Вы толькi ўявiце сабе ўсю важнасць гэтае падзеi! Каб вы толькi ведалi, як я буду рады пазбавiцца, нарэшце, ад гэтай канцэнтрацыi ўсiх сiл на мезазойскай эры, якой, здавалася ўжо мне, не будзе канца, якое задавальненне атрымаю я ад замены палеантолагаў гiсторыкамi... Вы, здаецца, штосьцi хацелi паведамiць мне? Ну, давайце выкладвайце, што ў вас там? Кажыце ж. Вы засталi мяне ў добрым настроi i можаце атрымаць усё, што пажадаеце.
- Я вельмi рада, - мiс Фэлоўз усмiхнулася. - Мяне якраз цiкавiць адно пытанне: цi не маглi б вы распрацаваць сiстэму адукацыi Цiмi?
- Адукацыi? Якой яшчэ адукацыi?
- Ну, агульнай адукацыi. Я маю на ўвазе школу. Трэба даць яму мажлiвасць вучыцца.
- Але цi можа ён вучыцца?
- Безумоўна, ён ужо вучыцца.
Ёй падалося, што настрой у Хоскiнса раптам рэзка пагоршаў.
- Я нават не ведаю, што вам на гэта i адказаць, мiс Фэлоўз.
- Але ж вы толькi што паабяцалi, што выканаеце любую маю просьбу...
- Я гэта помню. На жаль, у дадзеным выпадку я зрабiў гэта неабдумана. Я думаю, што вы добра разумееце, мiс Фэлоўз, што мы не можам працягваць эксперымент з Цiмi да бясконцасцi.
Ахопленая раптоўным жахам, яна глянула яму ў вочы, яшчэ не ўсвядомiўшы да канца сэнсу сказаных толькi што слоў. Што ён меў на ўвазе пад гэтым "не можам працягваць"? Яе раптам нiбы азарыла - яна ўспомнiла прафесара Адэмеўскага i мiнерал, адасланы назад пасля двух тыдняў яго знаходжання ў Стасiсе...
- Але цяпер гаворка iдзе пра хлопчыка, а не пра абломак каменя...
Хоскiнсу вiдавочна было не па сабе.
- У выпадках, падобных на гэты, нават дзiцяцi не трэба надаваць занадта вялiкай увагi. Цяпер, калi мы спадзяёмся раздабыць людзей, што жылi ў гiстарычную эпоху, нам спатрэбяцца ўсе памяшканнi Стасiса.
Яна ўсё яшчэ нiчога не разумела.
- Але вы не зробiце гэтага. Цiмi... Цiмi...
- Ну, ну. Не прымайце ўсё так блiзка да сэрца, мiс Фэлоўз. Магчыма, Цiмi прабудзе тут яшчэ некалькi месяцаў, i за гэты час мы пастараемся зрабiць яму ўсё, што ў нашых магчымасцях.
Яна ўсё так жа моўчкi глядзела на яго.
- Цi хочаце вы чаго-небудзь выпiць, мiс Фэлоўз?
- Не, - прашаптала яна. - Мне нiчога не трэба.
Ледзь усведамляючы, што робiць, яна з цяжкасцю паднялася на ногi i нiбы ў кашмары выйшла з пакоя.
"Ты не памрэш, Цiмi, - думала яна. - Ты не памрэш".
* * *
З таго часу яе неадступна мучыла думка пра неабходнасць неяк ухiлiць Цiмi ад гiбелi. Але думаць гэта адно, i зусiм другое - ажыццявiць задуманае. Спачатку мiс Фэлоўз упарта трымалася за надзею, што спроба перанесцi каго-небудзь з ХIV стагоддзя ў наш час закончыцца поўнай няўдачай. Хоскiнс мог дапусцiць памылку, з пункту гледжання тэорыi эксперыменту, маглi таксама выявiць пралiкi ў метадзе яго ажыццяўлення. I тады ўсё засталося б па-старому.
Астатняя частка чалавецтва спадзявалася, вядома, на супрацьлеглы зыход, i мiс Фэлоўз насуперак розуму ўзненавiдзела за гэта ўвесь свет. Ажыятаж, якi ўзняўся вакол "Праекта Сярэднявечча", дасягнуў найвялiкшага напалу. Друк i грамадскасць згаладалiся па чым-небудзь надзвычайным. Акцыянерная кампанiя "Стасiс Iнкарпарэйтэд" даўно ўжо не давала такой сенсацыi. Нейкi там новы камень альбо выкапнёвая рыба ўжо нiкога не хвалявалi. А гэта было якраз тое, што трэба.
Чалавек, якi жыў ужо ў гiстарычную эпоху, дарослы iндывiд, якi гаворыць i на цяпер зразумелай мове, той, хто дапаможа вучоным узнавiць невядомую дасюль старонку гiсторыi.
Той вырашальны час наблiжаўся, i на гэты раз ужо не толькi трое на балконе павiнны стаць сведкамi такое важнае падзеi. Цяпер увесь свет ператвараўся ў велiзарную аўдыторыю, а тэхнiчнаму персаналу Стасiса наканавана сыграць сваю ролю на вачах усяго чалавецтва.
Сярод пачуццяў, што бушавалi ў душы ў мiс Фэлоўз, не было толькi аднаго яна не паддалася ўсеагульнаму псiхозу радаснага чакання.
Калi Джэры прыйшоў, як звычайна, гуляць з Цiмi, яна ледзь пазнала яго. Сакратарка, якая прывяла яго, кiўнула ёй дзеля прылiку галавой i пабегла. Яна спяшалася заняць добрае месца, адкуль ёй удасца сачыць за ўвасабленнем у жыццё "Праекта Сярэднявечча".