Франсуа Мориак - Тэрэза Дэскейру (на белорусском языке) стр 11.

Шрифт
Фон

Праўду кажучы (чаго тут чырванець i саромецца), дзве тысячы гектараў Бернаравай зямлi не пакiдалi яе абыякавай. Схiльнасць да ўласнасцi заўсёды была ў яе крывi. Калi пасля доўгiх абедаў са стала прымалi посуд i прыносiлi спiртныя напiткi, Тэрэза часта заставалася з мужчынамi i з цiкавасцю слухала iх размовы пра фермы, фермераў, умацавальныя слупы для шахтаў, якiя вывозiлiся з iх лесу, пра смалу i шкiпiнар. Стан маёмасцi, падлiкi, лiчбы - усё гэта захапляла Тэрэзу. Няма нiякага сумнення, яе спакушала думка стаць уладальнiцай гэтых бясконцых хваёвых лясоў. "Дарэчы, яму таксама падабалiся мае сосны". Аднак, магчыма, Тэрэза падпарадкавалася тады нейкаму другому няпэўнаму пачуццю, якое яна цяпер спрабуе вызначыць: можа, у гэтым шлюбе яна шукала не столькi ўлады, багацця, колькi прытулку. Сапраўды, нiчога яе так не падштурхоўвала на гэты шлюб, як панiчнае пачуццё страху. Маладая, але практычная дзяўчына з дзяцiнства ведала гаспадарку i спяшалася ўвайсцi ў адпаведныя яе становiшчу колы, заняць там раз i назаўсёды пэўнае месца. Яна хацела затаiцца, схавацца ад нейкай невядомай нават ёй самой небяспекi. Нiколi ў сваiм жыццi Тэрэза не была такой разважлiвай, як падчас сваiх заручын з Бернарам: яна iшла да яснай мэты уступiць у сямейны клан, "уладкавацца", выратаваць сябе, быць у асяродку, дзе пануе розум i парадак.

У вясну iх заручын яны хадзiлi з Бернарам на прагулкi па пясчанай дарозе, што вядзе ад Аржалузы да Вiльмiжа. На дубах плямамi цямнелi сухiя лiсты, якiя засланялi блакiт веснавога неба. Парыжэлая леташняя папараць прылягала да долу, а з зямлi ўжо прабiвалiся зялёныя парасткi. Бернар гаварыў: "Асцярожна з цыгарэтай. Можна нарабiць пажару, а вады ў ландах зусiм не засталося". Тэрэза пыталася: "А цi праўда, што ў папарацi ёсць сiнiльная кiслата?" Бернар добра не ведаў, цi дастаткова яе ў папарацi, каб атруцiцца. I голасам, поўным пяшчоты, спытаўся: "Няўжо вам хочацца памерцi?" Тэрэза смяялася. Ён папрасiў яе трымацца прасцей. Тэрэза ўспомнiла, як яна заплюшчыла вочы, а дзве моцныя рукi абнялi яе маленькую галоўку i Бернар шапнуў ёй на вуха: "Здаецца мне, што ў гэтай галоўцы яшчэ ёсць свавольныя думкi". Яна адказала: "Вы, Бернар, i вызвалiце мяне ад iх".

Яны з цiкавасцю назiралi за працай муляраў, якiя рабiлi прыбудову да фермы ў Вiльмiжа. Яе гаспадары жылi ў Бардо, а гэтую ферму збiралiся прыстасаваць пад летнюю дачу для iх апошняга сына, у якога "былi вельмi слабыя грудзi". Яго сястра памерла ад такой жа хваробы. Бернар недалюблiваў гэтых Азеведа: "Яны божацца, што не жыды... А варта толькi глянуць на iх... А тут яшчэ i туберкулёз, ды дзесятак iншых хвароб..."

На сэрцы ў Тэрэзы было тады вельмi спакойна. Хутка вяселле. Прыедзе са свайго манастыра Анна. Разам з сынам памешчыка Дэгiлема яна будзе збiраць падарункi ў час вянчання. Анна ў пiсьме ўжо прасiла Тэрэзу апiсаць вясельныя ўборы астатнiх сябровак нявесты: "Можа, удасца прыслаць i ўзоры тканiны? Бо ўсе ж хацелi б выбраць такiя таны, якiя будуць спалучацца адзiн з адным..." Нiколi Тэрэза не адчувала такога спакою... Зрэшты, ёй гэта толькi здавалася, бо на самай справе гэта быў не спакой, а дрымота, паўсоннае здранцвенне ядавiтага гада, што толькi на час затаiўся ў яе грудзях.

IV

Вянчалiся ў цеснай царкве ў Сэн-Клеры, дзе гамана дам заглушала гукi старэнькай фiсгармонii, а iх моцныя духi перабiвалi пах ладану. I ў той гарачы дзень Тэрэза адчула, што яна загiнула. Як той лунацiк забрыла яна ў клетку i апрытомнела толькi тады, калi бразнулi i замкнулiся цяжкiя дзверы. Нiчога не змянiлася, але цяпер яна зразумела, што не зможа загiнуць адна. У цёмным гушчары сямейных адносiн i парадкаў яна будзе падобнай на агонь, якi тлее, хаваецца, паўзе пад верасам, ахоплiвае полымем адну хвою, другую, перакiдаецца з дрэва на дрэва - i вось ужо палае ўвесь лес...

Сярод гасцей - нiводнага твару, на кiм можна спынiць позiрк. Толькi Анна.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги

Популярные книги автора