Адылi апавяданьнi тыя пра райскi дабрабыт былi нагэтулькi на "адзiн капыл шытыя", так усё цюцелька ў цюцельку да сябе падобныя, што хiба апошнi дурань гэта ўсё за добрую манэту ўзяў-бы.
У гарадох i мястэчках бальшавiцкая "салдатня" - гэтак папулярна называлi чужынцаў, - неўзабаве ўсе крамы пачысьцiла. На рынку сялянскае дабро аграмадны спрос мела, а ад чырвонцаў у тэй "салдатнi" кiшэнi трашчэлi. Ля "сяльпоў" i "гарпоў" кiлямэтравыя чэргi за хлебам, сольлю, нафтай i цукрам стаялi. Зусiм у новым значэньнi атаўбавалася слова "даюць" i выцiснула нармальна ўжыванае "прадаюць".
Разважлiвы й асьцярожны беларускi селянiн цi мяшчанiн параўноўваў апавяданьнi пра "рай" з нагляднымi фактамi, ды зь няскрыванай iронiяй пытаўся: - Калi-ж ў вас такi рай тамака, дык чаго-ж вы, як шараньча, на нашу бяду налятаеце? Эгэ, мусiць дрэнь тамака ў вас...
I няхто ня ведаў дзе нарадзiўся пашыраны па цэлай новазабранай краiне той да глыбiнi сэрца сваiм трагiзмам кранаючы жарт пра нейкага сярмяжнiка. У гурце сялянаў, што мiж вазоў на кiрмашным рынку гаманiлi, стаяў высокi селянiн у сярмязе. Ён маўклiва i ўважна слухаў як бальшавiцкi афiцэр апавядаў пра залаты дабрабыт на сваей радзiме. Жаўнер зручна й хiтра адказваў на розныя кручкаватыя пытаньнi. Дрыжэў селянiнаў твар i ў вадзiн момант, калi, здавалася, цярплiвасьць ягоная скончылася, адкiнуў палу сярмягi ззаду й зьдзеклiвым голасам сказаў: - Калi нi было савету, ня вiдзiў азадак сьвету, а як прыйшоў савет, дык увiдзiў азадак сьвет.
З-пад адхiленай палы сярмягi запраўды пазiраў на сьвятло дзённае празь вялiкiя дзiркi ў портках голы азадак.
Гэты зручны трык выклiкаў гром сьмеху. Бальшавiцкi афiцр пачырванеў, пачаў злосна лаяць селянiна й зараз паклiкаў "рэбят" у шапках з малiнавымi аколышкамi, каторыя пацягнулi вынаходлiвага дзядзьку ў НКВД. Выпадак стаўся публiчнай антысавецкай дэманстрацыяй. Казалi ў Лiтоўцах, што падзея адбылася на рынку ў Докшыцах, некаторыя называлi навет сьмелага дзядзьку. Адылi пра падобны выпадак апавядалi i ў iншых мясцовасьцях акупаванае краiны.
Быў i яшчэ адзiн факт першакляснага значэньня, што паглыбляў пропасьць мiж "вызвольнiкамi" й мясцовымi: як i раней, на замку стаяла калiшняя польска-савецкая мяжа, адно на зьмену зьненавiджанаму КОП'у прыйшла бальшавiцкая ахова з сабакамi.
- Чаму нi адчынiлi гранiцу? - пыталiся людзi. - Хвалiце дабро сваё, рай там нейкi, а паказаць мусiць баiцеся?
Акупанты тлумачылi, што ў Заходняй Беларусi, каторая пад акупацыяй "панскай Польшы" была, аж кiшэла ад шпiёнаў, дывэрсанатаў i непажаданага элемэнту, што мог-бы, калi-б адчынiць мяжу, перабрацца на той бок i цiмала шкоды нарабiць "гасударству" нарабiць. Але здаровы сялянскi розум браў афiцыйнае тлумачэньне на войстры зуб. Калi-ж вы, такiя нашы любыя браты, хочаце нас да сваiх родных, у тым лiку й бацькоўскiх Сталiнавых грудзей прытулiць, дык цi-ж вам якая дробная агэнтурная мошка замiнае? Чаму-ж такая сiла, як ваша, ды мае такой дробязi баяцца?
Асаблiва ўстрывожылiся тыя, каторыя радню ў Расеi мелi. Чакалi, што пасьля даўгой, штучнай разлукi вернуцца нарэшце дамоў родныя. Адылi незагойная рана на жывым народным целе, каторую некалi ў Рызе бальшавiцкiя й польскiя акупанты зрабiлi, крывавiлася далей. I сыпалася на яе маскоўская соль.
16
У гэну ранiцу прыгрэла крыху млявае ўжо сонца, аж дзед Якуб на прызбу вылез. Сядзеў, ссаў люльку, у пясок паплёўваў. Дзесьцi пад балотам гула малатарня, ля школы чуваць быў гоман дзяцей, лянiва зьвягаў у Пiлiпавым дварэ сабака. Пуставала Якубава хата. Нявестка дзесь упрочкi выбралася, а Васiль некаму падлогу клаў, цi хату апраўляў. Сачыў Якуб апошнiя ўздрыгi залатой восенi й мяркаваў што добрага цi што дрэннага прынясе зiма. З Рыгоравай варыўнi далятаў глухi гул жорнаў. Зь Пiлiпавага двору паказаўся Антось Дзяркач.