Джордж Оруэлл - Ферма (на белорусском языке) стр 14.

Шрифт
Фон

У вялiкiм гумне адбывалася шмат сходаў, свiннi займалiся планаваннем працы на наступны сезон. Неяк само сабою склалася, што свiннi, якiя былi вiдавочна разумнейшыя за iншую жывёлу, вырашалi ўсе пытаннi, што датычылi фермы, хоць рашэннi i мелiся быць ухваленыя большасцю галасоў. I гэткi парадак дзеiў бы даволi добра, калi б не спрэчкi памiж Сняжком i Напалеонам. Гэтыя двое разыходзiлiся ў поглядах паўсюль, дзе толькi было магчымае разыходжанне. Калi адзiн з iх прапанаваў засеяць большую плошчу ячменем, дык можна было быць пэўным, што другi запатрабуе большае плошчы пад авёс, i калi адзiн казаў, што тое i тое поле якраз прыдатнае пад капусту, дык другi абвяшчаў, што яно нi на што iншае не надаецца, як на караняплоды. Кожны меў сваiх прыхiльнiкаў, i часам адбывалiся зацятыя спрэчкi. На сходах Сняжок часта перамагаў дзякуючы сваiм блiскучым прамовам, але Напалеону больш удавалася назбiраць сабе аднадумцаў у часе памiж сходамi. Асаблiвы поспех ён меў сярод авечак. Апошнiм часам авечкi ўзялiся бляяць лозунг "Чатыры нагi добра, дзве нагi дрэнна" калi трэба i калi не трэба, часам перапыняючы сваiм бляяннем Сход. Можна было заўважыць, што яны мелi асаблiвую схiльнасць бляяць свой лозунг у сама важныя моманты Сняжковых прамоў. Сняжок якраз дэталёва вывучыў некалькi старых нумароў знойдзенага ў сядзiбе часопiса "Фермер i жывёлавод" i быў поўны шырокiх планаў розных навiнак i ўдасканаленняў. Ён з веданнем справы гаварыў пра дрэнажныя сiстэмы, сiлас i кампост, выпрацаваў складаны праект, паводле якога ўсе жывёлы мусiлi класцi свой гной непасрэдна ў полi, кожны дзень на новым месцы, каб скарацiць працу на перавозку. Напалеон нiякiх сваiх праектаў не прапаноўваў, а толькi спакойна казаў, што Сняжковы нiкуды не вартыя, i, здавалася, чакаў свайго часу. Але з усiх iхнiх спрэчак найбольш зацятая разгарэлася вакол пытання аб ветраку.

На доўгiм выгане, недалёка ад гаспадарчых пабудоў, быў маленькi ўзгорак найвышэйшая мясцiна на ферме. Агледзеўшы мясцовасць, Сняжок абвясцiў, што гэта сама прыдатнае месца для ветрака, якi б прыводзiў у рух генератар i забяспечваў ферму электрычнасцю. Гэта дазволiла б асвятлiць i ацяплiць узiмку стайнi, пусцiць у ход цыркулярную пiлу, сячкарню, буракарэзку i электрычную даiльную машыну. Жывёлы нiколi не чулi пра нешта падобнае (бо ферма была старая i мела толькi сама прымiтыўныя механiзмы) i здзiўлена слухалi, як Сняжок маляваў ва ўяўленнi дзiвосныя карцiны, як машыны будуць працаваць за iх, а самi яны тым часам будуць пасвiцца ўдосталь на полi або ўдасканальваць розум чытаннем i размовамi.

Праз некалькi тыдняў Сняжковы праекты ветрака былi цалкам гатовыя. Механiчныя падрабязнасцi паходзiлi галоўным чынам з трох кнiг, што належалi мiстэру Джоўнзу, - "Тысяча карысных парадаў па гаспадарцы", "Кожны сам сабе муляр" i "Электрычнасць для пачаткоўцаў". Сняжок выбраў сабе за кабiнет павець, якая некалi выкарыстоўвалася як iнкубатар i дзе была гладкая драўляная падлога, на якой добра маляваць. Ён зачыняўся там на цэлыя гадзiны. Заклаўшы патрэбную старонку каменем i зацiснуўшы кавалак крэйды памiж косткамi капыта, ён хуценька вадзiў iм сюды-туды, крэслячы лiнiю за лiнiяй i павiскваючы ад захаплення. Паступова чарцяжы ператварылiся ў складаную блытанiну шкiваў i шасцерняў, якая займала больш за палову падлогi i, хоць здавалася астатнiм жывёлам цалкам незразумелай, рабiла на iх вялiкае ўражанне. Усе яны прыходзiлi паглядзець на Сняжковы малюнкi, прынамсi, раз на дзень. Прыходзiлi нават куры i качкi, усяляк стараючыся не наступiць на крэйдавыя рыскi. Толькi Напалеон трымаўся наводдаль. Ён адразу выказаўся супраць ветрака. Але аднойчы ён нечакана прыйшоў прагледзець чарцяжы.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги

Дикий
13.1К 92