Оробей Лидия - Памяць

Шрифт
Фон

Лiдзiя Арабей

Стары буфет

Мая мацi жыве з малодшай сястрою Валяй. Валя замужам, i скора яны чакаюць прыбаўлення сям'i. Ёсць у мяне i яшчэ адна сястра - Тася. I браты Валодзя i Мiхась. Часам усе мы збiраемся да мацi, i ў кватэры ў iх тады бывае шумна i весела.

Сярэдняя сястра прыходзiць з мужам i з сынам Андрэйкам. Андрэйку тры гады. Ён чырванашчокi, дужы, рослы хлопчык. Тася сама ўмее шыць, i таму Андрэйка апрануты заўсёды як лялька. Гэты маленькi мужчына носiць вузкiя штонiкi, стыльныя кашулькi.

Усе мы, дарослыя, наперабой хочам заслужыць Андрэйкаву ўвагу. Кожны з нас клiча Андрэйку да сябе, кожны хоча пагаварыць з iм, пагладзiць яго белую, як лён, грыўку. А малодшая сястра, Валя, тулiць да сябе хлопчыка з асаблiвай ласкай. I яна ж чакае...

Але Андрэйка не вельмi прымае нашы пяшчоты. Ён коратка адказвае на пытаннi, выкручваецца з рук i бяжыць да прыёмнiка, каб там нешта пакруцiць, да тэлефона, каб зняць трубку.

- Такi ўжо вiсус, такi непаслушнiк, - скардзiцца Тася, а вочы яе поўняцца гонарам за сына. Маладая, прыгожая жанчына, яна яшчэ прыгажэйшая ад радасцi, што ў яе такi ўдалы Андрэйка. Але яна не хоча хвалiць яго. Зноў знаходзiць зачэпку, каб паскардзiцца.

- Не есць нiчога. Накармiць яго - проста пакута. I тады схамянаецца бабка, мая мацi.

- Андрэйка, можа ты смятанкi з'ясi? - пытаецца яна.

- Не хачу, - адказвае Андрэйка i зноў бяжыць да нечага цiкавага, што ўбачыў у хаце.

- Ну, можа супчыку хочаш? З курачкай?

- Не хачу, - рашуча адмаўляецца Андрэйка.

Бабка адчыняе буфет, шукае ў iм, што б такое знайсцi, каб спадабалася Андрэйку, каб ён з'еў. Бабка адчыняе адны дзверцы, другiя. У буфеце булкi, масла, кiлбаса. Стаяць шкляныя слоiкi, зверху завязаныя белымi паркалёвымi анучкамi. У iх - варэнне. Але ў той буфет нiхто не глядзiць. Браты з сястрыным мужам павялi гаворку аб фотаапаратах. Сёстры збiраюцца кроiць квяцiсты матэрыял, з якога меншая будзе шыць сабе халацiк.

А я гляджу на стары буфет, на гэтага продка цяперашнiх модных сервантаў, i раптам горка, балюча ўсплывае перада мною адзiн успамiн.

1942 год. Мацi, сабраўшы нешта з адзежы, недзе раздабыўшы запалак i сахарыны, пайшла ў вёску. Праз некалькi дзён яна вярнулася i прывезла на саначках крыху бульбы, мукi i бохан хлеба. Палавiна таго хлеба была з'едзена адразу, а другую паклалi ў буфет - на заўтра.

Прагнаўшы першы голад, дзецi пабеглi на вулiцу, але яны не-не ды заскаквалi ў хату, кiдалi позiркi на буфет, у якiм, было вiдаць праз шкло, ляжаў той паўбохана хлеба.

I вось Тася, падцiкаваўшы момант, калi, ёй здалося, нiхто не бачыць, падкралася да буфета, адчынiла дзверцы, схапiла нож i пачала таропка кроiць лусту.

- Ты што гэта робiш! - наляцела я на яе, выскачыўшы з другога пакоя. Яшчэ не наелася!

Я была старэйшая з дзяцей i лiчыла сваiм абавязкам сачыць за парадкам.

Злоўленая на месцы злачынства, сястра сцялася. Вiнавата заморгала вачыма. Пасля кiнула нож i шуснула за дзверы.

Тады я лiчыла, што зрабiла правiльна. Але чаму ж я адчуваю сваю вiну перад сястрою нават i цяпер, больш чым праз дваццаць гадоў?

Мне хочацца зрабiць сястры нешта добрае цi хоць сказаць ёй харошае слова. Але яна занятая. Яна мерае матэрыял, прыкладае яго да сябе - цi ён ёй да твару.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора