Прыедуць назад, дык тады можа й накормiце нас. Ранiцы я ў Лявона заўтракаў. Нам тутака з гэтай пакойнiцай заботы. У баб гола ў хаце. Дзяўчына для народу работала. Ага, во што, бацька: можа ў цябе ёсьць дошкi, з каторых дамавiну зрабiць.
Паўлюк трымаў карэлыя ад працы рукi, як плашкi, на каленях i ня сьпяшыўся з адказам. У ягонай спрактыкаванай галаве пайшлi ў рух мазгавыя спрунжыны, каб хутка спанатрыць адказ на пытаньне: калi даць, дык што ўзяць. Скнэра нiкому нiчога не даваў за добрыя вочы цi ласкавую ўсьмешку. I ў вачох ягоных, што так раптоўна ажылi пасьля сынавага пытаньня, падазронасьць перамяшалася з практычнай жыцьцёвай калкуляцыяй. Цёмныя лапiкi розных вялiчыняў распаўзьлiся па вылiнялых i мясцамi папрацiраных зрэбных портках ды кужэльнай сьвiтцы. Зь левага, ашчэранага, даўно мусiць нюхаўшага дзёгаць, боту выглядала каравая ануча. Рука памацала кароткiя рыжыя вусiкi й тады Паўлюк неахвотна адказаў:
- Дык дзе-ж у мяне якiя дошкi... Лесу нiма, сам знаiш... От каб бярвеньня якога, лазьню трэба было-б як згарусьцiць, а то як памыцца захочаш, дык заўжды йдзi да каго ласкi прасiць.
- Ты, бацька, цi нi надуць мяне хочаш? - груба адказаў Сабкевiч. - У цябе дошкi пад паветкай лiжалi, сам вiдзiў, каб я з гэтага места нi зыйшоў... Што ты зрабiў зь iмi?
Сынава гаворка йшла ў такiм накiрунку, што зусiм старому Бураку не падабаўся. Дый тое зьверху сказанае "бацька" надта-ж не да смаку было. Калiсьцi "татам" клiкаў.
- Што ты, Косьцiк, упасi цябе Бог! - спахапiўся стары. - Гэныя дошкi? Дык гэта-ж самыя лепшыя дошкi!
- Калi гэна сама лепшыя, дык у цябе мусiць i горшыя ёсьць. Га? учапiўся сын за бацьку. - Цi можа ты думаiш, што з гнiлых дамавiну зробяць?
- Дык я-ж нi казаў, што з гнiлых, алi можа абыйдзецца i з горшых... А хто-ж яе, тую дамавiну, рабiць будзiць?
- Згадзiўся Захарук, Сымон Пятух i Антось Дзяркач.
- Ну Захарук рукi маiць добрыя, а тыя два - гультаi. Ды во гэты хiтрун неяк выкруцiўся, ўцёк. Чаму-ж во другiя нi ўцяклi?
- Гэта, бацька, нi наша дзела. Уцёк i добра зрабiў. А дамавiну, калi сказалi, дык зробяць.
Настала маўчаньне. Прыпёрты сынам да сьцяны, маўчаў Паўлюк.
- От што я табе скажу, - пачаў стары, - калi ты мне дасi лесу, дык я табе дам дошак. Трэба лазьню пабудаваць, сам знаiш. I сам-жа мусiць нi купаўся даўна, праўда?
- Што праўда, то праўда. Трэба было-б выхвастацца й папарыцца. Алi што-ж, буду ждаць пакуль лазьню пастроiш? - усьмiхнуўся Сабакевiч. - А як гэта кажаш, каб я табе лесу даў? Дзе ў мяне ёсьцiка той лес?
- Дык-жа нi цяпер, - пасьпяшыў адказаць бацька. - Я-ж нi кажу, што от адразу давай. Ты-ж нейкiм начальнiкам будзiш, дык там рука ў руку з другiм начальствам, от тады й дасi. Ну дык як?
Косьцiк пацерабiў галаву.
- Ты, бацька, надта далёка мне наперад забег. Я яшчо ня ёсьць нiякi над лесам начальнiк.
- Ну а калi будзiш? - не адступаў стары Бурак.
- Як буду, тады тоя й будзiць. А бабу трэба сiчас пахаваць.
- Дык я-ж i кажу, што нi сягоньнiка. Дык як, абiшчаiш?
- Нiхай, - сказаў сын. - Можа пойдзiм дошкi паглядзець?
Скрыпнулi дзьверы й мужчыны накiравалiся ў гумно. Нiна падбегла да вакна. Косьцiк выглядаў куды дужэйшы за бацьку. Прыглядалася мужчынам i думала Нiна, што трэба цяпер як мага паддабрыцца, пасобiць пасынку, Дарма-ж па вязьнiцах не сядзеў. На твары жанчыны зьявiлася чырвань наводля той, што раней пры звадцы з Паўльком успыхнула. Думкi Нiнiны спынiла раптоўнае Ромкава браханьне. Ад варот, на самакатах, ехалi Лявон з Хвёдарам.
9
На золаку лагодны вецярок падкрадаўся лесам. Ля Гараваткi ён пасьмялеў, дыхнуў поўнай моцай i заўзята скалануў дуб-гiгант. Схамянуўся спрасоньня пышны Архiпаў чуб. Рыпнуў дуб сукамi, атрос кволае лiсьце й злосна сыпануў жалудамi. Пасьля гвалтоўнага ўздыху, вецер параўнеў i пырснуў рэдкiмi буйнымi кроплямi. Роўнамернаму глухому гоману з пушчы шапталi ў вадказ хвоi й таполi з Гараваткi.