Раскажы што перад гэтай пахатухай, дык уся вёска заўтра ведаць будзе.
- Ну што ты, дзядзька Пракоп, - голасна сказаў Антось, - а што тут утойваць? Нiхай ведаюць людзо.
Настала нязручнае маўчаньне. Янук пазiраў у вакно, пасьля адвярнуўся.
- Паехалi, - паведамiў.
Аўдоля прысела каля хлопца на лаве й лiсьлiва зазiрнула яму ў вочы.
- Хто-ж гэта абраз пабiў, Янучок? - спытала.
- Сабакевiч, хто-ж яшчо, - адказаў злосны хлапец.
- А ягодка-ж мая, Сабакевiч, кажаш! - ахнула Аўдоля. - А навошта-ж яму абраз? Ён у яго есьцi прасiў, цi якой трасцы?
- Гэта-ж тату сiлай напаiць хацелi, а калi ён ня мог выпiць, дык як схопiць Косьцiк поўную шклянку самагонкi, ды як чарахнiць па абразе?
- От каб яго зiмля нi насiла, галадранца кусок! - плюнуў Алесь.
- А ягодка мая, гэта-ж цi так можна па абразе? Як яму ня грэх? дзiвiлася Аўдоля.
- Якi там грэх... басяк-жа ў Бога ня верыць, - спасьцярог Антось.
- Алi-ж чаму гэта па абразе? - дамагалася Аўдоля. - Што гэта было тутака, Пракоп?
Бахмач маўчаў. Ён дрыжэў пры стале, мусiць ня могучы вярнуць раўнавагi.
- Тата малiўся да Прадславы Апрасiньнi, ня мог гарэлкi зь iмi пiць, от што, - тлумачыў Янук.
- Дык што-ж, малiцца няможна? - заўважыў Алесь. - А чаму яны яго змушалi, за што гарэлку пiлi?
- За таварышча Сталiна й асвабаждзеньня, во за што... I Лявон ды Косьцiк пагражалi тату, што за таварышча Сталiна й за асвабаждзеньня трэба пiць да самюсенькага дна, а калi ён ня вып'iць, дык яны яму нешта пакажуць. Ну й паказалi, - выказаў адным дыхам Янук.
- А ягодка-ж мая, нявiданае-няслыханае, - охкала Аўдоля. - А дзе-ж гэта яны самагонку бралi, сынок?
- Ды ў вашага-ж купiлi, - адказаў Янук, - мяне пасылалi.
- У Тодара? - зьдзiвiлася Аўдоля.
- А ў каго-ж, - адказаў Янук.
- I колькi-ж ён узяў зь iх? - узрастала Аўдолiна цiкавасьць.
- Цэлы чырванец.
- Ты, хлапец, мусiць брэшаш. Быць гэтага ня можыць! - запратэставала пахатуха.
- Цётка Аўдоля, што гэта гавораце? Я вам сабака, цi што? - дзёрзка адказаў Янук.
- Ну я-ж яму пакажу, я-ж яму вушы абарву! - усхадзiлася жанчына. - А казаў-жа, што нiма. Ды яшчо самагонку прадаець, каб абразы бiў гэты...
Яна спынiла кленiчы, каб лiшняга не сказаць, разглядалася навокал, быццам спагады шукаючы. Раптам крутнулася й выходзячы моцна стукнула дзьвярмi.
- От-жа й баба, - цiха сказаў Антось. - I ўдаець нiбыта нi знаiць, што Тодар самагонку гонiць i прадаець. Сука! Як гэта ей ня стыдна!
- Дзе ў яе той стыд, - спасьцярог Алесь. - Глядзi, унь ўжо пэўня ў Пiлiпiхi пра гэта ўсё барабанiць. Скора цэлая вёска знаць будзiць. I якi чорт яе сюды прыгнаў?
- А нiхай усе знаюць. Чаго хаваць? - сказаў Антось. - Дай во гэтай нечысьцi дарогу...
- Эх, Антось, ты Антось, - пачаў Алесь, - здаецца й вялiкi й разумны ты, а як малы гаворыш. Ну нiхай цэлая вёска знаiць, нiхай i дзесяць вёсак знаiць, дык што iм, басякам, дарогу хто загародзiць? Ня вiдзiш, што робiцца? Басота да карыта дабралася. Iх права, iх сiла, робяць што хочуць, от як...
- Праўду ты, Алесь, кажаш, - памаўчаўшы адказаў Антось, - басота сiлу цяперака маiць. Дзяржыцiся, людзi добрыя!
Мужчыны прыселi ля стала й пачалi пытацца гаспадара пра гэну дзiўную вiзыту. Янук доўга стаяў, пазiраў на старэйшых. Да вушэй даляталi беразборлiвыя гукi. У вачох стаяла постаць дрыжачага, прыбiтага, некалi ўстойлiвага бацькi.
Пачалi дрыжэць вусны, нешта моцна цiснула сьлёзы з вачэй. Ня памятаў калi выбег з хаты, мiнуў гумно. Азiрнуўся за Тапсiкам i моцна забалела ў грудзёх. Ужо прытулiўшыся да магутных плячэй Архiпа, даў волю сьлёзам. Лёгкiя дрыжыкi юнацкiх плячэй сунiмалiся на стыку з камлём Архiпа. Запаволiлiся сьлёзы й моцна, да болю сьцiснулiся кулакi.
Як праз туман, нейкая дзiўная, у гэтым сьвятле нiколi раней нябачаная, распрасьцерлася ў начоўках вёска Лiтоўцы. Новая вёска, з новым затоеным дыханьнем, няпэўым поступам у таямнiчае заўтра.