- Ды ўжо ж... раскажу. Слухайце. Мо iначай пра чыгунку казаць будзеце...
I пачаў Сымон апавядаць сваю "гiсторыю". Зразумела, з якой цiкавасцю ўсе слухалi яго, бо раскрываў ён тую таямнiцу, якую так даўно хацелася ўсiм ведаць.
- ...Прыйшоў гэта я на чыгунку. Вось, бадай, так глядзеў на яе, як дзядзька Нiчыпар. Ну, папрацаваў трохi на шляху ў рамонце, а потым трапiў на лепшую пасаду, стрэлачнiкам. Тут ужо служба далiкатнейшая, намагацца сiлай столькi не трэба, паварочвай стрэлкi, як табе загадаюць, ды прапускай па каляях цягнiкi, паравозы.
Абжыўся, пазнаёмiўся з людзьмi... А станцыя - нiшто сабе, дзейная, грузаў шмат перакiдае, працы хапае. Але i жыць весела. I горад блiзка. Быў ля станцыi спiрытусавы завод, амаль штодня падавалiся туды па спецыяльнай каляi вагоны пад пагрузку. За пагрузку вагонаў станцыйнае начальства атрымлiвала звычайна ад уласнiка завода аплату за паслугi - цi то грашамi, цi то натурай спiрытусам. Так ужо на чыгунцы вядзецца. Называецца гэта "капытковы збор", ну а па-простаму будзе - хабар...
- Ну, вось табе i твая чыгунка, бачыш - хабары бяруць, - не сцярпеў нехта.
- А вы ўжо, дзядзькi, калi ўзялiся слухаць, дык слухайце, а то...
- I праўда, хлопцы, чаго сунецеся, не перашкаджайце!
- Так... Дык вось з капытковых гэтых перападала тое-сёе i нам, стрэлачнiкам. Так што жылося мне някепска, было чаго выпiць, было i закусiць. Так паглядзiш прызвычаеным вокам - бо непрызвычаенае ж не ўсё здолее прыкмецiць, тут асобныя акуляры патрэбны, - дык як паглядзiш - ой-ёй што рабiлася! Звычайная рэч, калi начальства ходзiць "пад шэфэ", як кажуць па-далiкатнаму, ну а наш брат - проста "пад мухай". Так сабе нiштавата i жылося.
Ды вось мухi гэтыя капытковыя i нарабiлi для мяне такога, што i сёння адчуваю, нiяк запамятаваць не магу... Гэ-э-эх, мухi, мухi...
Аднойчы, на свята, атрымалi мы зверх капытковай нормы. Набралiся што называецца. Да службы не праспаўся я, пайшоў на дзяжурства, а ў вачах мiтульга нейкая, у нагах казiнец. Дзяжуру. Перакiдаю стрэлкi. Так-сяк сходзiць. Пачалi мы рыхтаваць падачу вагонаў пад завод, тут я нешта заспяшаўся, перакiнуў няёмка баланс, што перацягвае рэйкi, дык пяро не прыкiнулася як след да рамачнай рэйкi, i пайшлi вагоны па стрэлцы ўразрэз... Збочылi з галоўнае каляi на заводскую ды з адхону ўнiз. Пабег я за iмi следам... Ды што ж, дагонiш iх, цi што? А калi i дагонiш? Ляпаюць на стыках вагоны, i я ўгрунь за iмi. А яны ўсё далей-далей, коцяцца хутчэй ды хутчэй...
Гляджу я - iдзе ля каляi нейкi салдат, мусiць з кашараў iшоў. Бачу схапiў ён шпалiну, вiдаць думаў затрымаць вагоны, ды не кiнуў шпалу ўпоперак рэек, але паставiў канцом на рэйку, а за другi сам трымае...
I не падумаў, вiдаць, чалавек, што з гэтага паратунак малы. Цi збянтэжыўся ён з неспадзеўкi, цi што?..
...Наскочылi вагоны на шпалу, крутанулi яе пад сябе, а за ёй i салдата, уздрыгнулi, грымнулi ды далей пабеглi... А на каляi, бачу, ляжыць памiж рэек шпала, а ля яе салдат... Курчыцца...
Падбег я. Тут усе мухi з галавы маёй павыляталi... Адразу цвярозасць пайшла. Але што ж з тае цвярозасцi...
Ляжыць, бядак, енчыць, з ботаў кроў цурком хлышча. Гляджу, а яму абедзве пяты так i адцяло... Як перакулiўся са шпалай, так i папаў нагамi на рэйку...
...Прыбеглi людзi, войкаюць. Забралi салдата таго ў бальнiцу. За iм i я, як непрытомны, пацёгся. Колькi дзён прасядзеў ля яго ложка! Што ж, прапаў чалавек... без пят, як без ног, - хадзiць нельга, а бязногi чалавек што ж за работнiк...
- А вагоны? - запытаўся нехта.
- На шчапы... Закацiлiся на заводскую каляю, грохнулi з разгону ў тупiк i збiрай толькi шчапы...
Тут мне i выдалi воўчы бiлет, ды без права паступлення на чыгунку...
Вось, браткi мае, якая гiсторыя!.. Перакаланула яна мяне ўсяго. Назаўсёды ўсе мухi з галавы маёй павыганяла, ды так, што i не вернуцца яны больш у яе. Шмат-шмат перадумаў я за гэты час. Вось тут i зразумеў я чыгунку. Гэта табе не забаўка якая. Гэта сур'ёзная вялiкая машына, якая робiць адказную працу. Гэта ж падумаць толькi - колькi грузаў яна розных перакiдае, ды што грузаў, - а людзей колькi перавозiць!
Якая ж гэта вялiкая адказнасць, падумайце самi! Якой напружанай, наладжанай працы вымагае яна! Ледзь сплашаў, вось табе i катастрофа.
Тут, як у машыне. Усе часткi яе павiнны быць правераны, кожны шрубочак, кожная шасцёрка, кожная гаечка павiнна быць на сваiм месцы, ведаць яго i выконваць як след сваю працу. А сапсуецца якая-небудзь частка - засклiгоча ўся машына, пачне рыпець, даваць перабоi, дый стане...