де Сегюр Софья Федоровна - Казкi стр 9.

Шрифт
Фон

- Бацька ўжо чакае вас у палацы ў прынца, - адказала каралева феяў.

- Як? А я думала, што прынцаў палац разбураны, а сам прынц паранены i стаў жабраком.

- Усё гэта было не па-сапраўднаму i было зроблена толькi дзеля таго, каб вы мацней спалохалiся сваёй цiкаўнасцi i не саступiлi ёй трэцi раз. А прынцаў палац вы ўбачыце такiм, якi ён i быў, пакуль вы не падралi покрыва, пад якiм хавалася каштоўнае дрэва, прызначанае вам у падарунак.

Пакуль чараўнiца прамаўляла гэтыя словы, каляснiца пад'ехала да палаца. На ганку Разалi ўжо чакалi бацька i прынц разам з усёю дворняй. Разалi кiнулася да iх, i яны шчаслiва абнялiся. Прынц, здавалася, зусiм забыў пра дрэнны ўчынак, якi Разалi ўтварыла напярэдаднi. Усё было ўжо гатовае да вяселля, i яго тут жа адсвяткавалi. На банкеце, якi доўжыўся некалькi дзён, былi чараўнiцы з усяе акругi. Разалiн бацька застаўся жыць разам са сваiмi дзецьмi. Разалi назаўжды пазбавiлася сваёй цiкаўнасцi i пражыла з Чароўным прынцам у каханнi ды шчасцi ўсё жыццё. У iх нарадзiлiся прыгожыя дзецi, i за хроснiц iм былi абраныя добрыя чараўнiцы, якiя заўжды абаранялi iх ад злых варажбiтак i чарадзеяў.

ДОБРЫ АНРЫ

Глава 1

Бедная хворая мацi

Жыла сабе аднойчы бедная жанчына. Муж у яе памёр, i засталася яна адна з маленькiм сыночкам, якога звалi Анры. Сына яна вельмi любiла, дый было за што: Анры быў прыгожы хлопчык, i хоць яму не было i сямi гадоў, ён ва ўсiм дапамагаў сваёй мацi. Пакуль яна краiла ды шыла цi хадзiла на базар гандляваць, Анры падмятаў, мыў падлогу ў хаце, гатаваў ежу цi працаваў у гародзе i маленькiм садочку, а потым браўся цыраваць адзенне, рамантаваць матчыны чаравiкi цi рабiў лавы, столiкi i ўсё, на што толькi быў здольны. Хатка, у якой яны жылi, стаяла за вёскай, i з яе вокнаў было вiдаць высокую гару, такую высокую, што нiхто i нiколi не мог дабрацца да яе вяршынi. Гару агiнала вiрная рака, а за ракой узвышалiся стромыя скалы i чарнелi бяздонныя прорвы.

Сын i мацi жылi ў ладзе ды згодзе, але аднойчы бедная кабета моцна захварэла. Знаёмых лекараў у iх не было, дый нават каб i былi, iм усё роўна не было б чым заплацiць. А сам Анры не ведаў, чым дапамагчы сваёй мацi. Калi ёй хацелася пiць, ён мог даць ёй толькi вады: нiчога iншага ў хаце не было. Дзень i ноч ён не адыходзiў ад матчынага ложка. А калi мацi засынала, глядзеў на яе i плакаў. Дзень пры днi хвароба мацнела, i ўрэшце бедная кабета зусiм сабралася памiраць - яна не магла нi гаварыць, нi есцi i нават не пазнавала Анры, якi, стоячы на каленях каля яе ложка, залiваўся гаручымi слязьмi. I тады хлопчык крыкнуў у роспачы:

- О Добрая фея! Дапамажыце мне, уратуйце маю бедную маму!

Толькi ён прамовiў гэтыя словы, як акно раптам адчынiлася i ў хаце ўзнiкла прыгожая жанчына.

- Што вам трэба, маленькi мой сябра? - спыталася яна ласкавым голасам. Вы клiкалi мяне, i вось я тут.

- Панi! - сказаў Анры, кiдаючыся на каленi i ўмольна сцiскаючы рукi. Калi вы Добрая фея, уратуйце маю бедную маму, iначай яна памрэ, i я застануся адзiн.

Чараўнiца ласкава зiрнула на хлопчыка i моўчкi падышла да ложка, на якiм ляжала яго мацi. Яна ўважлiва агледзела кабету i, дзьмухнуўшы ёй у твар, сказала:

- На жаль, мiлае дзiця, мае чары не могуць вылечыць тваю мацi. Зрабiць гэта можаш толькi ты сам. Але дзеля гэтага табе трэба быць смелым i пайсцi туды, куды я скажу.

- Я згодзен, панi. Скажыце, куды трэба iсцi, я ўсё зраблю дзеля сваёй мамы.

- Табе трэба здабыць кветку жыцця. I расце яна на вяршынi гары, якую ты бачыш з акна сваёй хаткi, - прамовiла Чараўнiца. - Калi ты здабудзеш кветку i напоiш яе сокам мацi, яна адразу ачуняе i будзе зноўку здаровая.

- Я гатовы зараз жа пайсцi на пошукi кветкi, панi. Але пакуль я буду яе шукаць, хто будзе даглядаць за маёй мацi? Дый яна, напэўна, памрэ раней, чым я паспею вярнуцца.

I хлопчык заплакаў яшчэ мацней.

- Не хвалюйся, беднае дзiцятка, - адказала Добрая фея. - Пакуль ты будзеш шукаць кветку, з тваёй мацi нiчога не здарыцца. Яна застанецца такая ж, як i цяпер. Але ведай: да таго, як ты знойдзеш кветку, цябе будуць чакаць вялiкiя выпрабаваннi i небяспека. I каб здабыць яе, табе трэба быць вельмi настойлiвым i смелым.

- Мне нiчога не страшна, панi, - сказаў Анры. - Смеласцi ў мяне хопiць. Але скажыце, як мне пазнаць гэтую кветку, бо iх так многа на гэтай гары.

- Калi ты дойдзеш да вяршынi, - адказала Чараўнiца, - паклiч доктара, якi ахоўвае чарадзейны сад. Ты скажаш яму, што гэта я паслала цябе, i тады ён дасць табе кветку.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора