Вось-вось выплыве адтуль бясконцая, тысячамi людзей кiраваная, стальная пачвара, папаўзе па старых гасьцiнцах, гулам новае гаворкi й лязгатам зброi цiхiя мiрныя сёлы й нiвы залiе. Пачвары яшчэ ня вiдаць, але чуваць як энэргiяй тысячаў конскiх сiлаў дыхаюць i равуць у лесе магутныя маторы. Хвiлiна, дзьве, тры. Паднечаныя сэрцы поўняцца загадкавай трывогай. Ад Лiтоўцаў да гасьцiнцу сьпяшаць людзi.
З-за павароту выпаўз руда-зялёны, запылены танк, выпрастаў на браму й гурт людзей вялiкую цыгару-гармату. На вежы ягонай людзi спасьцераглi людзi чырвоную зорку. Чарапаха-гаргара вялiчынёў была зь Пятухову хату. Плёхалi па дарожнай глiне шырокiя стальныя лапы гусянiцаў, пыльны хвост паволi асядаў на прыдарожныя зарасьнiкi. За павадыром вылез зь лесу другi й трэцi. Iмчалi на поўны разгон. Зь вежы першага танку тарчэў да паловы росту чалавек. На iм - чорная камiзэля, на галаве - наводля падсядзёлка чорная шапка.
Лiтоўскiм сялянам дыханьне заняло. Хто-ж дзе калi такое бачыў? Навет вэтэраны першае вайны, - нашто ўжо выдумлялi - пра такое нiколi не згадвалi. Быццам на каманду, сяляне адыходзiлi на абочыны гасьцiнцу.
Янукоў Тапсiк даўгавата са Стасевым Мурзiкам нюхаўся. Гэны гул насамперш паставiў на зважай ягоныя вушы. Калi-ж пачвары выпаўзьлi зь лесу, сабака натупырыў шэрсьць на шыi, пачаў пагрозьлiва вурчэць ды iрвануў насустрач танкам з голасным браханьнем. Наўздагон пакацiўся камяк-Мурзiк ды дружна загаўкалi iншыя прысутныя сабакi. Завагаўся зь перапалоху Янука, а пасьля за сваiм гадаванцам пасьпяшыў. Тапсiк цi то гаспадаровага загаду не пачуў, цi нязвычайнае паднечаньне ягонай паслухмянай натуры замiнала. Апярэдзiўшы далёк Мурзiка, дапяў да першага танку, брахаў што моцы. Але хiтрун трымаўся воддаль ад гусянiцы, цяўкаў i на чалавека, што ўсьмешкай распрамянiўся на вежы.
Чалавек гаркнуў нешта шофэру, галава якога тарчэла сьпераду, танка пачаў звальняць i спынiўся перад самым натоўпам. Склыгалi гусянiцамi й затрымлiвалiся заднiя. Паволi людзi ўгледзелi ў чалавека на вежы па дзьве шпалы на пятлiцах каўняра, кiрпаты нос, шырокi падбародак, плоскi твар, шырака ад пераносiцы разьмешчаныя вочы. Вочы гэныя папаўзьлi па людзях, затрымалiся на браме й тады зморшчыўся нявысокi лоб.
- Што за чорт? Што ў вас гэтта? Чаму жанчына вiсiць? - спытаў парасейску шорсткi бас.
Людзi маўчалi й пазiралi на Сабакевiча. Дзяцюк падыйшоў да танку.
- Палякi павесiлi, таварышч камандзiр.
У дрыжачым голасе - нясьмеласьць, на твары - чырвань сораму.
- Павесiлi, кажаш? Дык вы-ж гэта ёлупы сабралiся з павешанай жанчынай нас сустракаць?
Цяпер чалавек выглядаў такiм грозным, як i ягоная пачвара што з задняй трубы капцiла сьмярдзючым бiнзiнным дымам.
- А ну зараз-жа зьнiмiце яе! - загадаў.
Мужчыны кiнулiся да трупа пры браме. Мала хто прыглядаўся iм, апроч старое Макатунiхi й Дунi. На вачох былi танкi з чырвонымi зоркамi на вежах. У стальных пачварах сядзелi чужыя людзi. Некаторыя былi на мясцовых сваiх людзей падобныя, iншыя-ж - то касавокiя, то плоскатварыя, жоўтыя й цёмныя. Ды вось дзiва дзiўнае: танкiсты шчыра ўсьмiхалiся хоць i малазразумелай мовай гаварылi. Некаторыя вяскоўцы, ужо пасьмялеўшы, перакiдвалiся прывiтаньнямi, выцягнутыя рукi цiснулi.
Наважылiся падыйсцi да машынаў i дзецi ды падлеткi. Доктараў фарсун Уладзiк прыблiзiўся да другога танку, пальцамi памацаў бок.
- Нi чапай, укусiць! - жартаваў Антось Дзяркач.
- Ня бойся, дзяцюк, ён ня кусаецца, - усьмiхнуўся на вежы шырокi круглы твар.
Цела Макатунiшкi палажылi на адхоне. Заплаканая матка прасiла Захарука, каб адвезьцi яе дахаты парупiўся.
Афiцэр пярэдняга танку вылез зь вежы, нехлямяжым крокам падыйшоў да тройкi камунiстаў. Паздароўкаўся. Косьцiк прадставiўся сам, пасьля адрэкамэндаваў таварышоў.