Бах Ричард - Чайка па имени Джонатан Ливингстан (на белорусском языке) стр 10.

Шрифт
Фон

"Што са мною творыцца? Я звар'яцеў? Памёр? Што гэта?"

Перабiваючы яго думкi, голас гучаў цiха i спакойна i патрабаваў адказу:

- Чайка па iменi Флетчар Лiнд, ты хочаш лятаць?

- ВЯДОМА, Я ХАЧУ ЛЯТАЦЬ!

- Чайка Флетчар Лiнд, цi так моцна ты хочаш лятаць, што гатовы ўсё дараваць Чарадзе i, калi вывучышся, вярнуцца ў яе i працаваць i памагаць вывучыцца iншым?

I якi б ганарысты нi быў Флетчар, як бы нi крыўдаваў ён, але зманiць гэтай iстоце, якая здольная была тварыць цуды, ён не мог.

- Гатовы, - цiха прамовiў ён.

- Тады, Флетч, - сказала зiхатлiва-белая птушка неяк вельмi лагодна, давай пачнём з Гарызантальнага Палёту...

ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ

Джонатан кругамi лунаў над Далёкiмi Скаламi; ён уважлiва назiраў. Гэты нязгрэба Флетчар аказаўся цудоўным вучнем. Ён быў дужы, лёгкi, iмклiвы ў паветры i, што куды больш важна, меў гарачае жаданне навучыцца добра лятаць.

Вось ён з'явiўся на выхадзе з пiке, размытым шэрым ценем прамiльгнуў з хуткасцю сто пяцьдзесят мiляў у гадзiну паўз свайго настаўнiка i рэзка пачаў набiраць вышыню для чарговай спробы выканаць шаснаццацiвiтковую вертыкальную запаволеную бочку. Пры гэтым ён гучна лiчыць вiткi:

- ...восем... дзевяць... дзесяць... глядзiДжонатанятрачухуткасць... адзiнаццаць... хачунавучыццаспыняццагэтаксамапрыгожаiдакладнаякты... дванаццаць... дылiханаягонiчоганевыходзiць... трынаццаць... гэтыятрыапошнiявiткi... не... чатыр... ааах!

Iмгненная страта хуткасцi на самым пад'ёме прывяла Флетчара да няўдачы: ён, раз'юшаны, перакулiўся назад i ўвайшоў у шалёны штопар, а калi, нарэшце, задыхаючыся да знямогi, выраўняўся, дык апынуўся на сотню футаў нiжэй за свайго настаўнiка.

- Дарэмна ты трацiш са мною час, Джонатан! Занадта тупы я! Я недарэка, боўдзiла! Стараюся, стараюся, а ўсё нiяк не выходзiць!

Джонатан паглядзеў на яго i кiўнуў:

- I не будзе выходзiць датуль, пакуль ты гэтак туга набiраеш вышыню. На заходзе, Флетчар, ты страцiў сорак мiляў у гадзiну! Ты павiнен рабiць тое самае, толькi плаўна. Упэўнена i плаўна, запомнiў?

Джонатан знiзiўся да вышынi, на якой знаходзiўся Флетчар.

- Давай паспрабуем разам, у шыхце. I звярнi ўвагу на набор вышынi. Заход павiнен быць лёгкi, плаўны.

Пад канец трэцяга месяца ў Джонатана з'явiлася яшчэ шэсць вучняў, усе Выгнанцы i ўсе захопленыя гэтай дзiўнай новай iдэяй - лятаць дзеля самога палёту.

Але iм усё-такi лягчэй было выконваць складаныя фiгуры найвышэйшага пiлатажу, чым зразумець запаветную мэту iх практыкаванняў.

- Кожны з нас - гэта iдэя Вялiкай Чайкi, iдэя бязмежнай волi, свабоды, гаварыў вечарамi на беразе Джонатан, - а палёты высокай дакладнасцi i складанасцi - гэта крок на шляху да выяўлення нашай сапраўднай сутнасцi. Трэба пераадолець усё, што нас стрымлiвае. Вось для чаго ўсе гэтыя ўрокi, практыкаваннi на вялiкiх i малых хуткасцях, фiгуры найвышэйшага пiлатажу...

...А яго вучнi засыналi, бо былi знясiленыя дзённымi палётамi. Iм падабалiся заняткi, таму што трэнiроўкi ап'янялi хуткасцю палёту, абуджалi прагу да ведаў, якая нарастала з кожным урокам. Але нiхто з iх, нават Флетчар Лiнд, не верыў у тое, што палёт думкi можа быць такi самы рэальны, як вецер, як палёт птушкi.

- Усё ваша цела, ад кончыка аднаго крыла да кончыка другога, - гаварыў Джонатан другiм разам, - не што iншае, як ваша думка ў той форме, якую вы здольныя бачыць. Разарвiце ланцугi, што скоўваюць вашу думку, i вы разарвяце ланцугi, што скоўваюць ваша цела...

Але якiмi б словамi нi выказваў Джонатан сваю думку, яны гучалi, як прыемная казка, а iм больш за ўсё быў патрэбны сон.

Мiнуў яшчэ месяц, i Джонатан абвясцiў, што прыйшоў час вяртацца ў Чараду.

- Мы не гатовы! - усклiкнуў Генры Кельвiн-Чайка. - Яны не хочуць нас бачыць! Мы Выгнанцы! Хiба мы можам iсцi туды, дзе нас не чакаюць?

- Мы вольныя i можам ляцець, куды пажадаем, быць такiмi, якiя мы ёсць, адказаў Джонатан.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке