Вячаслаў Адамчык - Пах летнiх траў стр 2.

Шрифт
Фон

I ты ўбачыш, як яна з поўнаю дзяружкаю зелля на спiне скiруе з вулiцы на надворак, скiруе, не паднiмаючы галавы, бо ведае сцежку па тых саломiнках, што ляжаць з поля аж до парога. I ты раптам адчуеш, што гэта яна, мацi, можа нават яшчэ не пазнаўшы. А потым падыме галаву, спачатку неяк цiха i пiльна гледзячы на цябе, i ўсмiхнецца, цi можа спярша заплача, цi будзе ўсё разам, i рукi, што бачылi цяжкую зямлю i мурзатых дзяцей, самi выпусцяць рагi дзяружкi.

— А маё ж сэрца як i чула…

А потым будзе гаворка ў хаце. А чаму гэтак зблажэў? Якавы ты? А тут у нас прыязджаў Марыльчын iнжынер — разбыўся, тоўсты, як кадаўб, i жонку прывозiў, маленькую — адзiн знак, — што ўсё з дзецьмi «на балоцi ў мячыка грала». А па зелле, нябось, нi разу не схадзiла. Цяпер свет такi, а тут вось i рук ад работы не чуеш, ведама, дзень пры днi…

А потым пра тое, што было нечае вяселле, што нарэшце-такi памерла старая Тэкля, пражыўшы якiх гадоў сто… А потым пра тое, што ў гэтае лета — няхай крые бог — надта страляюць перуны, што пад Наваградкам згарэла абора i што ў Плужанах забiла конюха. I яшчэ — што за леташнi лён нiяк вось не заплацяць.

Прыйдзе вечар, стане мякка шарэць за вокнамi. Падаiўшы карову, мацi будзе цадзiць малако на лаўцы пры печы, i яно будзе цёпла i густа шумець у конаўцы.

А потым не будзе агню ў хаце. Будзе густая ноч млець на двары поўны сiнi месяц будзе свяцiць на падлогу каля ложка, i будзе мякка спацца аж да светлае, неспакойнае ранiцы, покуль не разбудзiць стук малатка ў некага на надворку — нехта будзе звонка кляпаць касу. I табе таксама падумаецца, што сёння пойдзеш касiць на балотца пры гародах, дзе трава ў пояс, дзе капцы з жоўтымi мурашкамi, дзе цвiце румянак, i ты яго зрэжаш, i ён запахне, i стане горка ў роце.

А каля печы будзе ўпраўляцца мацi — цiхенька, мусiць, каб не разбудзiць цябе.

I ты будзеш думаць пра яе, пра нешта добрае, чыстае. Успомнiцца прачытаны некалi верш — светлы i мякка-сцiшны, як гэтая ранiца:

1963 г.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги

Популярные книги автора