Станислав Лем - Здарэнне (на белорусском языке) стр 13.

Шрифт
Фон

Яны былi ўжо даволi высока, хоць i iшлi нiбыта павольна; Круль стаўся ўжо маленькай плямкай зеленаватага камбiнезона на пляскатым шэрым асыпку, Пiркс нават не адразу адшукаў яго на дне гэтай паветранай студнi, якая зеўрала ля самых ног.

Далей пачынаўся малы траверс; iсцi станавiлася цяжэй, але i Пiркс з кожнай хвiлiнай аднаўляў ранейшыя навыкi, а яны былi такога ўзроўню, што часам было больш бяспечна даверыцца iнтуiцыi, чым свядома разважаць над выбарам прыёмаў; а ў тым, што дарога стала цяжэйшай, Пiркс пераканаўся ў той момант, калi, як i раней, хацеў вызвалiць правую руку, каб узяць звiсаючы з пояса iндыкатар, - i не змог гэтага зрабiць. У яго быў толькi адзiн пункт апоры для левай рукi i штосьцi вельмi невыразнае пад наском правага туфля; адхiнуўшыся як толькi можна ад скалы, ён шукаў апору другой назе i не мог знайсцi. Тады ён адмовiўся ад iндыкатара, бо вышэй было нешта падобнае на невялiкую прыступку.

Яна была пакрыта ледзяным наростам i нахiлена да прорвы, але ў адным месцы лёд быў сарваны з каменя нiбы моцным ударам. Пiркс сваiм туфлем гэтага нiколi б не зрабiў, яму прыйшло ў галаву, што гэта быў Анэлеў чаравiк - бо робат важыў амаль чвэрць тоны. Масена, якi iшоў да гэтага вельмi добра, зараз пачаў адставаць.

Яны наблiжалiся да вяршынi каменнага слупа. Скала, па-ранейшаму шурпатая, пачынала паступова, а чым вышэй, тым больш, нахiляцца да безданi, i iсцi без добрай апоры было цяжка; праз некалькi метраў шчылiна, да гэтага даволi шырокая, скончылася, у Пiркса заставалася яшчэ метраў пяць свабоднай вяроўкi, але ён сказаў Масене сцягнуць яе, каб агледзецца. Бо робат жа прайшоў тут без крукоў, без вяроўкi i без страхоўкi. "Значыць, i я гэтак здолею", падумаў Пiркс. Ён пачаў абмацваць скалу над сабой; у костачцы правай ступнi, заклiнаванай у апошнiм звужэннi шчылiны, па якой ён да гэтага iшоў, кальнула ад рэзкага павароту, аднак гэта не спынiла яго. Самымi кончыкамi пальцаў ён намацаў лiштвачку, меншую, чым падушачкi пальцаў; трымаючыся за яе, можна было падцягнуцца, але што далей?

Гэта было ўжо супернiцтва не толькi са скалою, але як бы i з Анэлем, ён жа тут прайшоў, i прытым адзiн. Праўда, пальцы ў яго сталёвыя... Пiркс пачаў ужо вызваляць ступню са шчылiны, калi пры гэтым руху нейкi невялiчкi каменьчык выскачыў з-пад падэшвы i паляцеў унiз. Пiркс выразна чуў свiст паветра, i праз некалькi доўгiх-доўгiх хвiлiн - рэзкi, дакладны ўдар. "Ну што ж, сiтуацыя зразумелая", - падумаў ён. Пiркс вырашыў не падцягвацца i пачаў шукаць месца, каб забiць крук. Аднак у скале не было нават прыкмет трэшчыны; Пiркс, як толькi здолеў, нахiлiўся ў абодва бакi, аднак нiчога не знайшоў.

- Што там? - пачуўся знiзу голас Масены.

- Нармальна, вывучаю, - адказаў ён.

Нага напамiнала пра сябе, ён ведаў, што доўга ў такой пазiцыi не прастаiць. Эх, каб можна было знайсцi iншы шлях! Але варта толькi згубiць след робата, i яго ўжо не знойдзеш на гэтай кiламетровай сцяне. Стараўся знайсцi што-небудзь над сабой. Пад слiзгаючым позiркам сцяна здавалася ўсыпанай трэшчынамi, аднак на самай справе гэта былi ўпадзiны меншыя, чым далонь; разлiчваць можна было толькi на тую лiштвачку. Калi ён падцягнуўся на абедзвюх руках i вызвалiў ступню са шчылiны, у яго мiльганула думка, што адступлення ўжо няма; скала адразу нiбы адапхнула яго, ён вiсеў, i наскi туфляў адсунулiся ад скалы сантыметраў на трыццаць. Вышэй, наверх! Штосьцi мiльганула ў яго над галавою. Трэшчына? Але да яе трэба было дацягнуцца. Яшчэ трохi? Праз iмгненне ён страцiў здольнасць разважаць; трэба было адпусцiць левую руку, завiснуць на кончыках чатырох пальцаў правай i дацягнуцца левай да трэшчыны цi шчылiны невядома якой глыбiнi. "Гэтага нельга было рабiць!" - прамiльгнула ў яго ў галаве, калi ён, адчуваючы, што мускулы амаль лопаюцца, раптам апынуўся на два метры вышэй, прыцiскаючыся да скалы; ён цяжка дыхаў i крыху злаваўся на сябе; цяпер ён абедзвюма нагамi стаяў на лiштвачцы i мог забiць крук, нават два для пэўнасцi, бо першы ўвайшоў не вельмi глыбока.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора