Рублеўская Людміла - Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара стр 49.

Шрифт
Фон

Дый для злосці падстава ёсць. Расейскіх жаўнераў нагналісінія мундзіры паўсюль, як чарніцы ягадным летам. Ганьба якая. Але й прывычная ганьба: колькі ўжо важных соймаў прайшло пад прыглядам імператарскай арміі. Каб нязгодным языкі падкараціць.

Вось і заразпагаворваюць, сам староста менскі, пан Юзаф Радзівіл, гарбунок няшчасны, папрасіў даслаць войскі. Справа гучная чакаецца: мільённыя ўладанні на кон пастаўленыя.

 Чакаюць прыезду прэтэндэнта, пана Якуба Радзівіла, старостава брата,  ціха прагаварыў Давыд, які час ад часу адбягаўся ад карэты з гербам паноў Гараўскіх, каб паслухаць плёткі.

Высокі тыпус ля карэты, у нямецкім строі і насунутым нізка на лоб капелюшы, ды яшчэ ў чорнай шаўковай паўмасцы, пакрывіў фанабэрыстыя вусны.

 Не падабаецца мне гэтая ідэя, спадарства. Пакуль нас не пазналі, давайце сыдзем з гэтага віварыя.

Пранціш, які не бачыў патрэбы хаваць аблічча, ганарыста ўпёр руку ў бокдылея, кунтуш, жупан парчовы, паяс персіянскі літы, шапка сабаліная з вялікім гузам, Гіпацэнтаўр у залачаных похвахусё як на парадных сармацкіх парсунах.

 Яшчэ чаго! Нядаўна я прыходзіў сюды, у судовы дом, і займаў найважнейшае крэсла, і ўсе гэтыя паны-браты ручкі-ножкі мне імкнуліся цалаваць, абы на прысуд паўплываць. А зараз вунь, лыбяцца, адварочваюцца. Нізавошта не адмоўлюся ад магчымасці ім усім насы ўцерці! Усё адно ні пані Тэрэза, ні пан Міхал не наважацца штосьці беззаконнае проста тут учыніць.

 І я не баюся, я ўсё адно павінна апраўдаць пана Лёдніка!

У высокай дзяўчыны ў серабрыстым футры, якая сядзела ў карэце, твар таксама быў закрыты маскай. Чарнавокі хлопец, які не адводзіў ад яе вачэй, нахмурыўся:

 І праўда, пачакаць бы. Кадэнцыя трыбунальская яшчэ толькі пачалася.

 Кажуць, пан Міхал Брастоўскі вельмі халодна прывітаўся з пані Тэрэзай Радзівіл!  насмешна паведаміў Давыд.  Іхнія людзі ўжо прыглядаюцца, каб пабіцца між сабою. Каб не расейскія жаўнерысчапіліся б.

Лёдніка перасмыкнула пры адным імені ягонай колішняй пацыенткі. Давыд азірнуўся на пляц:

 А вунь бачыце каралеўскіх гвардзейцаў?

Ля судовага дома, двухпавярховай камяніцы, пра нядаўні пажар у якой нагадвалі толькі навюткія дзверы і рамы вокнаў, чырванелі мундзіры малойцаў у прыкрашаных перямі шлемах.

 Пан падскарбій Антоні Тызенгаўз асабіста заявіўся. Маёнткі, на якія Якуб Радзівіл прэтэндуе, зараз жа у сяквестры, імі карона карыстаецца. Таму зараз кавалак з пашчы льва дакладней, шмат сена з пысы Цялка будуць вырываць.

Побач, на Верхнім і Ніжнім Рынку, надрываліся гандляры, прапаноўваючы свежыя булкі, гарачы мёд і пражаныя гарэхі. Цэлая армія жабракоў асцярожна сноўдгала вакол разгарачанай шляхты, бы вакол дзікай сабачай зграі, заводзячы вечныя свае лемантацыі пра міласэрнасць. Верагоднасць атрымаць срэбны шастак і выспятак сафянавым ботам была аднолькавая. Лірнікі гарлалі адразу ў некалькіх месцах пляца, таму спевы пра сіротку Дароту, малойца Байду, беднага Лазара і абарону Крычава зліваліся ў адну вісклівую літанію, ад якой вараннё над замчышчам віхурыла, нібыта гуляла ў нябёснага яшчара.

Вырвіч падумаў, што стаяць яны на самым дзяцінцы. Месцы, з якога пачынаўся горад. Якія ахвяры тут былі прынесеныя, калі дзікія продкі менчукоў убівалі першыя калы ў гэтую зямлю? І колькі тых ахвяраў яшчэ будзе? Вунь і лобнае месца відаць, накрытае саванам лютаўскага снегу. Тры ганебныя слупы з абвіслымі ланцугамі. Плаха, счарнелая ад крывівось жа лёс выпаў нейкаму дубу. Барані нас, святы Франтасій, на той пракляты лапік гарадзішча патрапіць.

Давыд подбегам вярнуўся з чарговага шпацыру.

 Едзе старостаў брат!

Сапраўды, паказалася цэлая кавалькада. Наперадзе герольды ў кароткіх плашчах у жоўтыя і чорныя квадратыколеры радзівілаўскага герба «Трубы». За імігайдукі ў высокіх шапках і пунсовых жупанах, венгрыкі ў мундзірах з залатымі галунамі. Перад дзверцамі карэты паставілі адмысловую лесвічку, абцягнутую чырвонай тканінай. Дапамаглі яснавяльможнаму госцю паставіць на першую прыступку нагу. Падхапілі з усіх бакоўпад рукі, пад бакі. Нязграбны даўгалыгі князь Якуб урэшце апынуўся на зямлі, нервова, як спалоханая птушка, агледзеўся. І праўда, звыродны, нат здалёк відаць. Запалыя вочы, востры нос, танкагубы доўгі рот, так і бачыцца нітка сліны. Князя ўзяла пад руку нізенькая панімусіць, жонка са Ржавускіх, і ён пайшоў няроўнай, нейкай падскокваючай хадой, увесь час вінавата азіраючыся. Небарака.

 Гэта не ён!

Усхваляваная Праксэда прыклала тонкую даланю да вуснаў, нібыта баялася ўласных слоў.

 Гэта не пан Якуб. Я не магу памыляцца. Зусім іншы чалавек.

Пранціш агаломшана глядзеў услед важным гасцям, што ўваходзілі ў судовы дом. Пабітыя шкельцы збіраліся ў цікавы і злавесны вітраж.

Дык вось чаго не павінны былі пабачыць Праксэдавы вочы! Добра, што выдавалі Праксэду за сляпую.

 Ну, зараз мы згуляем у іхнія гульні па-свойму!  злосна выскаліўся Пранціш.

Нібыта ў адказ на ягоныя словы ўспырхнула ў неба зграйка галубоў, што мітусіліся пад нагамі Аляксандра Лёдніка, хоць той і не думаў кідаць ім зерне.

У вялікай зале, якая памятала апошнюю справу суддзі Вырвіча, з дапамогай капаніцкіх гайдукоў удалося адбіць сабе куток. Іх кампанія ўвагі не прываблівалабылі тут і ў нямецкіх строях, як Лёднік і Давыд, і кабеты, не толькі Праксэда. Былі і ў масках, і пад вэлюмамі, і ў каптурах, што захіналі твар. Вунь як у таго мужыка, напрыклад. У лямцавай шапцы, нацягнутай да падбароддзя, толькі дзіркі для вачэй. Дык гэта ж ашмянскі кат! Сядзіць непадалёк ад пана Міхала Брастоўскага. Не занадта блізка, вядома. Увогуле каля спадара Ігнаруса, нягледзячы на цісканіну, утварылася пустое кола. Што вучонага ката, напэўна, забаўляла. Яшчэ якую ахвяру для ашмянскіх сутарэнняў накмячаюць?

Справа радзівілаўскіх маёнткаў разглядалася першай. Падстаўны Якуб нават змог некалькі разоў трапна адказаць «так» і «не». Тызенгаўзаў прадстаўнік усяляк закідваў сумнівы ў законнасці прэтэнзій старостава брата. Так, калісь спрэчныя землі належалі Марціну Радзівілу, і той адпісаў іх другому сыну ў выпадку, калі ажэніцца з паненкай, абавязкова ў сваяцтве з іх родам. Але Марцін прызнаны нядзеяздольным. І смачны кавалак уладанняў законна адышоў апекуну Марціна, Міхалу Казіміру Рыбаньку, тадыягонаму сыну, потымказне.

Прадстаўнікі старосты Юзафа гарлалі пра святыя шляхецкія правы. Сам староста маўчаў, толькі нізка хіліў галаву, ад чаго ягоны горб выпіраў нават праз футра. Пан Антоні Тызенгаўз не прымаў асабіста ўдзелу ў гармідары, сядзеў, скрыўлены, як пусты бот. Пані Тэрэза, дзеля якой уладкавалі ў правым куце мяккі фатэль, абцягнуты залатой парчой, абмахвалася веерам, быццам на бале. Што праўда, у зале надыхалі, як у карчме.

Да засмучэння старосты і Радзівіліхі, вынік па справе наследаванняа сярод маёнткаў значыліся багатыя Цімкавічы, між іншымусё-ткі адклалі на тыдзень.

Пан маршалак трыбунальскі Лапацінскі прыняў з рук пісара новую справу. Вырвіч пазнаў тэчку і ўвесь падаўся наперад: удалося ўсё-ткі задзейнічаць былыя сувязі! Не ўсе тут скурвіліся!

 Заява шляхціца Франтасія, сына Антоніева Вырвіча, герба «Гіпацэнтаўр», аб пераглядзе справы забойства панны Праксэды Браставічанкі. Ягамосць пан Вырвіч разглядаў гэтую справу ў якасці менскага гродскага суддзі і сцвярджае, што яго несправядліва абвінавацілі ў неадпаведным судзействе. І ён гатовы тое давесці.

Сказаць, што пасля гэтых слоў пачалася бурадык і не скажаш. Хутчэй, маленькі Апакаліпсіс. Добра, што на кадэнцыі Трыбунала забаранілі прыходзіць са зброяй. Таму люд паспаліты проста штурхаўся ды гарлаў. Пранціш рашуча працерабіў сабе дарогу да паспалітых суддзяў, зразумела, зноў з дапамогай капаніцкіх гайдукоўнездарма адбіраў самых дужых. Прывезеныя з Белага Камня парубкі Сцяцко ды Грыцько якраз адпавядалі, таму зараз волат Грыцько з казацкай зухаватасцю расчышчаў свайму пану і выратаваўцу шлях, кідаючы ненавісныя позіркі на расфуфыраную «пані Тэрку», а чарначубы Сцяцко ішоў у арергардзе.

 Гэта тычыцца толькі маёй сямі!  гарлаў пан Міхал Брастоўскі.  Забараняю!

 Пазбавіць слова!  напіналіся людзі старосты.

А з боку пані Тэрэзы нехта рашуча прабіваўся да нахабы ці не з кінжалам у рукаве.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке