Тады ён пакруцiў свой сiвы вус i прамовiў, не гледзячы на мяне:
- Разумею.
У яго былi прыгожыя блакiтныя вочы i крыху пачырванелы твар. Ён падсунуў мне крэсла i сам сеў трошкi ззаду. Арабка ўстала i пайшла да дзвярэй. Тады брамнiк сказаў:
- Гэта ў яе ад шанкеру.
Я адразу не зразумеў, але, зiрнуўшы на сядзелку, убачыў, што пад вачыма ў яе павязка. Там, дзе павiнен быць нос, бiнт ляжаў гладка. Замест твару была вiдаць адно белая марля.
Калi яна выйшла, брамнiк сказаў:
- Я зараз пакiну вас аднаго.
Не ведаю, якi я там зрабiў рух, але брамнiк застаўся стаяць у мяне за спiнай. Тое, што ён стаяў ззаду, мяне неяк бянтэжыла. Пакой быў залiты яркiм надвячэрнiм святлом. Тыцкаючыся ў шыбу, гулi два чмялi. I я адчуў, што мяне пачынае хiлiць на сон. Не азiраючыся на брамнiка, я запытаўся:
- Вы тут даўно?
Ён адказаў адразу:
- Пяць год, - нiбы ўвесь час чакаў гэтага пытання.
I потым загаманiў. Каб яму нехта раней сказаў, што ён скончыць брамнiкам у прытулку ў нейкiм Марэнга, ён бы вельмi здзiвiўся. Цяпер яму шэсцьдзесят чатыры, сам ён з Парыжа. Тут я яго перапынiў:
- Дык вы не тутэйшы?
Але потым я прыгадаў, што перад тым, як правесцi мяне да дырэктара, ён гутарыў са мной пра маму. Ён сказаў, што яе трэба хутчэй пахаваць, бо на раўнiне цяпер вялiкая спёка, асаблiва ў гэтых краях. Тады ён i паведамiў, што раней жыў у Парыжы i ўсё нiяк не можа забыцца пра гэта. У Парыжы каля нябожчыка можна пабыць i тры, а то часам i чатыры днi. А тут - дзе там, няма калi! Яшчэ як след не ўразумееш, што здарылася, а ўжо - вунь, трэба бегчы за катафалкам.
Яго жонка сказала яму тады:
- Ды сцiхнi ты! Што ты такое гаворыш пану!
Стары пачырванеў i папрасiў прабачэння. Але я ўмяшаўся:
- Ды не, не, што вы.
Я падумаў, што ўсё тое, што ён кажа, - праўда, i мне гэта здалося цiкавым.
У трупярнi ён расказаў, што быў прыняты ў прытулак як чалавек бедны. Але адчуваючы сябе яшчэ здольным працаваць, папрасiўся ў брамнiкi. Я зазначыў, што ён, значыць, такi самы жыхар у гэтым прытулку, як i ўсе. Але ён запярэчыў зусiм не. I мяне ўразiў той тон, якiм ён гаварыў: "яны", "гэтыя" цi, радзей, "старыя", хоць многiя, пра каго ён казаў, былi не старэйшыя за яго. Але, вядома, ён i яны - не адно i тое ж. Ён жа брамнiк i, у пэўнай ступенi, мае над iмi ўладу.
У гэтую хвiлiну вярнулася сядзелка. Неяк адразу звечарэла. Над шкляным дахам хутка згусцiлася цемра. Брамнiк павярнуў выключальнiк, i мяне асляпiла нечаканая хваля святла. Брамнiк запрасiў мяне схадзiць у сталоўку паабедаць. Але есцi мне не хацелася. Тады ён прапанаваў прынесцi шклянку кавы з малаком. Я згадзiўся, бо каву з малаком вельмi люблю, i неўзабаве ён вярнуўся з падносам. Я пачаў пiць. I тады ў мяне ўзнiкла жаданне запалiць. Але я спачатку вагаўся, бо не ведаў, цi можна мне палiць каля мамы. Я падумаў i вырашыў, што гэта не мае нiякага значэння. Я пачаставаў цыгарэтай брамнiка, i мы з iм запалiлi.
Праз нейкi час ён сказаў: