Дарэчы, з Радзівілам. Прынамсі, не паслаў запраторыць у тую ж Поцы. Дужа задаволены застаўся ліхтарнай ноччу, палётам малодшага Лёдніка, ну і тым, што Цялок без рэліквіі. Яшчэ і шпегаў удалося вылічыць сярод прыдворных, якія кінуліся даганяць лётаючага ліцвіна і адбіраць у яго трубу.
Але за пару дзён перад адплыццём Агалінскіх Лёдніка ўсё-ткі выклікалі ў палац князя. Доктар прыхапіў сваю валізку і пайшоў адзін. Пранціш і Алесь змэнчыліся, чакаючы. Амерыканец змрочна дэкляраваў адкласці адезд, калі зноў доктара трэба будзе выцягваць са студні. І гідліва касавурыўся на маленькага кажана, якога Алесь Лёднік трымаў у далонях і няўважна дазваляў пагладжваць захопленай князёўне. Кажанчыка дактаровіч падабраў у двары аспітале (калі толькі ўмудрыўся?), і адпойваў малаком. Нельга ж гінуць жывой істоце.
Баўтрамей вярнуўся пад раніцу. У суправаджэнні двух радзівілаўскіх слуг, якія цягнулі і яго, і ягоную валізку. Пяны. Час ад часу падымаў доўгі палец угару і прамаўляў на лаціне: «Марная марнасць, і ўсё марна ў гэтым свеце». Белая маска Прывіда надавала словам значнасць і гудкасць.
Праспаўшыся, Лёднік збянтэжана буркатнуў пра магнатаў, якім немагчыма адмовіць. Значыць, усё-ткі пасядзеў з Пане Каханку за сталом. Наконт медычнай кансультацыі ўспаміны былі цьмяныя. Палез па кішэнях камзола, шукаць сваіх запісаў, і застыў са жменяй заціснутых у руцэ каштоўнасцяў, якімі былі напханыя кішэні. Залатыя ланцугі, маністы, сыкгнеты, дукаты.
Мяркуючы па ашаломленай фізіяноміі, Лёднік круціў у галаве думку: ці не зрабіўся па пяной справе злодзеем?
Зясавала дастаўленая цыдулка ад сіньёры Апалоніі, якую доктар учора таксама кансультаваў. Аказваецца, Пане Каханку, пабачыўшы, што нязвыклы да моцных напояў Чорны Доктар прыкладаецца галавой да стала, пашкадаваў эскулапа, якому дастаўся такі слабы арганізм, загадаў насыпаць яму ў кішэні вартую ўзнагароду і даставіць да жытла. У самалюбнага Лёдніка ажно чырвоныя плямы на бледных шчоках загарэліся, калі ўявіў, як спаборнічалі ў жартах над ім радзівілавы нахлебнікі.
Зрабіць Лёдніка прыдворным доктарам Радзівіл, аднак, не наважыўся. Сказаў, пабойваецца занадта вучонага слугі. Дый калі той піць не ўмее, яшчэ і пацыента адвучыць!
А вось яшчэ што паведамляла пышная Апалонія. Для Пане Каханку ўжо тры іерыхонскія трубы даставілі! А чаму не, калі князь хоча? Адну, якую здабылі нібыта проста з рук нябожчыка Тарэла, Пане Каханку выпрабаваў тут жа, за балявальным сталом. Праўда, паколькі доктар гэтага не чуў скрозь гарэлачны туман, іерыхонская труба аказалася слабаватая.
На прычале доўга абдымаліся. Рэгінка цмокнула ў шчаку і пана доктара магіка, і Пранціша. Пан Агалінскі пачырванелыя вочы выціраў. Хаця незразумела было, наколькі тыя слёзы выклікала расстанне са старымі сябрамі, а накольківенецыянская гарэліца, да якой альбанчык усё-ткі дабраўся.
Пан Гервасій быў душою ўжо не тут. Ён ірваўся да бяспутнай, але каханай жоначкі, а па-другоеваяваць з «англічашкамі» за вольнасць Амерыкі.
Рэгінка, у якой у кішэні сядзеў выпрашаны напярэдадні ў дактаровіча кажанчык, нарэшце звярнула ўвагу на Алеся:
Пан Аляксандр, чакаю вас праз шэсць гадоў.
Паненка цырымонна прысела ў рэверансе, што трохі недарэчна выглядала ў нагавіцах. Алесь разгубіўся:
З якой нагоды, вашамосць?
Ну як жа, мне будзе шаснаццаць Мае заручыны са Штакельбергам нядзейсныя, паколькі адбыліся без згоды майго пана-бацькі. Я буду вас чакаць, каб з вамі заручыцца.
Паненка глядзела ясным блакітным позіркамяна ж распавядала абсалютова зразумелыя і неабвержныя рэчы.
Першым адмёр пан Гервасій. Тузануў дачушку за руку:
Мы з табой пра гэта пазней пагаворым, вавёрачка.
І ледзь не бегма рушыў па хісткіх сходнях на карабель пад назвай «Каламбета», цягнучы за сабой усмешлівую вавёрачку з кажаном у кішэні і злосна зыркаючы цераз плячо на старэйшага Лёдніка.
І ўсе іерыхонскія трубы не маглі зруйнаваць той нябачнай сцяны, што зараз раздзеліць герояў.
Раздзел дзявятыУ ГОРАДЗЕ ПАЦУЧЫНАГА КАРАЛЯ
Па шэрай брукаванцы гулка цокалі капыты трох коней, рудога, гнядога ды варанога.
Каб яшчэ чацвёртага дадаць, дык гасцей мястэчка маглі прыняць за вершнікаў Апакаліпсіса.
Не таму, што выглядалі надта страшнане, звычайныя стамлёныя вандроўнікі. Блакітнавокі ладны дзяцюк, задумлівы чарнавокі юнак, такі ж чарнавокі сталы мужчына, хударлявы і ўладны, хіба што троху злавесны.
Проста мястэчка само нібыта чакала канца свету. Яшчэ не зусім звечарэла, а вузкія вуліцы пустыя, як дзіравы цэбар.
Вершаліны гор, што аточваюць горад, у тумане. Голыя дрэвы не могуць схаваць за шатамі панылыя краявіды, а снегу яшчэ няма. Дакладней, ёсць, але напалам з дажджом, адна макрыня ад яго. Цяжкія цёмныя аканіцы на вокнах зачыненыя. Не крычаць тачыльшчыкі і вугальшчыкі, не пяюць аматары карчомкі, не сакочуць дробныя падшыванцы. Ды што там, нават сабакі не брэшуць! Там-сям ляпае малаток, грукочуць самотныя калёсы. Быццам вялізны механізм гэтага нямецкага гарадка заржавеў, але асобныя шасцярэнькі ўсё яшчэ трохі, па звычцы, круцяцца. Вось на вострай званіцынібы дзіда ўпіваецца ў нізкія аблокіударыў звон. Раз, другі, трэці, чацвёрты.
Раптам штосьці шэрае імкліва і бязгучна праслізнула ўпоперак вуліцы, быццам якісь лядашцік ці гуменнік. І знікла ці ў чорнай адтуліне вадасцёку, ці ў акенцы падвала.
Пацукі. грэбліва прамовіў блакітнавокі. Ужо трэці раз дарогу перабягаюць. Страшна ўявіць, што ў іхнім пастаялым двары робіцца. Можа, ну яго, гэты гарадок, паспеем даехаць да больш прыветнага?
Старэйшы вершнік, захутаны ледзь не да носа ў прыкупленую ў нейкім мястэчку шэрую бурку, незадаволена хмыкнуў.
Ну, гэта ж ты ў ранішняй карчомцы за півам з маракамі засядзеўся, вось і парушылі планы.
Маракі цікава распавядалі, пан-бацька, заступіўся чарнавокі юнак. Пра Новую Зеландыю. Яны туды з капітанам Кукам плавалі, там сапраўдныя цмокі жывуць, толькі маленькія. Лішнія паўгадзіны нічога б не змянілі.
Тады і наяўнасць пацукоў хай вас не бянтэжыць, прабуркатаў старэйшы. Усё роўна гарадскую браму ўжо замкнуліі чаго так рана? Галоўнаекаб эпідэміі тут якой не назіралася. Дзе паганыя гэтыя пацукітам і пошасць, і гразюка.
Пацукі не паганыя, тут жа азваўся юнак, быццам яго самога пакрыўдзілі. Яны дужа разумныя, вельмі цікавыя істоты.
«Ну каму ж ведаць, як не малодшаму Лёдніку», хмыкнуў пра сябе Пранціш. Помніцца, калі жылі ў Ліёне, шкаляр Аляксандр у шкляной скрынцы цэлае пацучынае сямейства год трымаў. Пакуль прыслуга нібыта выпадкова гэтую клятую скрыню не пабіла.
Але ў гатэлі з трыма залатымі жалудамі на шыльдзе, калі і былі пацукі, гразюкі не відаць. Зусім наадварот: усё такое чысценькае, нашараванае, адпрасаванае, як на вяселле. Ці паховіны. Парцалянавыя кубачкі з пастушкамі, фіранкі з коцікамі (а жывых катоў нідзе тут не бачылі, як і сабак!). На сценах талеркі з прыгожа намаляванымі казачнымі домікамі. І твары гаспадара і гаспадыні нібыта вымытыя і адпрасаваныя: круглыя, белыя і ўсмешлівыя. Праўда, усмешкі здаваліся прыклеенымі, бо вадзяніста-блакітныя вочы гаспадароў, вядома, іх звалі Ганс і Грэтхен, нагадвалі здохлую рыбу. Кожнаму госцю прапанавалі асобны пакой, з печкай, аблямаванай вясёлай белай кафляй з сінімі караблікамі, ложак з пуховай пярынай і балдахінам, з якога прыдзірлівы Баўтрамей Лёднік так і не вытрас ніводнага клапа. Гасціннасць была зразумелая: трое ліцвінаў апынуліся адзінымі пастаяльцамі ў «Трох жалудах».
Тры жалуды на цабэрак
Будзе смак не бядак.
Доўгі цэбараў шэраг
Я абыходжу вось так.
Горкім будзе пітво, будзе пітво
Пранціш напяваў, сумуючы па шляхецкай вясёлай кампаніі, сардэчнай ліцвінскай музыцы і мілай радзіме, чаго тут не мелася. Замест піва ім прапанавалі гарачае чырвонае віно з цынамонам. І каўбаскі. Аж сквірчэлі тыя каўбаскі на парцалянавых бялюткіх талерках, прыспешваючы: «Зеш мяне, галодны падарожны!» І залацістыя, яшчэ цёплыя крэндзелі, пасыпаныя дробнымі зернейкамі чароўнай расліны «сезам».
А Баўтрамей усё занудна разважаў, што вось, трэба ліцвінскія корчмы зрабіць такімі ж чыстымі, абавязаць гаспадароў мыць посуд і падлогу, мяняць бялізну, труціць блох і клапоў. І як бы стварыць па ўзоры Адукацыйнай якую Медычную камісію, якая б сачыла за гігіенай народа. Можна падумаць, не выгнаннік, абылганы злачынца, а па-ранейшаму чалец каралеўскай рады. Некаторыя людзі і на пласе будуць свет да лепшага перарабляць.