К Акула - Закрываыленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке) стр 28.

Шрифт
Фон

Старая Макатунiха ў суправодзе сям'i, спасьцярогшы ваду ў яме, заенчыла: - Божа мой, як-жа гэта так, у ваду?

Прысутныя пераглянулiся.

- Што-ж зробiш... Бог так даў, а ей усiроўна, - адказаў брат.

Янук i Зянькевiчаў Стась прымкнулi да групы тады, калi зачыненая дамавiна стаяла на горбачцы зямлi побач ямы, а людзi, апусьцiўшы галовы, слухалi Сабакевiчаву прамову.

- Дарагiя таварышы, аднасяльчане! Када я работаў для камунiсьцiчаскай парцii й са мной да з другiмi работала от наша пакойнiца, дык я ажыдаў таво дня када мы ўмесьця на таржэсьцьвенным празьнiку будзiм вялiчаць нашых асвабадзiцеляў, доблiсную красную армiю й савецкi народ, каторыя падалi нам руку й асвабадзiлi ад праклятага панскага iга. Таржэсьцьвенны дзень прышоў, ну от забраў ад нас адну iз самых лутшых работнiц, самых жэрцьвiнных людзей. Пагэтаму я з баляшчым серцам стаю над яе гробам...

- Ну трэба сказаць вам, таварышы аднасяльчанi, што свабоды бяз жэртваў ня бываiць i вы самi гэта мусiця знаць.

Сабакевiч змоўк, мутнымi вачмi ўглядаўся, ў прысутных, быццам чакаючы пацьверджаньня такой вялiкай, нiколi нячутай, iм упяршыню адкрытай праўды. Сосны й хвоi марасiлi дробным дожджыкам. Людзi пазiралi ўверх, горбiлiся, тулiлiся адкрытыя галовы ў каўняры адзеньня. Быццам у вадказ на Сабакевiчаву гутарку, у каторай зьдзекваўся зь дзьвёх сумежных моваў, уверсе над сястрыцамi-соснамi ўсхадзiлiся вароны. Пахнула сырой iглiцай, прэлым лiсьцем i жывой смалой.

- Пагэтаму гавару вам, таварышчы аднасяльчане, што нада шанаваць жэртвы, - бубнеў далей Ромкаў гаспадар, - бо яны жызьнь за нас аддалi, гэта значыцца штоб лепшая было жыцьцё для нас. Параскева Iванаўна, гэта наша пакойнiца, каторую мы сабралiся харанiць, была асоба жэрцьвiнная, яна нi шчыталася зь нiчым када работала для камунiсьцiчаскай парцii, значыць для асвабаждзенiя трудзяшчыхся западнай Бiларусii. Наша ўласьць прышла й сiчас мы добра жывём. Ну жалка, што када з вастока сонца засiяла дык Параска мусiла галавой налажыць. Гавару вам, таварышчы аднасiльчане, што да нас прышоў новы дзень. Таварышч Сталiн пазабоцiўся... аб нас, каторыя стагналi пад панскiм польскiм iгам, паслаў нам сваю доблiсную красную армiю на помашч...

Ззаду за Косьцiкам, прытрымлiваючы рукамi крыж на грудзёх, нахiлiўшы сiвую галаву, стаяў старэнькi слабодзкi сьвятар. Казалi, што гадоў яму пад восемдзесят. Зрок трымаў унiзе, дзесь на веку дамавiны; ледзь вярушылiся ў малiтве яго вусны. I было ў гэным вобразе над магiлай штосьцi камiчнае ў сваей недарэчнасьцi й грандыёзна-велiчнае ў прастаце, быццам Бог супаставiў побач, усiм на вока, дзьве вялiкiя й зусiм супрацьлеглыя сiлы. Надзьмуўшы тоўстыя шчокi, шырака расставiўшы патрапаныя й гразёй запэцканыя хромавыя боцiкi, выпяцiўшы грудзi, "новая ўласьць" расьпiналася перад хаўтурнiкамi пра нячутыя дагэтуль у вёсцы нейкiя даброты, ласкi, што вось прынесьлi лiтоўскiм сялянам апошнiя падзеi. Гэта была "ўласьць" у асобе пагарджанага сваймi людзьмi дзяцюка, калючага атожалка ад свайго дрэва. Хто гэта калi яго напокуцi калi пасадзiў? А пасланьнiк сiлы адвечнай, найвышэйшай i адзiна справядлiвай вунь сьцiпла за плячмi гэтага атожалка малiтвы шэпча.

Цi мала хто Косьцiка слухаў, цi многа, гэты кантраст яшчэ да пазаўчарашняга зусiм нясумяшчальных побач сябе людзей быў так вымоўным, што думкi самi напрашвалiся.

- Iш ты яго, ханжа во распаўзлася. Цяперака зажывём, калi во такi над табой руку будзiць дзiржаць!

Сказана было даволi голасна. Людзi азiрнулiся. Як звычайна, ня вытрымаў Антось Дзяркач. Косьцiк, заварожаны сваей прамовай, мусiць ня чуў. Ён далей прымiтыўна маляваў "блага" новае ўлады, пра нябожчыцу забыўшыся. Мiж прысутных ня было нi Сявенькi, нi Зянькевiчаў, нi Бахмача са сваякамi, нi Бурака з Бурачыхай, нi Шпунтоў. Людзi спасьцераглi адсутнасьць найбольш кемлiвых лiтоўскiх гаспадароў. Побач Косьцiка тарчаў Павалiцкi Хвёдар.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке