новай беларускай літаратуры стала тое, што першыя арыгінальныя мастацкія творы на беларускай мове распаўсюджваліся ў асноўным сярод сялянства, а змаганне за беларускую мову і літаратуру было неаддзельнае ад абароны правоў простага люду, ад яго змагання за волю і лепшую долю. Пачынаць даводзілася з арганізацыі паасобных гурткоў: фальклорных, краязнаўчых, драматычных.
Усё больш перадавой разначыннай інтэлігенцыі гарнулася да беларускага слова, імкнучыся даць народу асвету, літаратуру на роднай мове. Сярод пачынальнікаў новай беларускай літаратуры варта ўпамянуць імёны Арцёма Вярыгі-Дарэўскага, Францішка Багушэвіча, Адама Кіркора, Адэлі з Устроні, Элігія Карафа-Корбута (Я. Вуля), Вінцэся Каратынскага, Франца Савіча, Вікенція Равінскага, Кастуся Каліноўскага, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Алаізы Пашкевіч (Цёткі), Каруся Каганца. Вядучае ж месца ў стварэнні новай беларускай літаратуры належыць тром зоркам першай велічыні Максіму Багдановічу, Янку Купалу і Якубу Коласу.
Калі пра класікаў беларускага мастацкага слова мы ведаем многае, дык пра тых, хто пачынаў пісаць свае творы і па-польску і па-беларуску, хто ствараў іх на беларускім матэрыяле, вядома няшмат. Часта аўтары не называлі сябе беларускімі пісьменнікамі. У сваіх творах яны ўзгадвалі, як і А. Міцкевіч, старадаўнюю назву беларускіх зямель Літва, а самі называліся літвінамі.
Нялёгкі лёс выпаў Францу Савічу (1815 каля 1845). Беларускі дзекабрыст Ф. Савіч, сын святара з-пад Мінска, утварыў Дэмакратычнае таварыства ў Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі, дзе ён вучыўся. За сваю рэвалюцыйную дзейнасць, як у свой час М. Ю. Лермантаў, А. I. Паляжаеў, А. А. Бястужаў-Марлінскі, Ф. Савіч быў сасланы ў дзеючую армію на Каўказ, уцёк адтуль, праз Маздок, Стаўрапаль, Таганрог дабраўся да Малдавіі, каб пераправіцца ў Румынію, але быў затрыманы як беглы салдат. Яго зноў чакала салдатчына. Пазней Ф. Савіч заняўся медыцынскай практыкай, ратаваў людзей ад халеры, але сам не ўсцярогся, памёр ад гэтай хваробы. Пахаваны ў Астрожску ва Украіне.
У паэме Адэлі з Устроні Мачыха родная зямля ў неспрыяльных умовах уціску і несправядлівасці стала мачыхай для дзяўчыны, лёс якой склаўся нешчасліва, бо яна рана засталася сіратой. Злая мачыха забараняе ёй сустракацца з любым. Паэма напісана ў форме плачу-галашэння спакутаванай душы, якая трывожыцца за лёс каханага, нагадвае плач Яраслаўны на гарадской сцяне ў Пуціўлі. Гэта сведчыць аб несумненным таленце стваральніцы і трываласці мастацкіх традыцый Слова пра паход Ігаравы ў беларускай літаратуры. Назва прытока Нёмана Устронь стала псеўданімам аўтаркі, сапраўднае імя якой, гады нараджэння і смерці невядомы.
З глыбінь народнага жыцця нараджаліся творы, аўтары якіх пад сваімі імёнамі, пад псеўданімамі распавядалі пра лёс і лад думак беларуса.
Адным вершам вядомы пісар Віцебскай палаты дзяржаўных маёмасцей Э. Карафа-Корбут, які запісаў у альбом свайму паплечніку А. Вярыгу-Дарэўскаму наступныя радкі (К дудару Арцёму ад наддзвінскага мужыка):