К Акула - Закрываыленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке) стр 47.

Шрифт
Фон

Звонку выглядаў апанаваным i зроўнаважаным, але дзесьцi глыбака ў грудзёх загнязьдзiўся чарвяк з таго часу, як чужынцы падсеклi ягонае карэньне. Кажуць, што час ёсьць найлепшым лекарам. Праўда. Да вясны крыху зажыла душэўная Пракопава болька. Ды новыя падзеi зноў адбiралi роўнавагу, нярэдка бяссоньнiцай марылi. Намагаўся трымацца перад сынамi, ды болькi гэнай глыбака не схаваеш, Неасьцярожнае слова цi рух былi надта вымоўнымi.

Мiкола мяркаваў, што мужчыну ў бацькавых гадох жанчына патрэбна была ня толькi для гаспадаркi. Перад Бахмачом, як на добры лад, ляжаў яшчэ прастор жыцьця. Калi-б знайшоў сабе сабе добрую сяброўку, ды ня толькi бацьку раўнавагу вярнула-б, але й яму, Мiколу, вялiкi цяжар з плячэй звалiўся-б. А дзевак выбар цяпер быў вялiкi. i мо таму, што насьпелае сарвалася зь Мiколавага языка зусiм нечаканна, бязь нiякага папярэджаньня, аж уздыхнуў лягчэй. Стаяў i пазiраў на бацьку. Што-ж ён скажа?

- Ну знаiш што, Мiкола, нi час пра гэта цяперака, - сказаў Пракоп. - Нi палiце во дарма лучыну, спаць iдзiце. Можа калi пра гэта пагаворым.

"Ага. - падумаў сын, - значыцца нi сказаў наадрэз, што не. Дык можа яшчо што й будзiць з гэтага".

Мiкола зiрнуў на Янука й той мiгам зразумеў ягоную думку.

- Спаць? Я яшчо во на сяло думаю. Ноч вялiкая, высплюся, - сказаў дзяцюк.

- Да каго-ж ты гэта?

- Недзiка некага знайду.

- Можа дзе самагонку знайдзiш?

- А чаму самагонку? Думаў, што можа дзяўчынай упiкнеш, ажно самагонкай, - усьмiхнуўся сын.

- Табе мусiць дзiўчаты ў галаве. Ат, iдзi, - махнуў Пракоп рукой.

Доўга качаўся ў пасьцелi й ня мог заснуць Янук. У галаве блыталася-крыжавалася павуцiньне думак. Неяк на днях, нечакана сустрэўшы Дуню, выплыла наверх новае й неспадзяванае: школа. Дзяўчына казала, што быццам у Гацях бальшавiкi школу маюць адкрываць i цi не жадаў-бы Янук пайсьцi й даведаццапра навуку.

Ад часу, калi нямоглы бацька здаў на ягоныя слабыя плечы гаспадарку, думкi пра навуку на заднi плян адыйшлi. Адно ў марах часам сябе на школьнай лаўцы бачыў. Былi калiсьцi мроi пра перамену. Цяпер-жа яна прыйшла. На лепшае цi на горшае? Прага да навукi не змалела. Кажуць Французы, што апэтыт падчас яды расьце, а Янукова прага да ведаў нiколi ня спыняла росту. Калi Дуня згадвала пра школьную лаўку, аж млосна зрабiлася. Варта было-б новы сьвет пазнаць.

Памкнуўся нешта Дунi сказаць, зьбянтэжыўся, зачырванеўся. Завязаўся мiж iмi нейкi, Януку ня зусiм зразумелы вузел. Дзяўчынiна блiзкасьць i непасрэднасьць зьвязвала яму язык, забiрала волю. Бянтэжылi хлапца дапытлiвыя й добразычлiвыя вочы-васiлькi.

- Нi... нi знаю. Сама ведаеш як у нас...

Абмiнаў дзяўчынiн зрок, баяўся, што ўсё на ягоным твары вычытае. З аднаго боку спанукала нешта, каб душу перад сяброўкай раскрыць. А што будзе, калi пачнеш скардзiцца ды сьлiнькай выглядаць будзеш? Трэба трымацца, мужным быць. Дуня спасьцерагла, як гарэў Янукоў твар.

- Што з табой, Янучок? Чаму ты як бурак чырвоны зрабiўся? Часта нi пазнаю цябе.

Васiлькi больш дапытлiва й глыбей у твар пазiралi.

- Нi пытайся.

Янук адвярнуўся й раптоўна адыйшоў. Спачатку ногi непаслухмяныя былi. Мо вярнуцца й расказаць? А пра што раскажа? Пра мазылi й цяжкую працу? Аж здрыгануўся пры думцы такой. Прыгадаў далёкi той час, калi дзяўчыну ў школу нi пушчаў. Яна-ж горшая была. - А чаму-ж горшая яна? - пагрозьлiва вырасла на лясной сьцежцы высокая постаць дзядзькi Захарука.

Нешта ў нутры пякло. Цяпер "горшая" яму разам у школу iсьцi сулiла. Бачыш, як яно перавярнулася, зьмянiлася. Ды ў iх-жа цяпер у хаце дабра поўна, хоць i з камбеду нацяганага. А Пракоп Бахмач можа ў Сабакевiча на чорнай лiсьце запiсаны.

Ногi пайшлi раўней. Адно раз азiрнуўся. Дуня стаяла, сачыла за iм, мо спадзявалася, што вернецца.

На мяжы дрымоты, у той паласе, дзе смугой паволi зацягваецца сьведамасьць, прыгадалася тое нiкчэмнае зьбянтэжаньне. I зноў, здавалася, загарэўся чырваньню твар.

Вецер ацiхаў. Недзе на вулiцы пачулiся гулкiя, няроўныя галасы.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке