Джордж Оруэлл - Ферма (на белорусском языке) стр 12.

Шрифт
Фон

I калi чалавечыя стварэннi слухалi яе, яны патаемна баялiся, чуючы ў ёй прароцтва сваёй будучай загубы.

На пачатку кастрычнiка, калi збажына была зжатая i стаяла ў сцiртах, а частка была ўжо абмалочаная, прыляцела, кружляючы ў паветры, купка галубоў i села на панадворку Фермы Жывёлаў у нязвыклым узрушэннi. Джоўнз i ўсе яго людзi, ды яшчэ паўтузiна iншых з Фоксвуда i Пiнчфiлда, увайшлi праз браму i рухалiся цяпер дарогаю, што вяла да фермы. Усе яны неслi кii, апрача Джоўнза, якi ступаў наперадзе з стрэльбаю ў руках. Яны вiдавочна збiралiся адваяваць ферму.

Гэтага чакалi ўжо даўно, i таму ўсё было загадзя падрыхтавана. Сняжок, якi ўважлiва вывучыў старую кнiгу пра выправы Юлiя Цэзара, знойдзеную ў сядзiбе, узяў на сябе кiраванне абароннымi аперацыямi. Ён хутка раздаў загады, i праз пару хвiлiн кожная жывёлiна была ўжо на сваiм баявым пасту.

Калi чалавечыя стварэннi наблiзiлiся да будынкаў фермы, Сняжок распачаў сваю першую атаку. Усе галубы, колькасцю трыццаць пяць, лёталi сюды-туды над галовамi людзей i брудзiлi на iх з паветра; i пакуль людзi абцiралiся, гусi, што хавалiся за жываплотам, кiнулiся на iх i пачалi бязлiтасна шчыпаць iх за лыткi. I, аднак, гэта была толькi лёгкая папярэдняя сутычка, скiраваная на тое, каб стварыць разлад у шэрагах супрацiўнiка, i людзi лёгка адагналi гусей кiямi. Тады Сняжок кiнуў у бой другую лiнiю атакi. Мюрыэль, Бэнджамiн i ўсе авечкi, на чале з Сняжком, рынулiся наперад i пачалi таўчы i басцi людзей з усiх бакоў, тым часам як Бэнджамiн, павярнуўшыся, бiў iх сваiмi маленькiмi капытамi. Але i тут людзi з сваiмi кiямi i падкутымi цвiкамi ботамi былi мацнейшыя за iх; раптам, пачуўшы Сняжкоў вiск, што было сiгналам да адступлення, усе жывёлы павярнулiся i ўцяклi на ўнутраны двор.

Людзi азвалiся пераможным воклiчам. Яны ўбачылi, як iм здавалася, што iх ворагi ўцякаюць, i бязладна кiнулiся за iмi. Гэта было якраз тое, чаго спадзяваўся Сняжок. Як толькi яны забеглi ў двор, тры канi, тры каровы i ўсе астатнiя свiннi, што хавалiся ў засадзе ў хляве, нечакана выйшлi на iх з тылу, адрэзаўшы шляхi да адступлення. I тады Сняжок даў сiгнал да атакi. Сам ён абрынуўся на Джоўнза. Джоўнз убачыў яго, узняў стрэльбу i стрэлiў. Шрацiны прадзёрлi крывавыя палосы на Сняжковай спiне, i адна авечка ўпала мёртвая. Не спыняючыся нi на хвiлiну, Сняжок увалiў усе свае шэсць пудоў у ногi Джоўнзу. Джоўнз павалiўся ў кучу гною, i стрэльба выпала ў яго з рук. Але найстрашнейшае вiдовiшча ўяўляў сабою Баксёр, якi стаў дыбкi i выбрыкваў сваiмi падкутымi жалезам капытамi, як стаенны жарабок. Яго першы ўдар лучыў у галаву памочнiку конюха з Фоксвуда, i той нежывы распластаўся ў гразi. Убачыўшы гэта, некалькi чалавек пакiдалi свае кii i паспрабавалi ўцячы. Iх ахапiла панiка, i ў наступную хвiлiну ўсе жывёлы, сабраўшыся разам, ганялi iх па ўсiм двары. Iх бiлi рагамi i нагамi, кусалi i тапталi. Не было нiводнай жывёлiны на ферме, якая б па-свойму на iх не папомсцiлася. Нават кот, раптоўна саскочыўшы з даху на плечы пастуху, запусцiў кiпцюры яму ў шыю, i той пачаў крычаць немым голасам. У той момант, калi брама расчынiлася, людзi з радасцю кiнулiся з двара i пабеглi да гасцiнца. I так, праз пяць хвiлiн пасля ўварвання, яны ганебна адступiлi той самай дарогай, якой былi прыйшлi, а за iмi, сыкаючы, беглi чарадою гусi i шчыпалi iх за лыткi.

Усе людзi ўцяклi, апроч аднаго. Вярнуўшыся ў двор, Баксёр пакратаў капытом памочнiка конюха, якi ляжаў нiцма, тварам у гразь, спрабуючы перавярнуць яго. Хлопец не варушыўся.

- Ён памёр, - з сумам вымавiў Баксёр. - Я не хацеў яго забiваць. Я забыўся, што ў мяне жалезныя падковы. Хто цяпер паверыць, што я зрабiў гэта не наўмысна?

- Без сантыментаў, таварыш! - закрычаў Сняжок, з чыiх ранаў усё яшчэ цякла кроў. - Вайна ёсць вайна. Добры чалавек - мёртвы чалавек.

- Я не хачу забiваць, нават людзей, - паўтарыў Баксёр, i вочы яго напоўнiлiся слязьмi.

- А дзе Молi? - усклiкнуў нехта.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги

Дикий
13.1К 92