- Усё гэта было-б няпраўдай, калi-б пра ўсё гэта ня пыталася ты.
- Мне здавалася, што я заслужыла на больш далiкатную гутарку са мною.
I змоўкла.
- Мне зусiм не падабаецца твая прэтэнсiя, Валя.
- Я ня люблю прэтэнсiйных людзей, - зьдзiвiўся i сам Раман свайму сур'ёзнаму тону.
- Вельмi рада я, што ты гаворыш шчыра.
- Толькi з табою.
- Выбачай, Раман Корзюк, - пачала Валя гiранiчна, - а можа ты й не Раман Корзюк. Толькi вучышся з намi пад гэтым прозьвiшчам. Табе не небясьпечна?
- Нiкалiва з табою.
- Я не з табою - я супраць цябе.
Нахiлiўшыся, Раман лёгка прытулiў Валю шчачыною да сваiх грудзей. У вадказ Валя абхапiла рукамi пад палiтом тонкую талiю Корзюка.
- Гэткае тваё супраць, га?
- Так, нажаль... Я ня буду ў цябе нi пра што пытацца. Я думала, што я добра цябе ведаю, такi знаёмы мне ты быў i блiзкi. А цяпер гэтакi далёкi, чужы i халодны - мае рукi замёрзлi ад цябе i нiчога не адчулi.
- Няпраўда - адчулi халоднасьць...
Маскоўская вулiца скончылася. Раман i Валя стаялi перад Берасьцейскiм мастом, гатовыя разьвiтацца.
- Даехалi, значыцца, - рэйкi скончылiся, i мы стаiмо на стыку.
Пад Берасьцейскiм мастом праходзiў таварны цягнiк i, доўга стукаючы на стыках, дзесьцi далёка зацiх уначы.
- Няпраўда, ты зойдзеш да мяне?
- Я сказала, што давяду цябе - пайшлi!
Яны апынулiся цяпер на змрочнай вулiцы. Паабапал стаялi ў месячным сьвятле цiхiя, як у казцы, сады. Пахла гнiлымi яблыкамi, i якраз так, як там, дома, у садзе бацькi Рамана. Раману чамусьцi прыгадаўся незнаёмы чалавек, з якiм бацька пра нешта цiха гутарыў у iхным садзе. Гэта было ўжо позна ўначы. Як нi намагаўся Раман падслухаць iх, ён нiчога не ўлавiў. Толькi й запямятавалася, як пахлi яблыкi i як дзеля гэтага ён доўга ня мог заснуць. Цiкава - так пахнуць яблыкi i тут.
- У цябе нехта ў хаце - глядзi, сьвятло! - страпянулася Валя. - Я не хачу йсьцi далей - у цябе ўжо нехта ёсьць. Нейкiя госьцi, цi што?
- Баiшся? Ты ўжо мусiш цяпер зайсьцi, пабачыць маiх "гасьцей". Гэта, я думаю, мой дзядзька.