Рублеўская Людміла - Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара стр 29.

Шрифт
Фон

Не, каб проста радаваўся віну і каўбаскам, і што ўдасца пераначаваць у цяпле і спакоі.

Але спакойна выспацца не ўдалося.

Пасярод ночы гасцей пабудзіў адчайны дзіцячы плач. Дзіця крычала, задыхалася. А вось і ўстрывожана-роспачныя галасы дарослых на першым паверсе.

Пранціш вызірнуў у калідор: Лёднік са сваёй валізкай збягаў па драўлянай лесвіцы, засцеленай доўгім вязаным дыванком.

Калі Пранціш і Алесь далучыліся да Бутрыма, той стаяў перад Гансам. Нямчук у памятай кашулі і скураной камізэльцы загароджваў дзверы. Цяпер круглы твар гаспадара быў не проста абыякавы, а безнадзейны. Але пускаць гасцей туды, дзе чуўся дзіцячы крык і жаночы плач, гатэльшчык адмаўляўся вельмі рашуча. Нават злосна.

Дарэмна Лёднік на добрай нямецкай мове тлумачыў, што ёндоктар, дэманстраваў лекарскія інструменты з валізкі. Дэкляраваў, што не возьме грошай за лячэнне хворага.

Пры поглядзе на ланцэты і трубкі на абліччы немца зявілася праўдзівая нянавісць з дамешкам жаху. Плач дзіцяці ўсё слабеў, перарываўся. Твар гаспадара рабіўся ўсё больш адчайны, а адносіны да гасцейусё больш зласлівымі. Калі Лёднік, страціўшы цярпенне, паспрабаваў прабіцца да хворага гвалтам, Ганс наставіў на доктара доўгі нож, а ў дзвярах за ягонай спінай адразу ж паказалася двое, што скіравалі на гасцей даўжэзныя старасвецкія стрэльбы з пашыранымі на канцах рулямі.

Што ж, лекараў часцяком прымаюць за нячыстую сілу. Пранціш, які засвоіў нямецкую мову яшчэ ў Слуцкім замку, дзе яны з Бутрымам выдавалі сябе за замежнікаў, пачаў: яны добрыя хрысціяне, вось крыж на грудзях.

Але нічога не дапамагала. Плач дзіцяці ўсё цішэў, пасля пачаў аддаляцца, грукнулі дзверы. Падобна, хворага некуды панеслі. Твары ў тубыльцаў зрабіліся зусім ужо адчайныя, у Ганса нават слёзы паліліся. Але ён настойліва прапанаваў гасцям жэстам рукі, у якой усё сціскаў востры мясніцкі нож, падняцца ў свае пакоі.

 Гэта не ваша справа, панове. Не ўмешвайцеся. Усё ў волі Божай.

Вядома, пра тое, каб улегчыся ў ложкі, гаворка не йшла. Пранціш і Алесь занадта добра ведалі Чорнага Доктара. Бутрым нервова хадзіў ад сцяны да сцяны, стрымліваючы лаянку. Не першы раз яго не пускалі лекаваць з-за дурных забабонаў, альбо чужой хцівасці. А ўсведамленне, што мог бы выратаваць нечае жыццё, ды не даюць, даводзіла Бутрыма да шаленства.

 Кляты горад. Клятыя бюргеры.

 Пан-бацька, вам лепш гэта пабачыць.

Голас Алеся, які застыў перад акном, упрыгожаным фіранкамі з коцікамі, быў такі напружаны, што Пранціш і Баўтрамей зараз жа наблізіліся.

Ледзяныя мурашы прабеглі ў Вырвіча па спіне.

Па бліскучай мокрай брукаванцы, між цёмнымі пачварамі дамоў, у цьмяным святле ліхтароў і паходняў ішлі дзеці. З дзясятак, рознага ўзросту. Самаму малому, можа, годзікі чатыры. Ішлі ціха, няўклюдныя ў зімовых каптанчыках і задоўгіх футрачках, панурыўшы галовы. Перад сумнай кавалькадай ехаў вершнік на чорным кані, захутаны ў плашч з вастраверхім каптуром, і высока ўздымаў зыркую паходню. Такія ж вершнікі ехалі за дзецьмі. Пранцішу падалося, што ў цёмных прагалах вокнаў, не зачыненых шыбамі, мільгаюць белыя плямы спалоханых твараў.

Працэсія рушыла некуды ўверх, у цэнтр горада, дзе ўразаўся чорнай крыгай у неба гмах галоўнага храма і свяціліся чырванню і смарагдам вузкія вітражныя вокны высокага палаца з вежамі.

 Што гэта?  непаслухмянымі вуснамі прамовіў Алесь.  Таемны рытуал? Злачынства? Гандаль дзецьмі?

Пранціш не мог адарваць вачэй ад жудасных агнёў, што паўзлі па вуліцы.

 Вы ўпэўненыя, што гэты горад называецца не Гамельн?

Бутрым недаўменна зірнуў на сябра.

 Не, Гамельну Саксоніі, а мы ў Баварыі. У Норнбергу. А гэта ты да чаго?

Вырвіч нервова фыркнуў, не адрываючы вачэй ад маленькіх фігурак, што знікалі ў начы.

 Адразу відаць, што акрамя сваіх колбаў нічым не цікавішся. Літаратуру трэба чытаць, доктар. Легенда такая ёсцьу горадзе Гамельне развялося пацукоў. У магістрат зявіўся падазроны малойца, падобны з выгляду да цябе, Бутрым. Дэкляраваў знішчыць пацукоў за добрую аплату. І знішчыў. Зайграў на дудачцы, і ўсе пацукі рушылі за ім. Завёў жывёлак у мора. А людзі яму не заплацілі. Пацукалоў пагразіўся адпомсціцца. І з дапамогай сваёй дудачкі звёў з горада ўсіх дзяцей. Іх ніколі больш не бачылі.

 Глупства.  прамармытаў доктар, учапіўшыся рукой за падаконне.

Добра, што з імі няма малой гарэзніцы Рэгінкі. А то яшчэ ў якуюсь страшную гісторыю ўлезла б, не ўсачылі б.

 Пан-бацька, мы пойдзем ратаваць гэтых дзяцей?  з надзеяй спытаў Алесь.

Бутрым, прыкусіўшы губу, пакруціў галавою.

 Месцічы ясна заявілі, гэта не наша справа. Мы ж не ведаем, што насамрэч адбываецца. Няхай яно мне вельмі не падабаецца. Па няведанні можна нарабіць большай бяды.

Уздыхнуў цяжка.

 Ну вось што ты, Алесь, будзеш рабіць, калі пабачыш, што хтосьці ўганяе ў горла мне ці пану Пранцішу шыла?

 Забю нягодніка!  рашуча адказаў Аляксандр.

 Вось і мяне аднойчы так Ледзь не забілі.

Баўтрамей тужліва глядзеў услед жудкай працэсіі.

 Рабіў трахеатамію дзіцяці, якое задыхаласяналежала ўставіць металёвую трубачку ў гартань. Бацька хворага вырашыў, што я таго забіваю. Не даў правесці аперацыю. Гэта было ў альпійскай вёсцы. Мясцовага дыялекту я не ведаў, мяне таксама не разумелі. Я ацалеў. Дзіця памерла. Што назаўсёды пазбавіла мяне ад звычкі судзіць па першым поглядзе. Самі бачыцена дапамогу ніхто не кліча. Ну, і дудачкі чароўнай не чуваць.

Рэшту ночы ўсё-ткі падрамалі. Вырвічу сніліся вялізныя пацукі. Шчэрылі пашчы з вострымі металёвымі зубамі. Зубы шчоўкалі.

А не, гэта не зубы. Разбуджаны святлом бляклай раніцы, што прабілася скрозь фіранкі і намаляваных коцікаў, Пранціш усвядоміў: пастуквае на варыўні песцік у ступцы альбо малаток, якім адбіваюць мяса. У Баварыі добра ўмеюць смажыць мяса. Нават пах далятае спакусны. І тое, што ўбачылася ў цемры, здаецца блёкатам.

І гаспадары «Трох жалудоў» усё гэтак жа прыклеена ўсміхаюцца. Каб не пачырванелыя вочы ў абаіх сужэнцаў, можна паверыць у сон. Ды фраў не ў бялюткім каптуры, як учора, а ў юлёвым.

Сняданак падалі сытны, а на пытанні адказваць адмаўляліся. І самі гаспадары, і прыслугадзябёлая дзявіца з косамі-абаранкамі, і змрочны руды мужык з вадзяністымі запалымі вачыма. Гэта ж ён ноччу настаўляў на гасцей стрэльбу, паскуднік!

Затрымлівацца ў непрыветным месцы не хацелася ні на хвілю. Коней, на шчасце, дагледзелі добра, хоць Пранціш чакаў якой падлянкі, кшталту сырога сена і падрэзанай вупражы. І вось тры вершнікі адехаліся ад «Трох жалудоў» у тым самым напрамку, у якім ноччу рушыла прывідная кавалькада. На вуліцах там-сям паказваліся людзі, насустрач праехаў воз, гружаны вуглем. Але зноўні дзяцей, ні сабак, ні котак. Толькі шэрыя цені мільгаюць у падваротнях, ды белыя плямы абліччаў у вокнах.

Вароты аднаго з дамоў, падобнага да іншых, як пернік да астатніх пернікаў на каляднай ёлцы, з жаласным рыпам расчыніліся. Двое мужчын моўчкі вынеслі скрыню з накінутай на яе прасціной, узвалілі на калёсы.

 Ды калі ж гэта скончыцца! Божа, пакарай герцага Рутгера!

Жаночы крык з расчыненай брамы, і адтуль жазадыхлівы плач дзіцяці. Лёднік не вытрымаў, саскочыў з каня:

 Панове, ядоктар. Мяне завуць Баўтрамей Лёднік. Я неаднойчы дапамагаў падчас пошасці. Дазвольце дапамагчы і цяпер.

Пранціш не паспеў затрымаць Баўтрамея, што вечна ўлазіў у непрыемнасці, і зараз мог толькі насцярожана паглядаць па баках, не выпускаючы дзяржальна шаблі. Старэйшы мужчына ў скураной шапцы, насунутай на лоб, са змрочным, зарослым шчэццем тварам, моўчкі зіркнуў на няпрошанага памагатага. Але выбегла кабета, з-пад каптура выбіваліся неахайна светлыя пасмы.

 Міхель, гэта трэба спыніць! Калі гер доктар хоча дапамагчы.

 Магда, замаўчы! Ты ведаеш, што зробіць герцаг Рутгер  з пакутай прамовіў мужык, відаць, ейны сужэнец, прымацоўваючы вяроўкамі скрыню да калёс.

 Ды хай хоць забе! Лепш, чым цярпець! Пацукі гэтыя, начныя набегі па дзяцей.  вызверылася жанчына.  Вы тут, у гэтым гарадку паміж гор, будзеце сядзець у рондалі, пакуль вада не згатуецца, і з-пад накрыўкі нос не высунеце. А яса Славакіі, са Святога Юра, мае землякі могуць у нос любому герцагу даць.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке