К Акула - Закрываыленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке) стр 35.

Шрифт
Фон

Аблапiў дзяўчыну й абое павалiлiся ў мяккую мядова-духмяную канюшыну. "Куранё галапупае" заходзiлася сьмехам, як мага адпiхала хлапца, а Янук шчыпаў яе за бакi.

- Пi-ха-ха-ха... пiрас-ха-ха-ха... пiрас-стань, дурненькi! Пiрастань! Ха-ха-ха! - прасiлася й задыхалася сьмехам Дуня.

Яна спрабавала адкацiцца, каб пазбыцца Януковых рук, але хлапец яшчэ больш насядаў. Дунiн твар налiўся чырваньню й яшчэ больш пахарашэў. Мяккая шаўковая сукенка, каторую Янук бачыў першы раз, лашчыла дзявочую сярэдзiну й нiз яе загалiў каленi. Адкуль нi вазьмiся, Янука апанавала тая самая млявасьць, як тады ў Дунiнай хаце. Духмянасьць сьвежай канюшыны п'янiла галаву, а ў скронях зноў пачалi малаточкi малацiць. Шорсткiя рукi, што ведалi адно пастухова пугаўё, граблi цi поручнi плуга, спынiлiся й шоўк лашчылi.

- Ты, кураня гала...

Ён не даказаў. Дзяўчына раптоўна спынiла сьмех. Адно хвалявалiся грудзi, а ў вачох-васiлькох прытаiлiся гарэзьлiвыя, на паядынак выклiкаючыя агеньчыкi. Памякчэла пругкае дзявочае цела. На ледзь адчыненых вуснах затрымалася пасма пышных валасоў. Шырэй адчынiўся роцiк i валосамi забаўлялiся белыя зубкi. Вочы-васiлькi туманом зацягнула. Дзе гэта штосьцi падобнае бачыў Янук? Цi нi такiя вочы былi ў каровы, калi ей пабегаць прырупiла? Засмужаныя дзявочыя вачаняты сталi да нясьцерпнага болю прынаднымi, яны вабiлi й калолi, дурманiлi й нешта жывёльнае, да гэтага часу нязьведанае ўнутры будзiлi.

Дзесь воддаль усхадзiлiся, як мiж курэй перад налётам коршуна, дзявочыя пiсклявыя галасы й загудзеў матор. У канюшыне чырыкалi сьвяршчкi, а легкi вецярок забаўляўся буйным Януковым чубам. На могiльнiку дзярла глотку варона. Янук крадком зiрнуў на голыя Дунiны ногi, напоўнены нейкiм незразумелым жаданьнем чароўны тварык i ў ап'янелай галаве паўстаў суцэльны хаос, на лбе выступiў пот. Нешта таўхала ды намаўляла, каб даболю сьцiснуць у вабдымках гэта "куранё галапупае", але адвагi не хапала.

- Янучок, любiш мяне?

Словы прыляцелi на крыльлях ласкава-пяшчотнага ветру. Ды не. Бачыў як паварушылiся прынадна-мiлыя вусны.

- Га?

Голас Янука быў глухi, быццам чужы.

- Пытаюся, цi любiш мяне, дурненькi...

Цяпер-бы ўскочыць, колькi мага сiлаў ходу даць, дзесьцi ў нару глыбокую залезьцi. Такога ад яе не чакаў. Пачалося ад звычайнай дзiцячай гарэзьлiвасьцi. Пажадальныя аганькi ў вачанятах-васiлькох i той прывабны роцiк волю забралi. Твар набух сарамяжлiвай чырваньню.

- Калi любiш, дык пацалуй, - дрыготкiм, ледзь чутным голасам сказала Макатунiшка.

Учэпiстыя рукi схапiлi Янукову галаву й да ягоных вуснаў прылiп той прывабны роцiк. Аж дыханьне забрала, калi шчыльна прытулiлася да яго дрыготкае дзявочае цела. Дунiна пажадальнае дрыжэньне перадалося Януку, узбурыла ягонае нутро,. Ашаломлены, хлапец iрвануўся, устаў на поўны рост. У вачох дзяўчыны мiльганула зьбянтэжанае рашчараваньне. Быццам для абароны ад няўхiльнага ўдару, рукой закрыла твар.

Янук кiнуўся наўцёкi. Збоку мiльганулi й схавалiся за казламi з канюшынай квяцiстыя хусткi. Выбухнуў голасны сьмех. Януку здавалася, што з сораму памрэ. Падгледзiлi. Як-жа цяпер каму на вочы паказацца, калi возьмуць ды перакажуць? Вусны гарэлi першы раз зьведаным цалункам, раптоўнымi штуршкамi намагалася вырвацца з грудзей сэрца.

Блiзу школы запаволiў ход. Даўгiя ценi будынкаў i дрэваў даўно расплылiся ў шэрым зьмярканьнi. Янук спынiўся й на поўны рот зачарпнуў паветра. Школьныя вокны ўжо гарэлi сьвятлом. Здавалася, што ўзмоцнiлi свае чырыканьне сьвяршчкi. На бальшаку раптоўна блiснулi аўтамабiльныя сьвётлы. Машына запiшчэла тармазамi й спынiлася. Шафёр выскачыў з кабiны.

- Таварышч, мала! Яшчо, яшчо раз! - крычэлi дзецi.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке