К Акула - Закрываыленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке) стр 32.

Шрифт
Фон

Тыя самыя нядужыя ногi, каторыя ледзь трымалi яго ў хаце, цяпер, пераступiўшы парог, набралi няведама адкуль сiлы й маланкавым тэмпам панесьлi яго па нiве.

- Уцякаiш? Дурань, цi што? - ледзь дагналi яго дакорлiвыя Дунiны словы.

Бег як мага. Затрымаўся, каб злавiць паветра й агледзiцца цi не даганяе яго тая цудоўная зьява. Ля Макатунiшынай хаты было пуста. Сонца хiлiлася на захад. З боку Лiпавiчаў далятаў гул трактарных матораў. Янук згадаў тое, што казаў яму Пятро й наважыў заглянуць у маёнтак. Калi туды пайшлi людзi тыя "вялiкя арудзii" паглядзець, дык там i навiны будуць. А навiнаў i прасiў бацька.

11

Першы вянец зрубу лiтоўскае пачатковае школы зьвязалi яшчэ ў грамадаўскiя часы. "Грамаду" пасьля акупанты разагналi, таму й будынак пад загадамi "моцарствовай" улады рос вельмi неахвотна. Адылi школе мусiць пад тузiн гадоў ужо было. I нiколi за кароткi век свой ня была яна такiм асаблiвым цэнтрам увагi, нiколi ня зьбiралася ў сьценах яе так шмат сялянскага народу, як у гэны вечар, калi меў прыехаць той камiсар. Наказалi сабрацца ня толькi лiтоўскiм, але й жыхарам з суседнiх пасёлкаў.

Цяжка было яшчэ сонца з грывы лiпавiцкага саду качаргой дастаць, калi дарогамi й сьцежкамi больш дападлiвыя пачалi зыходзiцца. Падрыхтаваць школу да сходу ўзяўся сам "акцiвiст" Шпунт. I цяпер першым, што зблiжалiся да будынку, паказаўся дзiўны вобраз: на франтавой сьцяне школы вiсела даўгое чырвонае палотнiшча зь вялiкiм напiсам белымi лiтарамi, а перад iм топаў i рукамi размахваў, суправодзячы тое маханьне шорсткай лаянкай сам у собскай асобе выдатны вясковы франт.

Прычына нязвычайнага Лявонава паднечаньня ўсiм на воку была: Прывiтальны лёзунг апавяшчаў: "Да Здравствует Доблестная Освободительная Р К К А!" Апошнiя чатыры лiтары мiж сабой вялiкiя прамежкi мелi. Нехта чырвонай хварбай замазаў першую лiтару, а мiж двух "к" намаляваў белай хварбай вялiкае "а".

- Вы паглядзiце, людцы добрыя, што зрабiлi! - крычаў "акцiвiст" Шпунт, паказваючы пальцам на вялiкi клiч. - Ну цi ня вырадкi гэта? Я-ж iм, такую-растакую, пакажу!

Першымi прыйшлi Кмiтава Аўдоля й Пiлiпава Аксеня. Парасейску жанчыны чытаць ня ўмелi, дый наагул малапiсьменнымi былi, адылi знайшлi сэнс у вапошнiх чатырох лiтарах, зь якiх выйшла зусiм зусiм неадпаведнае Лявонаваму смаку слова.

- Глядзiце, што басота з пасьледнiх букваў зрабiла! - калацiўся Лявон. дзяцюк быццам да шлюбу адфранцiўся: як цаца касьцюмчык, выглянцаваныя чаравiкi. Адно растрэсены хвалiсты чуб, чырвоны ад злосьцi твар ды расшпiлены каўнер з адцягнутым гальштукам выказалi яго паднечаньне.

Пасьля пачатковае няўцямнасьцi, жаночыя твары расплылiся поўным, шчырым сьмехам. Гэтаксама рэагавалi й iншыя сяляне, калi зразумелi прычыну "акцiвiставага" ўтрапеньня.

- Чаго рагочаце, ёлупы нiдапечаныя? - грымеў дзяцюк. - Гэта жартачкi вам, цi што?

Учора пад вечар, паклiкаўшы на дапамогу Пiлiпава Арсеня, прывёз Лявон з дому драбiну ды разьвесiў палатно з напiсам. Поўбяды было-б, калi-б палатно зь Лявонавай iнiцыятывы зьявiлася. Сам Косьцiк Сабакевiч, каторы ў Лявонавых вачох куды падрос як ля большых бальшавiцкiх начальнiкаў стаў ацiрацца ды ў сельсавет залез, наказаў яму гэтак:

- Зрабi, дружышча, усё, каб гэтым разам тварам у гразь нi падаць. Палатно з лозунгам на вiдным месьця павесь, штоб нашы асвабадзiцiлi вiдзiлi, панiмаiш, як народ з нашай дзярэўнi iх прыветствуiць.

Лявону ня трэба было казаць, якой задняй думкай Сабакевiч кiраваўся. Нясоладка пасьля забойства Макатунiшкi пры браме было. Цяпер трэба было натужыць сiлы, каб "асвабадзiцеляў" добра ў роднай школе прывiтаць. I вось у якi бок яно павярнулася. Лявон зусiм страцiў раўнавагу, стаяў перад палотнiшчам, размахiваў рукамi, брыдка й голасна лаяўся. Людзi рагаталi й дзiва няма, што "акцiвiст" бачыў сябе аб'ектам таго сьмеху.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке