З таго боку крычэлi патрывожаныя куры.
- Хапiў, баньдзюга!
- Ты пра каго гэта? - спытаў дзед.
- Каршун ля Тахвiлiнага гумна галуба схапiў.
З-за балота прыкацiўся гул цягнiка. Недзе ля пераезду загудзеў паравоз. Сiпавата-басiсты, з дамешкай хрыпаты гук. Быццам нехта ў дзьве вялiзныя пляшкi дзьмухаў. Чыгунку акупанты пашырылi адразу. Цяпер даўгiя эшалёны танкаў, гарматаў i iншага ваеннага багацьця цягнулася на захад.
- Ну як i загудзiць-жа такi паравоз, дык ажно лыткi дрыжаць, сэрца недзiка ў пяткi ўцiкаiць, - дзiвiўся доктараў Стась, - нагледзеўшыся паравозаўi ўволю наслухаўшыся таго гудзеньня ў Гацях. Дзецi налётам тарчэлi пры чыгунцы "маскоўскiя паязды" аглядаць. - Надта-ж, надта вялiкi той паравоз маскоўскi, - казаў Стась, - а на самым перадзе дык у яго чырвоная зорка. Ён можа польскiя малыя тры могбы папхнуць, ня здужалi-б аднаго. Як чмыхне, дык чмыхне, от-жа й сiла!
- Што ў Пiлiпа чуваць? - спытаў дзед Антося.
- Казаў, што скора зямлю дзялiць будуць i галасаваць будзiм.
- Гэта ўжо старое.
- Казаў Пiлiп, што гэта Аксеня ягоная цяперака саўсiм сьвежую навiну прынесла. Адно толька нiвядома калi тое "скора" будзiць.
- Даберуцца во. Куды iм сьпяшыць, можа людзей яшчо нi паабiралi. А што пра паноў i асаднiкаў?
- Гэтым, кажуць, на Сiбiры колькi хочаш месца. Вывозiць будуць.
- Вывозiць, кажаш? Як гэта вывозiць? Сем'ямi, цi як?
- Хто iх ведаiць... гэтага нi кажуць. Алi гэттака сакрэту нiма, што паедуць дык паедуць. Усе бальшавiкi так кажуць, як у вадну дудку ўсiроўна, мяшаў Антось далей сарокам кашу.
- Цi-ж гэта iм пяршына, - уздыхнуў дзед. - Гэта-ж як за маей памяцi... калi нi аднаго дык другога, а ўсё ў тую праклятую Сiбiр, каб яна скрозь зямлю правалiлася. Самому мне прышлося...
Дзед выстукаў зь люлькi табаку, напакаваў сьвежай i прыкурыў.
- А ў каго гэта сягоньнiка малоцяць?
- Ды ў Бурака-ж, у каго яшчо... Казалi, што на днi тры цi нi зьбярэцца.
- Цябе ня клiкаў?
- Не. Алi трэба будзiць зайсьцiся паглядзець.
- От гэтым цяперака раздольле. Сын - начальнiкам, а ў бацькi ад дабра аж пiралiваiцца.
- Стары жмiнда надта-ж прагавiты. Цяперака яшчо можа Косьцiкавай рукой будзiць пробаваць разжыцца. А во, як на лёгкi памiн, абодвы цацы, - ажывiўся Дзяркач, перастаў "сарокам кашу мяшаць" i паказаў кiем у бок клецi малодшага Пятуха. На самакатах наблiжалiся дзьве ведамыя фiгуры.
- Гэта-ж хто, цi ня гэтыя? - спытаў дзед. - Я нi давiджу так далёка.
- Яны-ж, Косьцiк i Лявон. Па "гасударсьцьвiнных дзiлах" мусiць, скрывiўся дзяцюк. - Пiльныя дзялiшкi. Бацька з наймiтамi малоцiць, а сын бiбiкi зьбiваiць. Начальнiк! Скончылася экспла... як гэта яны, чэрцi, называюць яе? - эксплатацыя чалавека чалавекам. Га-га-га!
Самакаты спынiлiся ля прызбы.
- Здрасьця, таварышчы, - гукнуў Сабакевiч. - Як жывяце?
Касавурычыся на Антося, Лявон нешта буркнуў сабе пад носам.
- Гэта ты, сынок, мяне ўжо таварышам вялiчаiш, га? - спытаў дзед Косьцiка.
- Пiрад савецкай родзiнай i правiцiльствам ды камунiсьцiчаскай парцiяй усе мы таварышы, - адцяў Косьцiк i фанабэрыста пазiраў на дзеда й маўклiвага Антося.
- Нiколi i ў галаву мне нi прышло, хто мне таварышам будзiць, скрывiўся дзед.
Косьцiк быў апрануты ў даматканы сiвы паўсуконны пiнжак, зялёную вайсковую кашулю, сiнiя галiфэ порткi й скураныя вайсковыя боты. З-пад пiнжака выглядала кабура з пiсталетам. Лявон мусiць ня прыдбаў яшчэ нiчога з савецкай вопраткi, бо апрануў падношаныя цёмныя порткi, чаравiкi, а белая расшпiленая кашуля выглядала з-пад сьвяточнага пiнжака.
- Што добрага чуваць, таварышы? - прадаўжаў Косьцiк.
- Ды нiчога, - адказаў Якуб. - Ад вас во трэба пачуць што было-б. Вам-жа цяперака вiдней.
- Пачуiш, дзед, пачуiш так многа, што на вяку сваiм можа ня чуў. Дзяржыся толька, многа новага будзiць.
Задзiрлiвасьць, самалюбства й пагроза гучэлi ў Косьцiкавых словах.