Любы, калi гэты следчы сапраўдны мужчына, ён табе толькi пазайздросцiць.
Смаляк прайшоў на сярэдзiну пакоя, каб не чуць размовы закаханых. У палаце стаялi два ложкi, адзiн з якiх быў свабодны i запраўлены замытым да жаўцiзны прасцiрадлам з неахайнай лапiнай пасярэдзiне. На другiм ляжаў загiпсаваны чалавек, у якiм немагчыма было пазнаць старую Шашок. У прыцемненым пакоi лунала нейкая своеасаблiвая загадкавая цiшыня, якая незразумелым цяжарам лягла на плечы, прымусiла часцей бiцца сэрца, сцiснула грудзi так, што перахапiла дыхалку. Следчы паспешлiва падышоў да вакна i адчынiў фортку. Разам са свежым паветрам у пакой уварвалася рознагалоссе гарадской вулiцы, здалося, уварвалася жыццё.
Бiнты на галаве пацярпелай ружавелi крывяной плямай, загiпсаваныя правая рука i левая нага высiлiся на нейкiх мудрагелiстых металiчных канструкцыях. Да левай рукi лiпучкамi мацавалася iголка з празрыстай трубкай, па якой з бутэлечкi рытмiчна па кропельцы сцякала ў сiнюшную вену мутнаватая вадкасць. На безжыццёвым, сухарлявым, хваравiта-спалатнелым твары стала меней зморшчын, на iм застылi пакорлiвасць i цiхамiрнасць.
Яна безнадзейная, вынес жорсткi прысуд Зайцаў, якi нячутна ўвайшоў у палату. Мы зрабiлi ўсё, што змаглi, але ж цудаў не бывае
Я хачу паглядзець яе рэчы, чамусьцi шэптам папрасiў Смаляк i накiраваўся да выхаду.
А рэчы забраў сын, услед прагаварыў доктар.
4
Праз гадзiну Смаляк адчыняў веснiчкi са знаёмай шыльдай «Сцеражыцеся, злы сабака!». У гэты момант жоўтыя «Жыгулi» вырулiлi з гаража на сярэдзiну панадворка, з машыны выйшаў мужчына гадоў пяцiдзесяцi i, не заўважаючы Смаляка, нервова бразнуў дзверцай. Ён быў высокi, хударлявы, крыху сутулы, з капой нячэсаных рудых валасоў, якiя доўгай пасмай спадалi на лоб, i яму прыходзiлася штохвiлiнна матляць галавой, скiдаючы iх з вачэй. Даўгалыгi, як яго адразу ахрысцiў следчы, нешта мармычучы, зайшоў у прыземiсты цагляны гараж, а ўслед з машыны выпырхнула ўжо знаёмая бялёсая Кацярына. Смаляк зрабiў некалькi крокаў i, шукаючы «злога сабаку», прыпынiўся, агледзеўся. Каля будкi яго не было, ланцуг з ашыйнiкам сiратлiва валялiся на траве, а крыху далей, за драцяной сеткай, калупаліся ў пяску куры. Два маладзенькiя цыбатыя пеўнiкi пагрозлiва кружылiся ў байцоўскiм танцы, але справа да бойкi не даходзiла, яны толькi падскоквалi, растапырыўшы пере, выцягвалi худыя шыi, хлопалi крыламi, быццам высвятляючы, хто з iх больш грозны i жахлiвы. Аўчарку Смаляк убачыў за сваёй спiнай, на сцяжынцы, ля самых веснiчак. Яна пiльна сачыла за iм, усёй сваёй паставай паказваючы, што дарога да адступлення адрэзана.
Вам каго? нечакана прагучаў хрыплаваты прастуджаны голас.
Смаляк азiрнуўся. Да яго, выцiраючы рукi прамасленай анучай, падыходзiў даўгалыгi. Шэрыя, глыбока пасаджаныя вочкi-калючкi свiдравалi яго з непрыхаванай варожасцю, нават злосцю.
Старшы следчы пракуратуры Смаляк, афiцыйна адрэкамендаваўся Смаляк. А калi Вы Станiслаў Мiкалаевiч Шашок, то я да вас.
Яны некалькi хвiлiн моўчкi вывучалi адзiн аднаго i, калi гульня ў маўчанку зрабiлася нясцерпнай, следчы працягнуў службовае пасведчанне:
Вось мой дакумент.
Ну, я Станiслаў Мiкалаевiч, нарэшце выдыхнуў гаспадар. Толькi са мной ужо гаварылi ў мiлiцыi, i новага нiчога не скажу.
Шашок вiдавочна хваляваўся, унiкаў глядзець Смаляку ў вочы i ўвесь час нервова круцiў у руках анучу, не ведаючы, куды яе дзець.
Тата, куды пакласцi бабулiна адзенне? тузанула бацьку за рукаво кашулi Кацярына i насцярожана-недаверлiвым позiркам утаропiлася ў Смаляка.
Шашок схамянуўся, паспешлiва выхапiў з рук дачкi невялiкi клунак i борздзенька пашыбаваў у хату, кiнуўшы на хаду:
Я сам аднясу, ён вiдавочна хваляваўся.
Праз некалькi хвiлiн ён падыходзiў да Смаляка ўжо спакойным i ўпэўненым у сабе чалавекам, ад узбуджанасцi i няўпэўненасцi не засталося i следу, толькi ў шэра-халодных вачах яшчэ не-не ды ўспыхвалi трывожныя, палахлiвыя агеньчыкi.
На твар Смаляку звалiлася некалькi халодных, нечаканых дажджынак. Ён, прыжмурыўшыся, з надзеяй паглядзеў на нiзкiя хмары, якiя няўмольным чорным крылом напаўзалi на горад. Усё наўкол напружана сцiшылася, нават ваяўнiчыя пеўнiкi знерухомелi i спалохана цiснулiся адзін да аднаго, здзiўлена плюскаючы вачыма. Яны таксама чакалi дажджу, але адначасова i баялiся няведамай iм стыхii.
Ну, нарэшце дачакалiся, з-пад далонi паглядзеў на аблокi Шашок i iранiчна дадаў: Па радыё дождж абяцалi яшчэ заўчора Зойдзем у хату, там i пагаворым, хаця ён недагаварыў, абыякава махнуў рукой i, не азiраючыся, пашкандыбаў у прачыненыя дзверы.
«Што крыецца за Шашковым хаця͗? iдучы следам, падумаў Смаляк. Цi не звязана гэта з ягонымi паводзiнамi ў бальнiцы? Чаму там ён, бы зваряцелы, крычаў, што мацi хацелi забiць, i слухаць не хацеў пра няшчасны выпадак? Калi так, то якая прычына, каму перайшла дарогу старая? Такога разважлiвага чалавека, як Шашок, не проста выбiць з каляiны, i тым не менш А цяпер ён трагедыю ўспрымае, як няшчасны выпадак, i ўсё ж ён нервуецца, i ў першыя хвiлiны сустрэчы быў вельмi напалоханы, ледзь узяў сябе ў рукi. А зменлiвыя паводзiны ягонай мацi падчас допыту ў пракуратуры i апошняй сустрэчы Не, вiдавочна, гэтыя Шашкi нешта замоўчваюць, адчуваю, што ёсць таямнiца, якая, па ўсiм, i прывяла да трагедыi, а калi так, то i паводзiны сына ў бальнiцы знаходзяць лагiчнае паразуменне. Трэба з гэтым разабрацца».
Шашок нецярплiва чакаў Смаляка ў прасторнай, светлай верандзе. Справа ад увахода стаяў адшлiфаваны да бляску мажны круглы стол на мудрагелiстых тоўстых ножках, зробленых у выглядзе лiчбы «2». Вакол прыслужлiва высiлiся чатыры самаробныя драўляныя крэслы з конусападобнымi набалдашнiкамi на спiнках. Крэслы выглядалi маўклiвымi ваярамi-ахоўнiкамi свайго блiскучага гаспадара-стала, а крыху далей, каля сцяны, абклеенай блакiтнымi шпалерамi, нясмела тулiлася, быццам баючыся гэтых мажных крэслаў-ахоўнiкаў, вузенькая белая шафа, у якой за шклом задзiрлiва, нават з выклiкам, блiшчэлi крышталёвыя шклянкi, iншы каштоўны посуд.
Справу аб дарожна-транспартным здарэннi вядзе мiлiцыя, сядаючы ў вялiкае рыпучае крэсла, адразу прагаварыў Смаляк i, каб папярэдзiць магчымыя пытаннi, патлумачыў: Я ж праводжу расследаванне факта смерцi вашага суседа, нябожчыка Альховiка, i якраз ў пятнiцу, напярэдаднi няшчаснага выпадку, быў тут, размаўляў з Казiмiрай Францаўнай.
Смаляк з цiкаўнасцю зiрнуў на Шашка, спадзеючыся ўбачыць рэакцыю на гэтыя словы, але той i брывом не павёў, не змянiў паставы, прытулiўшыся да дзвярнога вушака i, склаўшы рукi на грудзях, моўчкi чакаў, што скажа далей следчы. Толькi насцярожаныя палахлiва-халодныя вочы ды жаўлакi на скiвiцах выдавалi ягонае напружанне i хваляванне.
Вось я i хачу пачуць, спакойна працягваў Смаляк, чаму Вы спярша заявiлi, што быў замах на жыццё Вашай мацi? Чаму
Смаляк недагаварыў. Шашок быццам чакаў гэтага пытання i адразу паспешлiва, з абурэннем перапынiў следчага.
А што я мог падумаць?! ускрыкнуў ён i, цяжка, роспачна ўздыхнуўшы, з горкiм сумам паглядзеў на Смаляка. Гэта ж мацi!
Смаляк заўважыў не толькi гэты сум, але i тое, што дзесьцi многа глыбей, можа, зусiм i не ў вачах Шашка, стаiлася спрактыкаванасць i нейкая незразумелая пiльнасць, нават палахлiвасць. Ён не адчуў у словах шчырасцi, i гэта насцярожвала.
Па-чалавечы я Вас разумею, цiха зазначыў Смаляк, а як следчы, не зусiм.
Шашок ускiнуў галаву i запытальна паглядзеў на Смаляка, спрабуючы разгадаць сэнс апошнiх слоў.
Я i сам толькi потым зразумеў, што мацi сама вiнаватая, старая, даўно за семдзесят перакулiла, вынес ён свой прысуд.
У гэты момант нечакана сцямнела, наляцеў вецер, захiсталiся, зашамацелi дрэвы, моцна бразнулi незачыненыя веснiчкi, i адразу буйныя кроплi дажджу, спярша зрэдку, нясмела, бы спрабуючы на моц шкло, сыпанулi па шыбах. Смаляк i Шашок, як па камандзе, павярнулi галовы i, утаропiўшыся ў вакно, колькi хвiлiн маўчалi, думаючы кожны пра сваё. А дождж з кожнай хвiлiнай мацнеў, i ўжо не кроплямi, а суцэльнай сцяной лiў з неба. Раптам чорныя хмары напалам рассекла крывулiстая страла-маланка, i ўслед грамыхнула раз, другi, трэцi i пакацiлася па небе i зямлi Перунова каляснiца, ды так, што, здалося, рассыплецца на дробныя кавалачкi гэтая веранда i ўвесь дом.
У мiлiцыi мне сказалi, што яны вядуць следства, быццам мiж iншым зазначыў Шашок i сеў у крэсла насупраць Смаляка.