- Калi зыходзiць з яго росту, то яму не больш за тры гады, але неандэртальцы ўвогуле нiзкарослыя, а калi ўлiчыць характар тых доследаў, якiя праводзяцца над iм, то ён, можа быць, зусiм перастаў расцi. А зыходзячы з таго, як ён засвойвае ангельскую мову, можна заключыць, што яму больш за чатыры.
- Гэта праўда? Я штосьцi не заўважыў у дакладах нi слова пра тое, што ён вучыцца гаварыць.
- Ён не будзе гаварыць нi з кiм, апрача мяне, ва ўсякiм разе цяпер. Ён усiх страшэнна баiцца, i гэта не дзiўна. Ён можа, напрыклад, папрасiць якой-небудзь пэўнай ежы. Больш таго, ён можа выказаць любое сваё жаданне i разумее амаль усё, што я кажу яму. Зрэшты, не выключана, што яго развiццё спынiцца.
Сказаўшы апошнюю фразу, мiс Фэлоўз напружана сачыла за выразам яго твару, iмкнучыся выявiць, наколькi своечасова закранула яна гэтае пытанне.
- Чаму?
- Кожнаму дзiцяцi патрэбна пэўная стымуляцыя, а Цiмi жыве тут, як у адзiночным зняволеннi. Я раблю яму ўсё, што мне па сiле, але ж я не ўвесь час каля яго, акрамя таго, у мяне няма мажлiвасцi даць яму ўсё, што яму трэба. Я хачу сказаць, доктар Хоскiнс, што яму трэба гуляць з якiм-небудзь iншым хлопчыкам.
Хоскiнс паволi схiлiў галаву.
- На жаль, мы маем усяго толькi аднаго такога хлопчыка. Беднае дзiця!
Пачуўшы гэта, мiс Фэлоўз адразу памякчэла.
- Вы ж любiце Цiмi, праўда? - Было так прыемна ўсведамляць, што яшчэ нехта мае да дзiцяцi цёплыя пачуццi.
- Вядома, - адказаў Хоскiнс, на секунду страцiўшы самакантроль, i за гэты кароткi мiг ёй удалося заўважыць у яго вачах стомленасць.
Мiс Фэлоўз адразу ж адкiнула намер давесцi свой план да канца.
- Вы выглядаеце вельмi стомленым, доктар Хоскiнс, - са шчырым спачуваннем сказала яна.
- Вы так думаеце? Я пастараюся выглядаць больш бадзёра.
- Мне здаецца, што "Стасiс Iнкарпарэйтэд" не дае вам нi хвiлiны спакою.
Хоскiнс пацiснуў плячыма.
- Ваша праўда. У аднолькавай ступенi ў гэтым вiнаватыя жывёла, раслiны i мiнералы, якiя цяпер ёсць у нас. Дарэчы, мiс Фэлоўз, вы, мабыць, яшчэ не бачылi i нашых экспанатаў.
- Праўду кажучы, не... Але зусiм не таму, што мяне гэта не цiкавiць. Я ж была вельмi занятая ўвесь гэты час.
- Ну цяпер жа вы ўжо больш свабодная, - падпарадкоўваючыся нейкаму раптоўна прынятаму рашэнню, сказаў Хоскiнс. - Я зайду па вас заўтра ранiцою ў адзiнаццаць i сам усё вам пакажу. Вам гэта падыходзiць?
- Цалкам, доктар Хоскiнс, я буду вельмi рада, - усмiхнуўшыся, адказала яна.
Ён кiўнуў, усмiхнуўся ў адказ i выйшаў.
Увесь астатак дня мiс Фэлоўз у вольны ад работы час штосьцi сама сабе напявала. I сапраўды ж, хоць нават сама думка пра гэта здавалася ёй надзвычай дзiўнай, але ж усё гэта было падобна... амаль падобна на тое, што ён прызначыў ёй спатканне.
* * *
Абаяльны i прыязны, ён з'явiўся на другi дзень дакладна ў назначаны час. Замест звыклага рабочага халата яна надзела на гэты раз сукенку. Дарэчы будзе сказаць, даволi старамоднага крою, але тым не менш ужо многа гадоў яна не адчувала сябе такой прывабнай.
Ён сказаў ёй некалькi стрыманых камплiментаў, i яна прыняла яго ўхвалу ў такой жа стрыманай манеры, падумаўшы, што гэта цудоўны пачатак. Аднак адразу ёй прыйшла ў галаву другая думка: "А ўласна кажучы, пачатак чаго?"
Каб адагнаць ад сябе такiя думкi, яна паспяшалася развiтацца з Цiмi, паабяцаўшы яму, што хутка вернецца.
Хоскiнс павёў яе ў новае крыло будынка, дзе яна да гэтага часу нi разу не была. Тут яшчэ захаваўся пах, уласцiвы новым, толькi што збудаваным памяшканням. Аднекуль даносiлiся прыглушаныя гукi, якiя даволi яскрава сведчылi пра тое, што будаўнiчыя работы яшчэ не скончаны.
- Жывёла, раслiны i мiнералы, - зноў, як i напярэдаднi, вымавiў Хоскiнс. Жывёла знаходзiцца тут - гэта найбольш яркi з нашых экспанатаў.
Уся ўнутраная частка будынка была падзелена на некалькi памяшканняў, кожнае з якiх уяўляла сабой асобную камеру Стасiса. Хоскiнс падвёў яе да агляднага акна адной з iх, i яна зазiрнула ўнутр.