Ды за сваё, заробленае, патрабавалi яшчэ каб прасiў, розныя "пеленгнаваныя" рукi цалаваў: будзь ласкавы, паночак, заплацi. Рабiў-жа вунь, вочы на лоб лезьлi.
Iншы сьвет - свае сермяжнiкi. У бальшынi - простыя, сумленныя людзi. Колькi зь iх зубы на палiцы трымала. Ды ў выпадку патрэбы ня людзi зь мяккiмi рукамi, а гэтыя гаротнiкi стануць. Як у гэну нешчасьлiвую нядзелю, цi панядзелак. Забылася пра яго ўлада сьвецкая й царкоўная, сьцяной збоку станула цэлая вёска. Свая кашуля блiзка цела свайго.
Калi зьявiцца ў хату якi ўраднiк, цi абмаскалены царкоўнiк, так i ведай, што па апошняе прыйшоў. Калi-ж "пахвалёны" ля парогу ад сярмяжнiка пачуеш, ведай - сябра ў хаце. I цi нi тая галiта, чужое ярмо паставiла цябе побач зь iм найблiжэй да Бога.
А гэтта што за дзiвы-дзiвосы? Наехалi Бог ведае адкуль, зь неба паперкi кiдаюць, горы залатыя адразу абяцаюць. Што сiла, ну дык сiла! Фанабэрыстыя польскiя паўшабэлкi адно "шабэлькамi" памахвалi, а гэтыя дык тых у тысячу разоў пераплюнулi. Але цi-ж гэта яны сюды табе што даваць прыйшлi? Дагэтуль-жа так было, што як каторага чужнiка сюды чорт прыгнаў, дык паразiт рабаваў, на народным целе тучнеў. А гэтыя i зямлю, i волю даваць маняцца. Эгэ! I на паперцы гэнай пад самым нiзам нейкi Молатаў, старшыня нейкага "саўнаркому" падпiсаўся.
На якi капыл усё гэта мерыць? На ўсе абяцанкi, усю гэту магутную сiлу падае патройны цень: Косьцiк, Лявон i Хведар - злыднi мясцовыя. Калi вось на такiх новая ўлада абаперцiся мае, дык якая яна тады сама ўлада гэна? Якога дабра ад басякоў-галадранцаў чакаць? Цi-ж нi напiсана ў Сьвятым Пiсьме, што з бруднай крынiцы толькi бруднае, а з чыстай адно чыстае можа пацячы? Адвечная, назьменная праўда, ад самаго Бога закон.
Зь лекаравай хаты выйшлi людзi. Барадаты стары мужчына - сьвiтка ў лапiках, працёртыя зрэбныя порткi, босы - падсаджваў на воз захутаную ў кажух жанчыну, што крактала й стагнала. На другую каляску сядаў здаравенны сярэдняга веку дзядзька. Паказаўся й сам Зянькевiч. Перакiнуўся словам зь людзьмi, лянiвым крокам падыйшоў да тыну, паглядзеў на аселiцы, пакруцiў свае даўгаватыя вусы, ды спасьцярогшы людзей ля Пракопавай хаты, накiраваўся да iх.
- Ну што гэта чуваць? Здаровы! - залепятаў.
- Ня чуеш во што на гасьцiнцы робiцца? Сам, нябось, заседзiўся мусiць з хаты нi вылазiш, - адказаў Алесь.
- Хвароба нi дня, нi ночы, нi сьвята нi знаiць. Думаеш мне нi надакучыла? Ай-яй як надакучыла! Алi от нiяк ад людзей адчапiцца нi магу. А гэта-ж бальшавiкi сягоньнiка па радзiву крычаць, ажно апарат падскакваiць... ранiцы гэта слухаў. Зь Менску гэта казалi, што сягоньня на досьвiтку пачалi заходнюю Бiларусь i Ўкраiну вызваляць, от як. Каб вы чулi толька якое нам дабро нясуць, дык проста вушам сваiм чалавек ня хочыць верыць. Ды расказвалi вуньдзiка людзi, што па тым гасьцiнцы, каторы з Докшыц на Глыбокае, дык яшчо болi пруць як гэттака во... Гэты во дзядзька з таго боку, - кiўнуў Зянькевiч галавой на здаравяку, што якраз зь ягонага двару выехаў. - Iдуць, едуць, надта-ж вялiкая сiла, вiдаць, - цягнуў лекар. - А гэта праўда, што Макатунiшку палякi на гасьцiнцы павесiлi?
- Ага, праўда, - адказаў Пракоп.
- Божа мой, от сiла нячыстая.
Яшчэ распытаў доктар што напiсана ў тэй паперцы, каторую з самалёта ськiнулi, буркнуў пра тое, што галодны, завярнуўся й пайшоў. Запраўды мусiць рупiла яму некуды, бо надта-ж пагутарыць зь людзьмi любiў. У хаце ягонай, як у карчме на скрыжаваньнi дарогм заўсёды поўна народу было. Апроч хворых заходзiлi падчас польскае акупацыi людзi "паслухаць што там зь Менску брэшуць". Гэтта й быў цэнтар навакольнае актыўнасьцi. Радыё прыносiла навiны - часта хвальшывыя - са сьвету, а суседзi - з ваколiцы.
- Ну што ты, дзеду, пра абяцанкi бальшавiцкiя думаеш? - спытала Якуба Кацярына.
- Як гэтта сказаць вам? - задумаўся лiтоўскi патрыярх. Вiдаць было, што як рэдка калi, Якуб цяжка думкi зьбiраў. - Пажывём, увiдзiм, - адказаў. Слова - адно, дзела - другое.